25 красавiка 2024, Чацвер, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым доктарам SGH пад гімн «Магутны Божа» (Відэа)

14
Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым доктарам SGH пад гімн «Магутны Божа» (Відэа)

Прэзідэнт Польшчы вітаў Станіслава Шушкевіча словамі «Жыве Беларусь!».

Урачыстая цырымонія прысуджэння дыплома ганаровага доктара Вышэйшай школы эканомікі першаму кіраўніку незалежнай Беларусі прайшла сёння ў Варшаве.

Прафесар Станіслаў Шушкевіч - доктар фізіка-матэматычных навук, з'яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых прац, 2 падручнікаў, 7 манаграфій, суаўтар 73 адкрыццяў, навуковы кіраўнік 33 дысертацый. У Беларусі Шушкевіч, які быў падпісантам пагаднення аб распадзе Савецкага Саюза, сышоў у апазіцыю да Лукашэнкі. Праз гэтага першы кіраўнік незалежнай Беларусі пазбаўлены пенсіі - улады адмовіліся яе індэксаваць, і сёння яна складае 30 цэнтаў (гэта самая маленькая пенсія ў свеце).

Вышэйшая школа эканомікі (SGH) - самы прэстыжны эканамічны ўніверсітэт Польшчы і вядучая бізнэс-ВНУ ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, на ўручэнні дыплома ганаровага доктара Станіславу Шушкевічу прысутнічалі кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Яцэк Міхайлоўскі, «бацька» польскіх рэформаў, віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў Польшчы ў 1989-1991 гадах Лешэк Бальцаровіч, былы міністр замежных спраў Польшчы, сустаршыня Польска-расейскай групы ў важных пытаннях Адам Ротфельд, былы міністр абароны Польшчы, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента ў 2004-2006 гадах Януш Анышкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў, а таксама рэктары і прафесары шмат якіх ВНУ Варшавы.

Урачыстую цырымонію адкрылі выкананнем гімна Польшчы «Марш Дамброўскага». У якасці неафіцыйнага гімна Беларусі была выкананая песня «Магутны Божа» Міколы Равенскага.

Пасланне прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Станіславу Шушкевіч зачытаў кіраўнік прэзідэнцкай канцылярыі Яцэк Міхайлоўскі:

«Шчыра віншуем спадара прафесара з атрыманнем годнасці ганаровага доктара Вышэйшай школы эканомікі ў Варшаве. Я з вялікім задавальненнем вітаю прысваенне гэтага тытула вялікаму навукоўцу, чалавеку, які значна паспрыяў падзенню савецкага рэжыму, дэмакратычным пераменам, руйнаванню сцен і будаўніцтву мастоў паміж народамі. Біяграфія спадара Шушкевіча можа служыць прыкладам, як фармаваліся грамадства Польшчы, Беларусі і Расеі. Станіслаў Шушкевіч паходзіць з сям'і, якая зазнала пераслед за любоў да роднай мовы і культуры. Місія вучонага стала для спадара Шушкевіча дарогай да грамадскага, а потым і палітычнага ўключэнню ў барацьбу за свабоду. Дзякуючы імкненню да незалежнасці Беларусі ён увайшоў у гісторыю як палітык, які разам з кіраўнікамі Расеі ды Украіны паклаў канец Савецкаму Саюзу.

Мы прызнаем яго заслугі ў будаўніцтве суверэнітэту Беларусі, асноў дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і рынкавай эканомікі. Гэтыя дасягненні не атрымаецца знішчыць. Незалежная Беларусь з'яўляецца неад'емнай часткай Еўропы. Мы ствараем таварыства каштоўнасцяў. Гэта сімвалічна, што сённяшняе ўрачыстасць супала са святам свабоды, якое святкавалі ўчора ў Польшчы. 25 гадоў таму, 4 чэрвеня 1989 года, палякі з дапамогай выбарчых бюлетэняў сказалі «Не!» камуністычнай дыктатуры. Я рады, што менавіта ў такую важную гадавіну для Польшчы, якая імкнецца аб'яднаць Еўропу і свабодны свет, спадар прафесар атрымлівае гэты тытул аднаго з вядучых універсітэтаў у нашай краіне. Яшчэ раз дзякую Вам і ўсім беларусам, якія імкнуцца да свабоды. Жыве Беларусь!», - гаворыцца ў звароце прэзідэнта Польшчы.

Павіншаваў Станіслава Шушкевіча таксама былы прэзідэнт Польшчы, легендарны лідар польскай «Салідарнасці» Лех Валенса:

«Гэта найвышэйшае і заслужанае прызнанне навуковай і палітычнай дзейнасці спадара прафесара. Сваё захапленне навукай і імкненне да адкрыцця таямніц свету, фізікі, матэматыкі і тэхнікі вы здолелі сумяшчаць з грамадскай дзейнасцю, будаўніцтвам новай еўрапейскай дзяржавы на руінах СССР. Вы з'яўляецеся навуковым і патрыятычным прыкладам. Годнасць ганаровага доктара польскага ўніверсітэта - гэта знак салідарнасці палякаў з вамі і ўсім беларускім народам. Прысуджэнне гэтай годнасці асабліва сімвалічна, бо праходзіць у 25-ю гадавіну падзей 1989 года, які адкрыў нам дарогу да свабоды і дэмакратыі. Пакліканне польскай салідарнасці, якая нарадзілася ў 1980 годзе і існавала ўсе 1980-я гады, урэшце прынесла плён у Польшчы, а таксама ў іншых краінах, якія змагаюцца з камунізмам.

Свабода адкрывалася перад чарговымі зняволенымі народамі. Гэта не было магчыма без адвагі і рашучасці выбітных людзей, сярод якіх Вы, спадар прафесар, занялі значнае месца. Знакам нязвыклай адвагі і доказам велізарнага палітычнага таленту было падпісанае пагадненне аб мірным распадзе Савецкага Саюза, які стаў пачаткам свабоды і дэмакратыі для многіх краін і народаў. Гэтую ўзнагароду свабоды вы ўзялі і для сваёй краіны.

Шлях да свабоды ўсё яшчэ доўжыцца. Сённяшняя ўзнагарода як жэст салідарнасці дапамагае гэтай надзеі не загаснуць, а вы выказваеце яе. У вас ёсць адданыя сябры, мэта якіх - будаўніцтва і развіццё польска-беларускай Салідарнасці. Да гэтага мы сёння далучаем гэты важны тытул, за што я выказваю падзяку ўладам і калектыву Вышэйшай эканамічнай школы. Са шчырымі віншаваннямі», - напісаў Лех Валенса.

Прымаючы ўзнагароду Станіслаў Шушкевіч адзначыў:

«Сёння тут для мяне асабіста адбыўся цуд над Віслай, таму што я быў уганараваны годнасці доктара ў самым важным эканамічнай ВНУ Польшчы.

У маёй Беларусі сёння пануе «луканоміка», абсурдная эканамічная палітыка Лукашэнкі, якога спансуе Расея. Хоць нашая краіна і з'яўляецца незалежнай, фактычна наш урад выконвае волю Крамля. Каб паказаць эфэктыўнасць «луканомікі», досыць успомніць, што ў 1992 годзе беларускі рубель каштаваў столькі ж, колькі расейскі. За ўвесь гэты час беларускі рубель патаннеў у дачыненні да расейскага ў 3000 разоў. Працягласць жыцця ў Беларусі з'яўляецца адной з самых нізкіх, і нарэшце, згодна СААЗ Беларусь займае першае месца ў свеце ў спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. Цяпер аб лібералізацыі беларускай эканомікі не можа быць і гаворкі. Дыктатар Лукашэнка вельмі добра разумее, што гэта будзе азначаць канец ягонага кіравання. У постсавецкі час эканамічныя паказчыкі Беларусі былі вышэйшыя, чым у Польшчы. Сёння мы ад вас неверагодна адстаем. Але я перакананы, што калі б гэта залежала ад беларусаў, нашая краіна ўжо даўно была б у Еўразвязе», - сказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Фота: charter97.org
Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках