20 красавiка 2024, Субота, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікаў-штрэйкбрэхераў здаюць падаткавікам

44
Прадпрымальнікаў-штрэйкбрэхераў здаюць падаткавікам

Удзельнікаў страйку прадпрымальнікаў заклікаюць да ўсеагульнай салідарнасці.

Прадпрымальнікі кінулі працу, але ці надоўга - сказаць не могуць. Пакуль яны чакаюць адказу на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі, адпраўлены ў ягоную адміністрацыю яшчэ 6 чэрвеня, пасля папераджальнага спынення працы. Учора яны накіравалі туды ж новы ліст - з просьбай як мага хутчэй развязаць праблемы, якія замінаюць прадпрымальніцкай дзейнасці.

Страйкі, нагадаем, учора прайшлі ва ўсёй Беларусі.

Аб сваім намеры спыніць працу з 1 ліпеня віцебскія прадпрымальнікі заяўлялі яшчэ 25 дзён таму, 5 чэрвеня. Блізу 60% гандляроў не выйшлі на працу, спрабуючы прыцягнуць увагу да сваіх праблем.

Учора спыніла працу значна большая колькасць людзей: тыя кірмашы, дзе прадпрымальнікі ініцыявалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі і папераджальны страйк, не працавалі зусім.

На Полацкім рынку, напрыклад, наважылася прадоўжыць працу ўсяго адная жанчына. Калегі, убачыўшы гэта, патэлефанавалі ў падатковую інспекцыю. Гэтая структура патрабуе перападлік рэшткаў тавару, прывезеных яшчэ да ўвядзення ў дзеянне ўказу аб абавязковай сертыфікацыі. Прыехала праверка, знайшла парушэнні - чаго і варта было чакаць, распавядае «Радыё Свабода» ІП Ларыса:

«У нас ніхто не працаваў, адная жанчына выйшла, і мы патэлефанавалі ў падатковую. У яе нічога не было аформлена, але яна казала, што нічога не баіцца. Ну, на табе праверку! Пачалі ўсё пералічваць, забралі тавар на двух мікрааўтобусах, аж да канфіскацыі! Але самае цікавае: падатковая прыехала, але не ведае, што з намі рабіць. Ніхто не ведае, што з намі рабіць».

У знак пратэсту на замкнутых ралетах учора віселі аб'явы «Адпачынак з 1 да 31 ліпеня». Або «перападлік». Проста пра прычыну, якая прымусіла іх спыніць працу, прадпрымальнікі не пішуць. Але віцебская міліцыя гатовая да таго, што будуць нейкія пратэстныя хваляванні: каля кожнага рынку дзяжурыць аўтамабіль з амапаўцамі.

Ірына Яскевіч, каардынатарка аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам», мяркуе, што прадпрымальнікам варта не выходзіць на працу дзён 10, а за гэты час павінен прыйсці адказ з адміністрацыі Лукашэнкі.

У лісце да яго было тры пытанні: аб астатках тавару - гэтае пытанне ўжо развязанае. Яшчэ - аб прызнанні сертыфікатаў дзяржаў Мытнага саюза, калі тавар завозіцца адтуль, і аб падатках, якія сталі непад'ёмным цяжарам для прадпрымальнікаў.

Адказу дагэтуль няма, і таму прадпрымальнікі сабралі подпісы пад яшчэ адным калектыўным зваротам - каб іх пытанні як мага хутчэй былі разгледжаныя на вышэйшым узроўні і каб адказ даслалі тэрмінова.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках