18 красавiка 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Пухоўскі: «Рэальную стабільнасць я бачу ў Вугоршчыне, а не ў Беларусі»

10
Барыс Пухоўскі: «Рэальную стабільнасць я бачу ў Вугоршчыне, а не ў Беларусі»

27-гадовы гулец Барыс Пухоўскі які год застаецца адным з самых яскравых беларускіх гандбалістаў.

Мінулы сезон быў для ўраджэнца Маларыты першым у статусе легіянера - ён абараняў колеры вугорскага «Чурго». Спартовец адказаў на пытанні «Прессбола».

- Давай згадаем абставіны, у якіх ты паціснуў за мяжу.

- Усе грунтоўна закруцілася ў пару непаладак, якія ўзніклі ў маіх стасунках з менскім "Дынамам". Да маёй асобы з боку "Чурго" ўжо была пэўная цікавасць. Аднак спачатку гэтую прапанова сур'ёзна не разглядаў. Хацелася чагосьці больш аўтарытэтнага.

Зрэшты, мой мэнэджэр пераконваў, што на пэўным этапе "Чурго" - ці не ідэальны варыянт. Моцная ліга, амаль гарантаваная гульнявая практыка. Гэта была праўда. Так, я трапіў у каманду не з сусветным імем. Затое рэгулярна і шмат гуляў на працягу практычна ўсяго сэзону. Ані не шкадую аб зробленым выбары.

А пасля сыходу з "Дынама" спачатку вярнуўся ў СКА, шмат што пераасэнсаваў, рэальна ўсвядоміў, як і ў якім кірунку трэба працаваць, каб прагрэсаваць. Увесь гэты час у Вугоршчыне мяне чакалі. Напачатку сутыкнуўся там з шэрагам неўнікнёных праблем. Але прынялі добра і дапамагалі ў развязанні ўсіх надзённых пытанняў - як спартовых, так і за межамі пляцоўкі. Увогуле, адэкватныя людзі, нармалёвае стаўленне. Заставалася паказаць сябе. Думаю, збольшага здолеў.

Галоўнае - не было сумна. Новы чэмпіянат, іншы стыль, іншыя гульнявыя прынцыпы і экспрэсія. Мяркую, такі пералом трэба перажыць кожнаму, хто хоча ўважацца за паўнавартаснага, удалага спартоўца.

- Чым з’яўляецца "Чурго" ў частцы інфраструктуры, памкненняў?

- Беларускія каманды, за выняткам хіба што БГК, пазайздросцілі б. Клуб базуецца нават не ў мястэчку - больш у вёсцы, якая даслоўна жыве гандболам. У плане камфорту ў зале, арганізацыі матчаў, мэнэджмэнту - усё на высокім узроўні. І гэта прадыктавана не столькі выхадам каманды на міжнародную арэну, колькі шчырай любоўю да гульні. Таму ўсё спорыцца, ёсць аддача. І перспектывы росту.

- У сяродак завадатараў ты ўваходзіў нязменна?

- Не люблю меркаваць пра сябе, ды яшчэ ў хвалебных тонах. Самы важны крытэр - меркаванне з боку, асабліва прафесійнае і падмацаванае фактамі. Калі ўжо ты спытаў, падам дэталь. У "Чурго" асобнага прэміявання вартыя тыя, хто трапляе ў выніку сэзону ў камандны "топ-тры". Гэты спіс фармуецца і публічна агучваецца двойчы на год. Трэнерскі штаб складае графікі, старанна адлюстроўваюць карысныя дзеянні гульцоў у абароне і нападзе. Дык вось, я абодва разы апынаўся ў топ-тройцы.

- Акурат у Чурго ёсць чым заняцца вольнай часінай?

- Амаль кожныя выходныя на самаходзе з жонкай і дзіцем аб'язджаем наваколлі. Сын забаўляецца ў гульнявых пакоях, жонка аддае перавагу соўганню па крамах. Але наогул мэта такіх шпацыраў не куплі - асартымэнт і якасць тавараў і ў Чурго задавальняе. Шукаем забаў, каб расфарбаваць будні.

- Тваім сямейніка падабаецца мадзярскі лад?

- Яны імкнуцца да яго прыстасавацца. У прынцыпе, усім задаволеныя. Хіба што перашкаджае моўны бар'ер - вугорская гаворка дзіўная, складаная, не падобная ні да адной еўрапейскай. Але ў клубе ўваходзяць у наша становішча - выдалі перакладчыцу. Плюс шмат хто валодае ангельскай. Так што збольшага кантакт знаходзім.

- Памятаецца, некалькі гадоў таму Вугоршчыну захліснула хваля беспрацоўя, люд мітынгаваў на вуліцах...

- Лакальныя нягоды і ўсплёскі незадаволенасці адбываюцца ўсюды. Але не ўсюды яны перарастаюць у глабальныя ўзрушэнні.

Маё меркаванне - працую ў паспяховай дзяржаве. Для прыкладу возьмем хоць бы інфляцыю. Вугоршчына - чалец Еўразвязу. Але захоўвае сваю валюту. Дык вось за час майго знаходжання там курс еўра да форынта ўзняўся на нейкі мізэр, умоўна грошы на тры. У Вугоршчыне нават такой дробнай манеты няма. Гэта кажа само за сябе, асабліва калі параўноўваць з беларускай рэчаіснасцю.

А стасунак "кошт - якасць" у дачыненні да прадуктаў, адзення? Неяк жонка і цешча куплялі мяса. І былі прыемна здзіўлены яго нізкім коштам пры бездакорных вонкавым выглядзе і смаку.

Дарэчы, кухня - яшчэ адзін аб’ект гонару вугорцаў. Ёсць і традыцыйныя еўрапейскія стравы, і адмысловыя нацыянальныя. А галоўнае - куды б ты ні зайшоў, у даражэзную рэстарацыю або маленькую забягайлаўку, цябе ласкава сустрэнуць, накормяць багата і смачна. Прычым за невялікую плату.

Карацей, краіна цікавая, гасцінная і для нармальнага жыцця вельмі нават прыдатная. Я люблю радзіму і толькі ў Беларусі пачуваюся дома. Аднак калі б у якасці незалежнага экспэрта-касмапаліта мне прапанавалі выбраць паміж Вугоршчынай і Беларуссю - выбраў бы Вугоршчыну.

Людзей без клопату няма. Але зарука спакою - стабільнасць. Не тая, што ў тэлевізары, а рэальная. У Вугоршчыне я яе бачу. Дома - не. Перапады ў эканоміцы, рост коштаў.

Напрыклад, прайшоў хакейны чэмпіянат свету. Так, усё файна, павесяліліся. Але замежнікі раз'ехаліся, а простыя беларусы ў шоку: учора атрымалі грошы, сёння яны ўжо нічога не вартыя...

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках