25 красавiка 2024, Чацвер, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Літвы: Вызваленне Бяляцкага - важны крок, але гэтага недастаткова

1
Кіраўнік МЗС Літвы: Вызваленне Бяляцкага - важны крок, але гэтага недастаткова

Лінас Лінкявічус уздымаў тэму палітвязняў на сустрэчах з Макеем і Мясніковічам.

"Вызваленне Алеся Бяляцкага - гэта важны станоўчы крок, які мы вітаем. Але гэтага, вядома, недастаткова", - заявіў міністр замежных спраў Літвы ў інтэрв'ю БелаПАН аб выніках свайго двухдзённага рабочага візіту ў Беларусь. Лінас Лінкявічус падкрэсліў, што галоўнай мэтай ягонага візіту была магчымасць абмеркаваць беларуска-літоўскія стасункі і "той дыялог, які вядзецца паміж Беларуссю і Еўразвязам".

"Не з'яўляецца вялікім сакрэтам, што ў бакоў ёсць розніца ў ацэнках і поглядах на многія рэчы. Існуюць такія праблемы, якія доўгі час не развязваюцца. Але ўсё ж ёсць некаторыя пазітыўныя, скажам, моманты з нашага пункту гледжання. Усё яшчэ не развязанае пытанне палітвязняў, якое мы заўсёды ўздымаем, але вызваленне Алеся Бяляцкага мы разглядаем, як крокам у пазітыўны бок".

Як паведаміў Лінкявічус, пытанне аб вызваленні беларускіх палітвязняў уздымалася на ягоных сустрэчах з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

"Трэба яшчэ некалькі крокаў зрабіць, каб зняць важную перашкода (наяўнасць палітзняволеных), які перашкаджае дыялогу і таму, каб мы маглі выкарыстоўваць нашыя стасункі для дабра, для эканамічных, культурных і іншых сувязяў", - сказаў літоўскі міністр.

Гаворачы аб іншых пазітыўных момантах у дачыненнях з Беларуссю, Лінкявічус адзначыў: заходнія партнёры высока цэняць той факт, што "ёсць паслядоўная пазіцыя Беларусі з нагоды анэксіі Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Крыма".

"Мы таксама адчуваем, што ёсць пазітыўны погляд на праграму "Усходняе партнёрства", - дадаў кіраўнік МЗС Літвы. - Вядуцца перамовы для спрашчэння візавага рэжыму, што прывядзе да зніжэння кошту віз. На сустрэчах я яшчэ раз згадаў пра наш настроі з нагоды спрашчэння візавага рэжыму на памежных тэрыторыях [пагадненне аб малым памежным руху]".

"Думаю, што ўсе гэтыя пытанні мы зможам прасунуць наперад шляхам дыялогу. Мае сустрэчы і з вашым прэм'ер-міністрам, і з маім калегам - міністрам замежных спраў прайшлі вельмі шчыра. Мы не абышлі ніякія пытанні з тых, што нас хвалююць, нічога не пакінулі ў баку, усё спрабавалі абмеркаваць", - сказаў Лінкявічус.

Паводле ягоных слоў, трэба "шукаць такія агульныя падыходы, дзе можна ўсе пытанні разгледзець супольна" - і ў кантэксце дыялогу Беларусі з ЕЗ, і ў кантэксце двухбаковых стасункаў з Літвой.

Кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага міністэрства таксама адзначыў, што ў рамках візіту ў Менск сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і сваякамі палітвязняў. "Мы стала з імі сустракаемся, мы размаўляем пра тое, якія ў іх патрэбы, якія праблемы. Гэтая сустрэча была вельмі шчырая, як і заўсёды. Гэтыя кантакты вельмі каштоўныя, і мы будзем іх падтрымліваць і надалей", - падкрэсліў Лінас Лінкявічус.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках