29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Нельга дапусціць «азербайджанізацыі» сітуацыі ў Беларусі

13
Алесь Бяляцкі: Нельга дапусціць «азербайджанізацыі» сітуацыі ў Беларусі

Працэс паляпшэння стасункаў Менска з Брусэлем будзе ісці без структурных рэформаў у Беларусі.

Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі, які ў пачатку ліпеня наведаў шэраг краін ЕЗ і сустрэўся з прадстаўнікамі еўраструктур.

"Але мы павінны падымаць гэтае пытанне і спрабаваць удзельнічаць у гэтым працэсе, - перакананы праваабаронца. - Гэты працэс, безумоўна, складанейшы, чым чорна-белая сітуацыя, калі ўсё замарожана і нічога не рухаецца. Сітуацыя такой адлігі ставіць значна больш пытанняў перад актывістамі беларускага грамадзянскай супольнасці. І мы павінны адказваць на гэтыя пытанні, мы павінны рухацца. Мы не павінны сядзець, склаўшы рукі, і чакаць".

Са слоў Бяляцкага, нельга дапусціць "азербайджанізацыі сітуацыі ў Беларусі", калі кантакты з Еўропай наладжваюцца, а сітуацыя ў краіне застаецца дрэннай. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Азербаджан цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы. "Краіна, у якой поўна палітвязняў, у якой парушаюцца правы чалавека, старшынюе ў еўрапейскай структуры, створанай непасрэднай для абароны правоў чалавека і наладжвання атмасферы бяспекі, супрацоўніцтва, падвышэння ўзроўню жыцця. Не можа тут быць падвойных стандартаў", - падкрэсліў Бяляцкі.

Ён мяркуе, што афіцыйны Менск хацеў бы палепшыць стасункі з ЕЗ, у першую чаргу эканамічныя, без зменаў палітычнай сітуацыі ў краіне. "Гэтага нельга дапусціць. Дапамога ці нейкія кантакты ЕЗ з Беларуссю павінны быць вельмі шчыльна звязаныя з паляпшэннем грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і вызваленнем палітвязняў", - упэўнены Бяляцкі.

Сёння, са слоў праваабаронцы, у ЕЗ лепш разумеюць сітуацыю ў Беларусі і ставяцца да яе больш сур'ёзна, чым дзесяць гадоў таму. "Тады ў Еўропе мала хто ведаў пра Беларусь, і кожны раз даводзілася праводзіць лікбез, распавядаць элементарныя рэчы. Цяпер у гэтым ужо няма патрэбы. Шмат палітыкаў і чыноўнікаў у Еўропе, якія разумеюць, што адбываецца ў нашай Беларусі і валодаюць дадаткова вялікім аб'ёмам інфармацыі", - сказаў праваабаронца.

Бяляцкі мяркуе, што пацяпленне стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ у 2008 годзе пайшло краіне на карысць: "Калі ўзгадаць той час, то актывізацыя гэтых кантактаў істотна палепшыла сітуацыю ў беларускім грамадстве. Узровень страху быў досыць нізкім, праводзілася вельмі шмат грамадскіх і палітычных акцый, грамадска-палітычнае жыццё было, скажам так, не на такім нізкім узроўні, на якім яно знаходзіцца цяпер".

Сітуацыю пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года - жорсткага разгону акцыі пратэсту ў Менску і наступных рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў - Бяляцкі назваў "катастрофай" і "шокам", ад якога беларускае грамадства не можа адысці дагэтуль. Гэтая тупіковая сітуацыя, на ягоную думку, прычыняецца да "стагнацыі ў грамадстве", з якой няма выйсця без паляпшэння стасункаў Беларусі з ЕЗ і атмасферы ўнутры самой краіны.

Беларусам не варта спадзявацца на тое, што хтосьці развяжа за іх існыя ў краіне праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй, перакананы праваабаронца. "Гучыць банальна, але гэта сапраўды так: беларусы самі павінны дамагацца нейкіх зменаў у грамадстве. У нас будзе пэўная маральная падтрымка з боку цывілізаваных і больш развітых у плане дэмакратыі краін, але пірог або суп за нас ніхто не прыгатуе", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках