19 красавiка 2024, Пятніца, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судзейскія чыноўнікі не ведаюць беларускай мовы

9
Судзейскія чыноўнікі не ведаюць беларускай мовы

Менскі адвакат распавёў пра абуральную неадукаванасць супрацоўнікаў Эканамічнага суда сталіцы.

Член Менскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Данілевіч падзяліўся з charter97.org выпадкам са сваёй практыкі:

«Я працую ў Менску і час ад часу падаю заявы ў суды на беларускай мове. Часам праблем няма, але часцей за ўсё яны ўзнікаюць. Як правіла, я афармляю дакументацыю па-беларуску, калі мае кліенты замежнікі, так як ім без розніцы», - адзначыў ён.

Юрыст падкрэсліў, што сёння здарылася якраз так, што Эканамічны суд Менска не змог разгледзець справу на беларускай мове, таму што сакратар яе не ведаў.

«Гэта проста ганьба, бо дзяржаўны служачы павінен валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі: беларускай і рускай. Нягледзячы на тое, што я рабіў усе працэсуальныя дакументы на беларускай мове, сакратар зрабіў іх на рускай, хоць згодна з законам справаводства павінна весціся на мове, на якой падаюцца дакументы. Я адзначыў, што гэта парушэнне, і фармальна з-за гэтага можна прызнаць незаконнай тую пастанову, якую сёння вынес суд. Але калі я пра гэта заявіў, суддзя сказала, маўляў, гэта адпавядае закону, але ў нас такая праблема, што наш сакратар не валодае роднай мовай і нічога з гэтым не зробіш.

У рэшце рэшт, каб не затрымліваць кліента з Украіны, я пагадзіўся чытаць дакументы на рускай мове. Для гэтага прыйшлося адразу перакладаць іх з беларускай мовы. І ўсё гэта толькі з-за таго, што сакратар, малады хлопец, не валодае ёй. Проста сорам і ганьба», - абурана падсумаваў Данілевіч.

Варта адзначыць, што гэта далёка не першы выпадак, калі беларускія чыноўнікі дэманструюць няведанне роднай мовы. Самы распаўсюджаны з іх - адказы «дэпутатаў» на пісьмовыя звароты беларускамоўных грамадзян пішуцца выключна на рускай мове.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках