25 красавiка 2024, Чацвер, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка: Будзем наступаць (Тэкст звароту)

85

Ва Украіне аднавілася антытэрарыстычная аперацыя.

Пытанне падаўжэння замірэння ці працягу АТА абмяркоўваўся ўночы з 30 чэрвеня на 1 ліпеня на нарадзе Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Пасля абмеркавання сітуацыі прэзідэнт Пётр Парашэнка як вярхоўны гетман прыняў пастанову не працягваць рэжым аднастаронняга спынення агню.

Гэтай пастановы ва Украіне і ў свеце чакалі некалькі гадзін. Нарада РНБА скончылася толькі па поўначы.

Пазафракцыйны дэпутат Алег Ляшко першым паведаміў, што пастанова прынятая:

Аднак пазней прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цаголка папрасіў СМІ не спяшацца:

Ля Адміністрацыі прэзідэнта, дзе праходзіла нарада, сталі збірацца людзі. Большасць патрабавала ад улад чынных захадаў.

А 00.40 паводле кіеўскага часу стала вядома, што антытэрарыстычная аперацыя працягваецца. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Прэзідэнта Ўкраіны Святаслаў Цаголка.

«Пастанова прэзідэнта - мы будзем наступаць. Мы будзем вызваляць нашу зямлю. Непрацяг рэжыму спынення агню - гэта наш адказ тэрарыстам».

Напярэдадні ўвечары ваеўнікі парушылі замірэнне, абстраляўшы сілы АТА пад Славянскам і Краматорскам.

Плата за спыненне агню ва Ўкраіне за час так званага замірэння - 108 нападаў сэпаратыстаў, 27 загінулых і 69 траўмаваных ва ўкраінскім войску.

ЗША ўжо заявілі пра імавернасць увядзення новых санкцый супраць Расеі.

Зварот Прэзідэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі

Паважаныя суайчыннікі!

А дваццаць другой гадзіне ў панядзелак 30 чэрвеня скончыўся тэрмін дзеяння аднастаронняга спынення агню.

У рамках плана мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе такі крок упершыню ініцыяваны 20 чэрвеня.

27 чэрвеня Украіна прадоўжыла яго яшчэ на тры дні.

На працягу дзесяці дзён мы прадэманстравалі Данбасу, Украіне, усяму свету сваю прыхільнасць мірнаму спосабу ўрэгулявання справакаванага звонку канфлікту.

Жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей мы прадэманстравалі добрую волю ўкраінскай улады.

Працавітыя і мірныя людзі, якімі з'яўляецца большасць данчукоў і луганцаў, адчулі нашу сімпатыю, любоў і павагу. Яны ўбачылі шчырую ахвоту Кіева лічыцца з іхнымі асобнымі думкамі і спецыфічнымі інтарэсамі. І яны зразумелі, што іхняя бяспека з'яўляецца нашым галоўным прыярытэтам.

Яшчэ мацнейшай стала міжнародная падтрымка Украіны. Менавіта падчас спынення агню я падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі і паглыбленай і ўсёабдымнай зоне вольнага гандлю з Еўрапейскім Звязам.

Аднак унікальны шанец для ажыццяўлення мірнага плана не зрэалізаваны. Гэта адбылося праз злачынныя дзеянні ваеўнікоў. Яны публічна абвясцілі сваё нежаданне падтрымліваць мірны план у цэлым і спыненне агню ў прыватнасці. Абуральна, больш за сто разоў, парушылі рэжым замірэння.

Палітычнае кіраўніцтва сэпаратыстаў прадэманстравала нежаданне і няздольнасць кантраляваць дзеянні сваіх тэрарыстычных падраздзяленняў і бандаў марадзёраў.

Скасаванне пастановы Рады Федэрацыі аб дазволе ўводзіць расейскія войскі ва Украіну мела станоўчае, але сімвалічнае значэнне. Мы так і не дачакаліся канкрэтных крокаў для дээскалацыі сітуацыі. У тым ліку і ў частцы ўмацавання кантролю над мяжой.

Нягледзячы на гэта, супакой быў, застаецца і будзе маёй мэтай. Мяняюцца толькі інструмэнты яго дасягнення.

30 чэрвеня ўвечары адбылося пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Пасля абмеркавання сітуацыі я як Вярхоўны Гетман прыняў пастанову не працягваць рэжым аднастаронняга спынення агню.

Абарона тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, бяспекі і жыцця цывільных грамадзян патрабуе не толькі абарончых, але і наступальных дзеянняў супраць тэрарыстаў-ваеўнікоў.

Узброеныя Сілы, Нацыянальная гвардыя, Дзяржаўная памежная служба, Служба бяспекі атрымалі адпаведныя загады.

У рэалізацыі пастаўленых сёння задач для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці яны больш не абмежаваныя рэжымам спынення агню.

Мы будзем наступаць, і будзем вызваляць нашу зямлю. Непрацяг рэжыму спынення агню - гэта наш адказ тэрарыстам, ваеўнікам, марадзёрам. Усім тым, хто здзекуецца з цывільнага насельніцтва. Хто паралізуе дзейнасць эканомікі рэгіёну. Хто зрывае выплаты заробкаў, пенсій, стыпендый. Хто падрывае чыгунку і разбурае водаправоды. Хто пазбавіў людзей нармальнага, спакойнага жыцця.

Узброеныя Сілы Украіны, Нацыянальная гвардыя, іншыя падраздзяленні ніколі не дазволяць сабе ўжываць гвалт супраць цывільных людзей. Яны ніколі не будуць біць па жылых кварталах.

Украінскія жаўнеры і гвардзейцы будуць рызыкаваць уласнымі жыццямі, каб толькі не ставіць пад пагрозу жанчын, дзяцей, паджылых мужчын. Усіх тых, хто жыве на зямлі Данбаса і не бярэ ў рукі незаконнай зброі.

Такая вечная рыцарская прырода ўкраінскага войска.

На нас - адказнасць і перажыванне за кожнае цывільнае жыццё, якое, крый Божа, можа абарвацца падчас вайсковай або антытэрарыстычнай аперацыі.

Гэта патрабуе ад нас надзвычайнай дакладнасці кожнага руху ў правядзенні аперацый.

Звяртаюся да кожнага жыхара Данецкай і Луганскай абласцей з просьбай з разуменнем паставіцца да маёй пастановы. Прашу стаць хаўруснікамі ў вяртанні бяспекі на Данбас.

Так, вы не можаце супрацьстаяць бандытам фізічнай моцай. Але вашы моц волі і моц духу, ваша грамадзянскае непадпарадкаванне так званым «народным рэспублікам», непамяркоўнасць і пагарда да тых, хто стаў на шлях бандытызму, марадзёрства і тэрору, наблізіць той дзень, калі ў вашы дамы, на вашы вуліцы вернецца трывалы супакой.

Усім, хто стаў на шлях збройнага супраціву законнай уладзе, але ўсвядоміў, што дапусціў памылку і хоча яе выправіць, я як Прэзідэнт гарантую непрыцягненне да крымінальнай адказнасці. Умова адна - добраахвотна скласці зброю.

Наш мірны план, як стратэгія для Украіны і Данбаса, застаецца ў дзеянні. І разбраенне. І дэцэнтралізацыя. І свабоднае выкарыстанне расейскай мовы. І аднаўленне страчанага жылля за кошт дзяржавы. І супольная з ЕЗ праграма стварэння новых працоўных месцаў. І нават да рэжыму спынення агню мы гатовыя вярнуцца ў кожны момант. Калі пабачым, што ўсе стораны пільнуюцца выканання асноўных пунктаў мірнага плана. Што ваеўнікі вызваляюць закладнікаў. Што і па той бок усходняй мяжы загарэлася чырвонае святло дыверсантам і пастаўнікам зброі, і за выкананнем рэжыму на мяжы назірае АБСЕ.

Дарагія суайчыннікі!

Дарога да міру сталася трохі складанейшай, чым хацелася. Не хачу ўпрыгожваць рэчаіснасць. Будзе нялёгка і няпроста.

Нам, як ніколі, варта згуртавацца для абароны Украіны. Гэта патрабуе самааддачы і дысцыпліны не толькі на перадавой лініі, але і ў тыле.

Але не было яшчэ ні адной вайны, пасля якой не надыходзіў бы супакой.

Так адбудзецца і цяпер.

Слава Украіне!

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках