29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі пратэстуюць супраць ушчыльнення: «Без бою не здамося!»

58

Сотні людзей прыйшлі ў адміністрацыю Першамайскага раёна выказаць свой пратэст.

Дэфіцыт свабодных надзелаў змушае чыноўнікаў і архітэктараў шукаць новыя рэзервы для ўшчыльнення забудовы.

Схаваны патэнцыял улады горада разгледзелі ў тэрыторыі вайсковай часткі, што размешчана ў квартале вуліц Якуба Коласа - Бялінскага – зав.Калініна - Калініна. Міністэрства абароны гатовае аддаць сваю зямлю для пабудовы шматпавярховікаў. Мабыць, тысячы менчукоў пагадзіліся б пабудаваць тут кватэры і пераехаць жыць у гэты досыць прэстыжны раён. Аднак на будучыя перамены хваравіта адрэагавалі мясцовыя жыхары. З’явіўшыся ўчора ўвечары на прэзентацыю праекта ў адміністрацыю Першамайскага раёна, сотні людзей усіх узростаў выказалі масавы пратэст і запатрабавалі павагі да сваіх правоў на спрыяльнае асяроддзе пражывання, піша onliner.by.

Вайсковая частка СПА сёння - зялёны і спакойны куток Менска. Жыхары суседніх дамоў звыклі назіраць, як маршыруюць жаўнеры, чуць адгалоскі страявых песень раніцамі і вечарамі. Усё можа змяніцца, калі тэрыторыя пад вокнамі ператворыцца ў пыльную і шумную будаўнічую пляцоўку. Гэтая перспектыва і палохае мясцовых жыхароў. Надалей, асцерагаюцца людзі, ушчыльненне раёна спародзіць цэлы жмут сацыяльных і транспартных праблем.

Вынесены на грамадскае абмеркаванне праект закранае два кварталы. Першы - вайсковая частка і прылеглая да яе тэрыторыя з боку вуліцы Калініна. Другі квартал абмежаваны вуліцамі Калініна - К.Чорнага - Талбухіна - Кнорына - зав.Калініна.

Узяўшы слова, галоўны архітэктар «Менскпраекту» Аліна Кучынская заўважыла, што раён мае высокую горадабудаўнічую каштоўнасць і зручнае транспартнае злучэнне з цэнтрам, а таму павінен развівацца.

- Цяпер значную частку раёна займае вайсковая частка, тады як паводле генплану, зацверджаным прэзідэнтам, тут прадугледжаная жылая зона, - патлумачыла архітэктарка. - Параметры гэтай тэрыторыі патрэбна давесці да рэгламентаў шматкватэрнай жылой забудовы. Цяпер тут пражывае 4,1 тысячы чалавек, дэталёвы план мяркуе павелічэнне колькасці насельніцтва да 8,1 тысячы.

Жыллё плануюць будаваць у раёне, дзе ў 1941-1943 гадах знаходзіўся фашысцкі лагер для савецкіх вайсковапалонных. Сумная гісторыя гэтага месца не спыняе ні архітэктараў, ні будаўнікоў: некалькі гадоў таму паблізу мемарыяла ўжо з'явілася панэльны 9-павярховік.

Новыя дамы запраектаваныя на месцы стадыёна, клуба, гаражоў і гаспадарчых пабудоў вайсковай часткі. «Мінскпраект» прэзентаваў на грамадскае абмеркаванне сваё бачанне гэтага квартала. Як патлумачыла архітэктарка, рысунак умоўны і прададзены для нагляднасці. У перспектыве забудоўнік зможа распрацаваць уласны эскіз, змяніць вонкавы выгляд дамоў і іх канфігурацыю. Аднак мяняць паказнікі шчыльнасці забудовы пасля зацвярджэння дэталёвага плана будзе ўжо немагчыма.

Новае жыллё плануецца з падземнымі гаражамі. Частка самаходаў жыхароў «Мінскпраект» прапануе размясціць у шматузроўневых аўтастаянках, якія будуць пабудаваныя на месцы боксавых гаражоў на завулку Калініна.

Казармы ўздоўж вуліцы Якуба Коласа архітэктары хочуць захаваць, каб не разбураць маштаб, складзенай забудовы.

- Гэтыя будынкі падтрымліваюцца вайскоўцамі ў добрым стане, маюць нядрэнныя фасады і могуць быць прыстасаваныя для патрэб горада. Там можна размясціць гандлёвыя, спартыўныя, медыцынскія памяшканні, - адзначыла Аліна Кучынская.

Акрамя жылля і паркінгаў у квартале №1 запраектаваныя два дзіцячыя садкі. Адзін з іх (на 190 месцаў) пабудуюць сярод шматпавярховікаў, другі - на месцы закінутага дзіцячага садка на вуліцы Калініна. У мінулым годзе адзін з менскіх забудоўнікаў збіраўся даць новае жыццё змрочнаму будынку, захаваўшы два корпусы з трох, але наўзамен хацеў пабудаваць побач 18-павярховы дом. Той праект пазней быў адхілены: з улікам маштабнага ўшчыльнення раёна ўлады пастанавілі аднавіць нядзейную дашкольную ўстанову, павялічыўшы яе ўмяшчальнасць да 230 месцаў.

Атмасфера ў зале была гарачая яшчэ да пачатку прэзентацыі. На сустрэчу прыйшло шмат людзей, пакрыўджаных на ўладу. Сярод іх - жыхары вуліцы Калініна, якія ўжо зазналі працэдуру ўшчыльнення забудовы і высечку дрэў. Былі ў зале і тыя, каго высяляюць супраць іх волі са старых дамоў, прададзеных на аўкцыёне.

- Вайсковую частку без бою не здадуць! - пагражалі архітэктарам з залы. - Варта даць хоць нейкую згоду, і ўвесь наш раён ператворыцца ў суцэльную будоўлю да 2030 года.

- Мы не Масква. Бязмежжа не пройдзе! - трэсла кулаком жанчына ў першым шэру.

Са слоў архітэктара, ушчыльненне вытрыманае ў строгай адпаведнасці з нормамі закона. Пасля рэалізацыі праекта ў квартале №1 шчыльнасць забудовы складзе 8000 квадратных метраў на гектар, у квартале №2 - 7000.

- Шчыльнасць забудовы ва ўмовах рэканструкцыі тэрыторыі рэгламентуецца ў межах 7600 кв м на гектар, - патлумачыла архітэктарка. - Гэта прапісана ў генеральным плане. Паводле гэтага праекту ў сярэднім атрымліваецца 7500 кв м на гектар, гэта значыць, што нарматыў мы не перавысілі.

- Гэтыя нарматывы прадугледжаныя для высокашчыльнай шматпавярховай забудовы, а ў нашым выпадку яна змяшаная, - узяла мікрафон мясцовая жыхарка. - І для яе мяжа 6000 квадратных метраў на гектар, а ў нашым квартале будзе 8000. На якой падставе вы ўжываеце нарматыў высокашчыльнай шматпавярховай забудовы для забудовы змяшанай?

Пытанне выклікала ў зале воплескі, а адказ на яго - віхуру абурэння і здзіўлення:

- Яна змяшанай і застаецца. Гэта азначае, што жылы фонд тут займае больш за 50%. Але, улічваючы, што забудова знаходзіцца ў зоне ўплыву магістралі Якуба Коласа, яна з'яўляецца высокашчыльнай.

- Хто-небудзь аналізаваў дэмаграфічную сітуацыю? - дапытваліся грамадзяне. - У нашым раёне шмат службоўцаў-песіянераў, паважаных людзей. Яны маюць права дажыць жыццё ў камфортных умовах.

Людзі перакананыя: сацыяльная інфраструктура раёна не вытрымае ўшчыльнення забудовы. Яшчэ даўжэйшымі стануць чаргі ў паліклініцы №13, яшчэ цяжэй будзе ўладкаваць дзіця ў дзіцячы садок побач з домам, больш часу давядзецца праводзіць у аўтамабільных заторах. Хтосьці падаў прапанову адкрыць паліклініку ў адной з казармаў.

- Для таго мы і праводзім абмеркаванне, каб улічыць вашыя пажаданні і адаптаваць праект пад патрэбы раёна, - паспрабаваў супакоіць тых, хто сабраўся намеснік кіраўніка Першамайскай адміністрацыі Васіль Касавец.

Уносіць прапановы менчукі могуць да 21 жніўня 2014 года, пакуль будзе доўжыцца грамадскае абмеркаванне. Экспазіцыйныя матэрыялы і журналы для заўваг размешчаныя ў перадпакоі на першым паверсе адміністрацыі Першамайскага раёна (зав.К.Чорнага, 5).

Фота: Аркадзь Собалеў,

Відэа: Аляксей Носаў

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках