29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады 12 гадоў адмаўляюцца прызнаць генерала Захаранку памерлым

12
Улады 12 гадоў адмаўляюцца прызнаць генерала Захаранку памерлым

Суд адмаўляецца пачынаць цывільны працэс аб прызнанні выкрадзенага генерала памерлым.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Воўчак.

«Учора я паслаў заяву дачкі Юрыя Захаранкі Алены ў суд Кастрычніцкага раёна Менска. Вось ужо 12 гадоў суд зацягвае працэс прызнання генерала Захаранкі памерлым. Ніякай інфармацыі нам не паведамляюць, цывільны працэс аб прызнанні яго памерлым дагэтуль не пачаты, хоць паводле закону ўлады павінны былі зрабіць гэта яшчэ 12 гадоў таму - у 2002 годзе. На 5 чэрвеня было прызначанае слуханне ў гэтай справе, але потым усё імкліва памянялася. Пры гэтым заяўнікаў не ставілі ў вядомасць. У сувязі з гэтым Алена Захаранка і звярнулася з заявай, каб усё высветліць», - распавёў юрыст.

Праваабаронца дадаў, што ён таксама атрымаў адмову са Следчага камітэта аб прадаўжэнні тэрміну папярэдняга расследавання аб знікненні Юрыя Захаранкі да 24 верасня 2014 года.

«Гэта апошні тэрмін падаўжэння, бо паводле дзейнага заканадаўства ўлады будуць вымушаныя закрыць справу праз тэрмін пазоўнай даўнасці. Таксама больш за месяц генеральная пракуратура не дае нам адказу, чаму не хоча прызнаць маці генерала пацярпелай у справе, бо закон не забараняе гэтага», - адзначыў Алег Воўчак.

Нагадаем, генерал Юры Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года. Паводле афіцыйнай версіі, гэта здарылася ўвечары ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Менску, калі ён быў выкрадзены з ужываннем гвалту «неўстаноўленымі асобамі» і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Паводле факту знікнення экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была распачатая толькі 17 верасня 1999 года паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 101 Крымінальнага кодэкса. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках