25 красавiка 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія таксісты пратэстуюць супраць новых правілаў перавозак

50

Прафзвяз «Менскае таксі» выступіў супраць новых правілаў перавозак пасажыраў.

Пра гэта паведаміў «Ежедневнику» старшыня прафзвязу Дзяніс Новікаў.

10 ліпеня адбылося пасяджэнне рабочай групы з супрацоўнікаў Беларускага навукова-даследчага інстытута транспарту «Транстэхніка» і Міністэрства транспарту і камунікацый, на якім былі разгледжаныя прапанаваныя змены і дапаўненні ў «Закон аб перавозках пасажыраў аўтамабілямі таксі».

Яшчэ напярэдадні актывісты прафзвязу занепакоіліся, бо іх нават не запрасілі на абмеркаванне законапраекта, які непасрэдна закранае іх інтарэсы. На думку Дзяніса Новікава, гэта адбылося таму, што на мінулым абмеркаванні прысутныя таксісты-актывісты катэгарычна не пагадзіліся з прапанаванымі зменамі правілаў перавозак.

«Выслухаўшы нас аднойчы, прадстаўнікі дзяржаўных органаў проста не запрасілі на новае пасяджэнне. Мы аператыўна адрэагавалі, звярнуўшыся ў адміністрацыю прэзідэнта, Саўмін і Мінтранс, заявіўшы: удзел чальцоў прафзвязу ў абмеркаванні і прыняцці гэтых пастаноў патрэбны, каб выключыць лабіяванне інтарэсаў асобных гульцоў», - заявіў Дзяніс Новікаў.

Паводле ягоных слоў, прафзвяз занепакоены некалькімі значнымі зменамі, якія прапісаныя ў законапраекце.

Дакумент прапануе скасаваць ліцэнзаванне ў сферы перавозак таксі, замяніўшы картай допуску, якая будзе выдавацца на кожны транспартны сродак. Аднак дагэтуль не вызначана, якая ўстанова і як яго будзе выдаваць.

Вельмі балючая для большасці таксістаў і норма абмежавання тэрміну эксплуатацыі аўтамабіля. Яшчэ ў мінулым годзе яго планавалася ўстанавіць у 8 гадоў з дня выпуску. У працэсе абмеркавання гэты тэрмін падвысілі да 10 гадоў, але таксісты ўсё роўна ўважаюць патрабаванне за занадта жорсткае. Прычына – нястача грошай на новы аўтамабіль. Паводле ацэнкі экспэртаў, пры існых тарыфах на перавозку пасажыраў тэрмін яго акупнасці складзе 12-15 гадоў.

Паводле прапанаваных зменаў, перавознік абавязаны ўкласці з дыспетчарам таксі дамову аб выкананні паслуг для дыспетчарызацыі перавозак пасажыраў аўтамабілямі таксі. Працаваць «ад борта» без такой дамовы з дыспетчарам будзе немагчыма. Асобную дамову ўкладае і сам дыспетчар - з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Усе замовы строга фіксуюцца. Пры гэтым перавознік абавязаны будзе паведамляць дыспетчару не толькі аб замове, атрыманай нават «ад борта», але месца і час высадкi пасажыра. Мяркуецца, што гэтая інфармацыя будзе захоўвацца цягам паўгода.

Закон абавязвае дыспетчарскую службу сачыць за выкананнем правілаў гульні. У выпадку парушэнняў перавознікам патрабаванняў заканадаўства дамова з ім можа быць скасаваная ў аднабаковым парадку. Гэта ж тычыцца і дыспетчарскай станцыі.

Законапраект нават уводзіць забарону на выкарыстанне аўтамабіля таксі «для асабістых (бытавых, сямейных ды iншых) патрэб, не звязаных з выкананнем дзейнасці для выканання аўтамабільных перавозак пасажыраў». Мяркуецца, што, скончыўшы працоўны дзень, перавознік пакіне яго і пойдзе дадому пешшу.

«Прапанаваныя нормы не з'яўляюцца істотнымі і не вядуць да пазітыўных змен на рынку перавозак, - каментуе праект указа Новікаў. - Усе яны аддаляюць службу таксі ад еўрапейскай, мы вяртаемся да савецкіх часоў, калі было больш папер і справаздачнасці. Гэтыя змены парушаюць нават дырэктыву прэзідэнта аб развіцці і падтрымцы прадпрымальніцтва».

Неабходнасць званіць пасля кожнай выкананай замовы, на думку Новікава, загрузіць дыспетчараў бессэнсоўнай працай і наўрад ці спадабаецца кліентам, перамяшчэнне якіх могуць ўважліва адсочваць. «Ніхто не разумее, чаму гэта робіцца, - здзіўлены кіраўнік, - адрас, на якім кіруецца кліент - яго асабістая справа». Я ўжо не кажу, што патрэба паведаміць павялічыць час абслугоўвання - нагрузка на лінію пойдзе проста вар'яцкая».

Негатыўна ацэньвае Новікаў і забарону на выкарыстанне ўласнага аўтамабіля ў асабістых мэтах: «Мяркую, для захоўвання аўтамабіляў створаць нейкую агульную стаянку, на якой таксіста вымусяць пакідаць уласную маёмасць, якой забаронена карыстацца. Гэта недарэчна!»

Некалькі перавознікаў выказалі сумнеў у прыбытковасці працы ў новых умовах, не стаўшы выключаць, што развозіць пасажыраў нелегальна будзе менш клопатна і прынясе большы прыбытак. У размовах з прэсай таксісты па-ранейшаму скардзяцца на нястачу замоў і штомесячны прыбытак у 300-400 даляраў пасля выплаты ўсіх патрэбных аплат.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках