25 красавiка 2024, Чацвер, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Схема пабораў з кіроўцаў ад гомельскай ДАІ

32
Схема пабораў з кіроўцаў ад гомельскай ДАІ

Нашумелая гісторыя аб заробку менскіх ДАІшнікаў на аўтаўладальніках атрымала працяг.

Надоечы сайт charter97.org у артыкуле «Як яшчэ ДАІ зарабляе на менскіх кіроўцах» пісаў пра карупцыйную схему сталічных аўтаінспектараў. Сёння з такой жа гісторыяй у рэдакцыю нашага сайта звярнуўся гамяльчук Анатоль Булавецкі.

«Звярнуўся я надоечы ў ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама з просьбай замяніць сертыфікат праходжання тэхагляду. У акенцы прыёму дакументаў і выканання камп'ютэрных паслуг пасля праверкі маіх дакументаў сказалі, што мне трэба мяняць тэхпашпарт аўтамабіля, таму што ў гэтым не паказаная маса транспартнага сродку без нагрузкі. І я паверыў. У выніку мне запоўнілі бланк, у якім я прашу замяніць сертыфікат і тэхпашпарт, і прапанавалі за ўсё, уключаючы камп'ютэрныя паслугі, выконваць якія я не прасіў - выплаціць у касу 168 000 рублёў», - піша ён.

Чытач дадае, што адышоўшы ад акенца, у яго ўзніклі сумненні наконт замены тэхпашпарту, таму ён наважыў праверыць.

«Тэлефаную работнікам тэхагляду і тыя адказваюць, што адсутнасць у тэхпашпарце масы аўтамабіля без нагрузкі іх наогул не цікавіць і перашкодай да праходжання тэхагляду не з'яўляецца. Для іх абавязковым з'яўляецца ўказанне ў тэхпашпарце масы з поўнай нагрузкай. Вяртаюся да акенца, адмаўляюся ад замены тэхпашпарту і прашу замяніць толькі сертыфікат. Работніца крыўдзіцца, абураецца і выдае мне бланк, на якім я павінен папрасіць замяніць сертыфікат, і тлумачыць, што гэта будзе мне каштаваць 7 тысяч, гэта значыць 161 000 эканоміі.

Запаўняю бланк ужо сам без навязвання паслугі, пасля запаўнення падаю ўсе патрэбныя дакументы ў акенца прыёму дакументаў. Пасля іх праверкі, работнік які знаходзіцца там, выкідвае дакументы мне назад і са з'едлівай усмешкай абвяшчае, што я павінен замяніць тэхпашпарт з прычыне адсутнасці ў ім інфармацыі пра тып кузава. На маю спробу растлумачыць, што не я гэты тэхпашпарт выпісваў, а яго мне выпісалі і аформілі менавіта ў гэтым акенцы ў 2002 годзе, работніца адказвае, што яна нічога не ведае і прыме дакументы на замену сертыфіката толькі разам з заявай на замену тэхпашпарту і з адпаведнай аплатай», - прадаўжае Анатоль.

Са слоў чытача, праз хвіліну, акрыяўшы ад шоку, ён звярнуўся да начальніка рэгістрацыйнага аддзела з пытаннем «якім нарматыўна-прававым актам грамадзянін Беларусі абавязваецца мяняць выдадзены ў 2002 годзе тэхпашпарт?».

«Начальнік адказаў, што ніякім. Тады я спытаў, чаму мяне яго падначаленыя прымушаюць гэта рабіць. Той адказаў: «Не ведаю. Вяртайцеся ў акенца, скажыце, спаслаўшыся на размову са мной, што ён не мае рацыю і хай прымае дакументы». Я так і зрабіў. Але, не паверыце, работніца паслала «далей» мяне і свайго начальніка і зноў адправіла мяне афармляць дакументы на замену тэхпашпарту. Давялося зноў ісці да начальніка і распавесці аб апошняй размове. Рэакцыя начальніка была нечаканай - ён узяў мае дакументы, усё сам аформіў і прапанаваў ісці атрымаць новы сертыфікат.

Мая выснова не прэтэндуе на праўду ў апошняй інстанцыі, але яна такая: работнікам ДАІ дадзены загад - спасылаючыся на ўсялякія зачэпкі, навязваць выкананне паслуг. Таму работнік у акне прыёму дакументаў сябе так паводзіў. Бо ён выконваў загад начальніка і нікога не баяўся. І начальнік так зрабіў, бо падначалены, мабыць, выконваў ягоны загад, і лаяць ці караць яго ў начальніка проста не было маральнага права», - падсумаваў Анатоль.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках