20 красавiка 2024, Субота, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь засакрэціла звесткі пра экспарт калію

11
Беларусь засакрэціла звесткі пра экспарт калію

Белстат падвёў вынікі замежнага гандлю краіны ў студзені-траўні 2014 года.

Зноў адсутнічаюць звесткі пра экспарт беларускага калію ў асобныя краіны, піша «Завтра твоей страны».

Скандальны распад калійнага картэлі «Беларуськалія» і «Уралкалія» ў мінулым годзе прычыніўся да імклівага зніжэння коштаў на рынках і падзення даходаў ад экспарту беларускага калію. Ён скараціўся ў грашовым эквіваленце на 22,5%. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, на 40% упалі даходы «Беларуськалія» ў Бразіліі, на 36,4% - у Індыі, на 24,9% - у Нарвэгіі, на 18,2 - у Польшчы. Скараціліся прыбыткі «Уралкалія» і ўсіх іншых сусветных вытворцаў угнаенняў. Гэта прычынілася да ўзмацнення жорсткасці канкурэнтнай барацьбы.

З гэтага года ў штомесячных статыстычных зборніках экспарту калійных угнаенняў публікуецца інфармацыя толькі аб тым, колькі ўсяго было адгружана прадукцыі і колькі - у краіны па-за СНД. Так, паводле вынікаў студзеня-траўня 2014 года экспарт калійных угнаенняў склаў 1,1 млрд. даляраў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 9,5%. Практычна ўся прадукцыя была адпраўлена ў краіны па-за СНД.

Паводле вынікаў студзеня-траўня сярэдні кошт калію ў гэты перыяд склаў 276,33 даляра за тону. У мінулым годзе сярэдні кошт паводле вынікаў студзеня-траўня быў прыкметна вышэйшы - 384,05 даляра за тону. Раней разлічыць сярэдні кошт, зыходзячы з аб'ёму экспарту і яго кошту, можна было для кожнай краіны. Гэта акалічнасць, мяркуючы з усяго, прымусіла засакрэціць інфармацыю ў разрэзе рынкаў.

Адзначым, што меры асцярожнасці прынятыя Белстатам толькі ў дачыненні да калійных угнаенняў. Інфармацыя аб краінах-пакупніках азотных і мяшаных угнаеннях пакуль знаходзіцца ў вольным доступе.

Беларускія ўстановы не ўпершыню звяртаюцца да абмежавання публікацыі інфармацыі. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, якое на падставе беларускага заканадаўства з 2006 года рэгулярна публікуе вынікі дзейнасці беларускіх ААТ, не ўключыла ў спіс ААТ "Белтрансгаз". Акцыянаванне беларускага прадпрыемства праводзілася ў рамках перадпродажнай падрыхтоўкі расейскаму «Газпрому» і, мяркуючы з усяго, улады разважылі немэтазгодным знаёміць з фінансавымі паказнікамі шырокую грамадскасць.

Дарэчы, фінансавыя паказнікі ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», у якое ператвораны «Белтрансгаз», па-ранейшаму не ўключаюцца ў штоквартальныя справаздачы Мінфіна аб дзейнасці беларускіх адкрытых акцыянерных таварыстваў.

У сваю чаргу, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў запэўнівае, што ніякай сакрэтнасці ў гэтай справаздачы Белстата няма.

«Рэч у тым, што месячная справаздачнасць, напрыклад, студзень-травень, наогул не ўтрымлівае звестак аб краінах. Могуць быць расшыфроўкі толькі аб дзяржавах ЕўрАзЭС і асноўных партнёрах. А вось ужо даведнікі аб замежным гандлі і мытнай статыстыцы даюць разгорнутую справаздачу аб усіх краінах», - растлумачыў ён у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках