25 красавiка 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Янукевіч: Пуцін абміне заходнія санкцыі з дапамогай Беларусі

9
Аляксей Янукевіч: Пуцін абміне заходнія санкцыі з дапамогай Беларусі

Афіцыйны Менск паспрабуе атрымаць выгаду ад санкцый Захаду супраць Расеі.

Такую заяву зрабіў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе партыі.

16 ліпеня ўрад Злучаных Штатаў ўвёў у дзеянне новы пакет эканамічных санкцый супраць Расейскай Федэрацыі. Пад сектаральныя абмежавальныя меры трапілі не толькі шэраг расейскіх чыноўнікаў, але і найбуйнейшыя фінансавыя, энэргетычныя, машынабудаўнічыя і абаронныя прадпрыемствы: «Газпромбанк», «Роснефть», «Внешэкономбанк», вайсковы канцэрн «Калашніков», «Уралвагонозавод», «Новатэк» ды іншыя. Бліжэйшым часам будзе агучаная пастанова аб аналагічных санкцыях з боку Еўропы. Таксама чакаецца спыненне ўсіх фінансавых праектаў у Расеі, закрыццё крэдытных ліній, забарона інвеставання ў расейскую эканоміку і адкліканне ранейшых інвестыцый.

Аляксей Янукевіч у інтэрв'ю партыйнай прэс-службе даў наступную ацэнку гэтага кроку заходніх дзяржаў:

«Перш за ўсё, Партыя БНФ адназначна вітае новыя, больш сур'ёзныя, санкцыі супраць Расеі як агрэсара, які акупаваў частка тэрыторыі незалежнай Украіны і надае наўпроставую вайсковую падтрымку зброяй, цяжкай бронетэхнікай і жывой сілай сепаратыстам у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.

Санкцыі накіраваныя на самыя адчувальныя кропкі пуцінскага рэжыму - энэргетыку, абаронную прамысловасць, фінансавы сектар. Відавочна, расейскую эканоміку цяпер чакаюць цяжкія часы».

Таксама палітык распавёў пра сваё бачанне ўдзелу Беларусі ў канфлікце: «Пры такіх умовах улады Беларусі хутчэй за ўсё будуць працягваць палітыку лавіявання, спрабуючы здабыць як палітычныя, так і эканамічныя выгады з гэтай сітуацыі.

Я не выключаю, што афіцыйны Менск паспрабуе атрымаць выгаду ад санкцый Захаду супраць Расеі, заняўшы нішу своеасаблівага афшора, праз які расейскі вайскова-прамысловы, паліўна-энэргетычны і фінансавы сектары маглі б весці стасункі з астатнім светам у абыход санкцый. Разам з тым, для паўнавартаснага выканання гэтай ролі беларускім уладам трэба дасягнуць пэўнага паляпшэння стасункаў з Захадам - невялікія, але прыкметныя крокі ў гэтым кірунку мы бачым апошнія месяцы. Я прагназую, што менавіта гэтая лінія паводзінаў будзе працягвацца бліжэйшым часам.

Пры гэтым афіцыйны Менск будзе ў меншай ступені гатовы надаваць галосную падтрымку дзеянням Расеі, паколькі пры паўнавартасных санкцыях супраць яе павялічваецца імавернасць прымянення санкцый і супраць яе бліжэйшага вайсковага і палітычнага хаўрусніка».

Янукевіч мяркуе, што гэтыя санкцыі будуць мець станоўчы эфект для Беларусі: «Увядзенне санкцый супраць РФ у доўгатэрміновай перспектыве можа мець станоўчы эфект для нашай краіны, бо праз эканамічныя праблемы Расеі пад сумнеў можа быць пастаўлены шкодны і небяспечны для Беларусі праект Еўразійскай Саюза. У Расеі папросту можа не выстарчыць эканамічных рычагоў, каб заахвоціць або прымусіць афіцыйны Менск і Астану да паўнавартаснай рэалізацыі гэтага авантурнага геапалітычнага праекта.

Я спадзяюся, што поўнамаштабныя салідарныя санкцыі з боку ЗША і Еўропы прымусяць кіраўніцтва Расеі адмовіцца ад захопу ўкраінскіх тэрыторый і ўмяшання ва ўнутраныя справы Украіны. Я таксама спадзяюся, што гэтая сітуацыя яскрава прадэманструе ўсяму беларускаму грамадству хібнасць і надзвычайную небяспеку аднабаковай геапалітычнай і эканамічнай арыентацыі на Усход».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках