28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За парушэнне дысцыпліны пакараюць беспрацоўем

15
За парушэнне дысцыпліны пакараюць беспрацоўем

Звольненых за невыкананне дысцыпліны кіраўнікоў 5 гадоў не будуць прымаць на іншыя пасады.

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч перад тым, як заслухаць справаздачы губернатараў, міністраў і кіраўнікоў канцэрнаў аб чаканых выніках работы эканомікі Беларусі за студзень-ліпень, піша БелТА.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, ужо на выхадзе дэкрэт аб узмацненні адказнасці кіраўнікоў. Ён завізаваны кіраўніком урада ў канчатковай рэдакцыі для падачы Лукашэнку. "Там вельмі жорсткія меры адказнасці кадраў. Тыя, хто будзе звольнены за невыкананне вытворчай, тэхналагічнай, працоўнай дысцыпліны, цягам як мінімум пяці гадоў не змогуць займаць нават невысокія пасады", - сказаў прэм'ер-міністр.

Міхаіл Мясніковіч выказаў занепакоенасць з нагоды інэртнасці, абыякавасці, нават безадказнасці шэрагу кіраўнікоў за выкананне мэтавых задач і паказнікаў - "праца з кадрамі праводзіцца дрэнна, адсюль і дэфіцыт ідэй".

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што невыкананне прагнозных паказнікаў часта спісваецца на аб'ектыўныя прычыны, і заклікаў займацца замест гэтага аналізам і выпраўленнем хібаў у рабоце. "Невыкананне тых ці іншых прагнозных паказнікаў - гэта сур'ёзны недагляд, і за гэта кадры павінны несці адпаведную адказнасць", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на хібы ў працы асобных міністэрстваў і аблвыканкамаў, нагадаўшы аб першачарговых задачах эканамічнай палітыкі, вызначаных у чэрвені Саветам бяспекі, зыходзячы з тэндэнцый, якія складваюцца ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы. "Прынятыя адпаведныя пастановы, якія дапамагаюць шмат у чым развязаць тыя ці іншыя праблемы, якія маюць месца ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. У першую чаргу ў сферы матэрыяльнай вытворчасці", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. Разлікі, якія зробленыя, і меры жорсткай эканоміі дазволяць замацаваць стабільнасць на ўнутраным валютным рынку, забяспечаць балансаванне аплатнага балансу краіны, падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках