23 красавiка 2024, aўторак, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр Снапкоў прыкупіў апартаменты за $500 тысяч

72

Міністру эканомікі належыць элітная кватэра плошчай 134 м2.

«Наша Нiва» ўжо распавядала аб элітным жыллі ў Драздах на вуліцы Піянерскай.

Чатыры шматкватэрных дамы былі пабудаваныя ў канцы 2000-х, забудоўшчыкам быў «Трэст Прамбуд». Элітныя кватэры прадаваліся па камерцыйнаму кошту, таму іх уладальнікамі станавіліся, перш за ўсё, бізнэсоўцы.

Увагу журналістаў прыцягнулі дзве кватэры. Як паведамлялася раней, у кастрычніку 2010 года спікер «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Андрэйчанка загадкавым чынам прыватызаваў трохпакаёвую кватэру плошчай 114 м2 па адрасе Піянерская, 7.

Аднак сярод уладальнікаў ёсць яшчэ адзін высокі чыноўнік. Адна з самых прасторных кватэр у доме - чатырохпакаёвыя апартаменты плошчай 134 м2 - належыць міністру эканомікі Мікалаю Снапкову.

Сітуацыя з яго жыллём не менш заблытаная, чым у гісторыі Уладзіміра Андрэйчанкі.

У дамах па вул. Піянерскай утульныя двары. На фота: від з акна ў пад'ездзе Мікалая Снапкова.

У студзені 2009 года Снапкоў, у той час 40-гадовы намеснік старшыні аблвыканкама Магілёўскай вобласці, пераязджае ў Менск. Яго запрасілі працаваць намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Дарэчы, згодна з указам «Аб стварэнні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду», гэта не тая пасада, на якой ён тут жа павінен быў атрымаць службовую кватэру.

Снапкова прапісалі на тэрыторыі рэзідэнцыі прэзідэнта ў «Драздах», і ён прыступіў да вырашэння свайго жыллёвага пытання. Ужо праз паўгода працы Снапкоў набыў чатыры пакоі ў доме на вуліцы Піянерскай, 7.

Паводле выпісу з Адзінага дзяржаўнага рэестра нерухомасці, у ліпені 2009 года чыноўнік набыў элітнае жыллё ў іпатэку.

У гэтым не было б нічога дзіўнага: гаспадары дзясяткаў дарагіх кватэр у Менску куплялі нерухомасць, звяртаючыся ў банк за валютным крэдытам. Пакуль яны цалкам не вернуць грошы, праваўладальнікам кватэры лічыцца банк.

Але ў Снапкова сітуацыя зусім іншая. Па-першае, іпатэку ён афармляў не ў банку, а ў ЖРЭА. Як пазначана ў дакументах, праваўладальнікам яго апартаментаў пакуль што з'яўляецца ЖРЭА Цэнтральнага раёна Менска. Па-другое, продаж кватэры быў аформлены з растэрміноўкай на пяць гадоў.

Умовы растэрміноўкі невядомыя, але звычайна «растэрміноўка» ва ўмовах беларускай інфляцыі - гэта атракцыён нябачанай шчодрасці.

Кошт іпатэкі склаў 320 млн рублёў. У пачатку выплат, у ліпені 2009 года, курс быў каля 3.000 рублёў. А цяпер ён ужо 10.200. Адчуваеце розніцу?

Ужо ў гэтым месяцы міністр эканомікі Снапкоў разлічыцца з ЖРЭА і стане паўнавартасным гаспадаром сваіх апартаментаў.

Мікалай Снапкоў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Магілёве. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1991), Акадэмію кіравання (2001). У 1990-1994 гадах працаваў эканамістам, старшым эканамістам, бухгалтарам у сельгаспрадпрыемствах Магілёўскай і Гарадзенскай абласцей. У 1994-1996 гадах - эканаміст, галоўны эканаміст, намеснік кіраўніка ў Дрыбінскім аддзяленні «Белаграпрамбанку», у 1996-2000 гадах - намеснік старшыні Горацкага райвыканкама. У 2000-2009 гадах - начальнік фінансавага кіравання, а потым намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. У 2009 годзе - намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, са снежня 2009 года - міністр эканомікі.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках