23 красавiка 2024, aўторак, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Незалежнасць» Лукашэнкі пад расейскім сцягам (Відэа)

113

У Менску прайшоў парад з удзелам расейскіх войскаў і ўзбраенняў.

Парад прайшоў у так званы, прыдуманы Лукашэнкам, «дзень незалежнасці». Напраўду Дзень незалежнасці Беларусі адзначаецца 27 ліпеня - у дзень прыняцця Вярхоўным Саветам краіны Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Аднак дыктатар скасаваў гэтае свята і перанёс яго на 3 ліпеня - дзень вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Традыцыйна ў гэты дзень Лукашэнка ладзіць вайсковыя парады і іншыя бутафорскія гульбішчы.

У гэтым годзе парад упершыню пачаўся з праходжання паветранага эшалона.

Усяго было задзейнічана 40 паветраных суднаў, з якіх 22 - самалёты. Над Менскам лёталі вучэбна-баявыя самалёты Л-39, гелікоптэры Мі-2, Мі-8 і Мі-24, штурмавікі Су-25, знішчальнікі МіГ-29 і вайскова-транспартны самалёт Іл-76.

Адной з асаблівасцяў паветранага парада быў удзел звяна «алігатараў» - гелікоптэраў Ка-52344-га цэнтра баявога ужывання і падрыхтоўкі лётнага складу (авіяцыйнага персаналу вайсковай авіяцыі) і самалётаў Су-34 47-га змешанага авіяцыйнага палка Вайскова-паветраных сіл Расеі.

У вайсковым парадзе ўзялі ўдзел больш за 3,7 тысяч вайскоўцаў у складзе 20 пешых парадных разлікаў. Сярод іх былі выхаванцы Менскай сувораўскага вайсковай вучэльні. Перад трыбунамі пранеслі Сцяг Перамогі і штандары 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў, якія бралі ўдзел у Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

Таксама ўпершыню менскім праспектам Машэрава прайшла калона "партызан" у адпаведнай экіпіроўцы з рарытэтнымі ўзорамі стралковай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод удзельнікаў параду былі таксама курсанты Вайсковай акадэміі Беларусі, вайскова-тэхнічнага факультэта БНТУ, вайскоўцы 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння; 86-й і 85-й брыгад сувязі, 56-га, 60-га, 74-га асобных палкоў сувязі.

Перад гледачамі прайшоў і парадны разлік 234-га гвардзейскага Чарнаморскага ордэна Кутузава 3-й ступені дэсантна-штурмавога палка імя Аляксандра Неўскага 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі Узброеных Сіл Расеі.

За калонай тэхнікі Вялікай Айчыннай вайны прайшла тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні Узброеных Сіл Беларусі. Сярод іх: танкі - Т-72Б; баявыя машыны пяхоты - БМП-2; бронетранспарцёры - БТР-80; самаходная гаўбіца 2С19 «Мста-С»; сістэмы рэактыўнага залпавага агню «БелГрад» і «Смерч»; зенітныя ракетныя комплексы С-300ПС, З-300В2 і «Тор-М22»; ракетны комплекс «Кропка»; аўтамабілі «Багатыр». У склад калоны ў гэтым годзе дадаткова ўключаны самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі 2С1 і 2С5, баявыя машыны супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Конкурс», баявыя машыны зенітнага ракетнага комплексу «Аса», а таксама зенітныя самаходныя ўстаноўкі «Тунгуска».

Акрамя таго, менчукі і госці сталіцы ўбачылі вайсковую тэхніку Узброеных Сіл Расеі: самаходныя пускавыя ўстаноўкі са складу аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» і зенітнага ракетнага комплексу С-400 «Трыюмф», а таксама браняваныя шматмэтавыя аўтамабілі «Тыгр».

Усяго ў складзе механізаванай калоны прайшло амаль 240 узораў ўзбраення і тэхнікі розных тыпаў.

Фінальнай часткай вайсковага параду быў пляц-канцэрт зводнай роты ганаровай варты і выступленне зборнай вайсковага аркестра. Больш за сто чалавек зборнай роты ганаровай варты паказалі новыя элементы і перастраенні.

Дыктатар Лукашэнка быў у вайсковай форме, ягоны сын Коля - у цывільным, з чырвона-зялёнай стужкай. Падчас выступу бацькі сын стаў за трыбунай.

У сваім выступе Лукашэнка казаў пра абвастрэнне міжнароднай абстаноўкі, калі «ў нашых межах зноў назапашваецца вайсковы патэнцыял».

«Сёння мы бачым зніжэнне эфектыўнасці сістэмы міжнароднай бяспекі, якая ўсталявалася пасля вайны. З'яўляюцца новыя пагрозы, адбываецца перагляд і перакройванне пасляваенных межаў. Абазначылася тэндэнцыя глабальнай нестабільнасці. Бесцырымоннае ўмяшанне ў справы суверэнных дзяржаў, спробы распаліць у іх міжнацыянальную варожасць, дэстабілізаваць абстаноўку мы бачым не толькі на Блізкім Усходзе, але, на жаль, ужо сёння і на прыкладзе нашай брацкай Украіны», - адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка бачыць самы важны кірунак дзейнасці ва «ўмацаванні і развіцці ўзброеных сіл, усёй вайсковай арганізацыі дзяржавы».

Са слоў дыктатара, падзеі ва Украіне пацвярджаюць, што «па сутнасці ўся Еўропа, увесь свет знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох і кожная дзяржава павінна быць гатовай даць адказ на ўсялякі выклік часу».

«Прыярытэтам з'яўляецца развіццё нашых стасункаў з нашым стратэгічным хаўруснікам Расейскай Федэрацыяй. Сімвалічна тое, што сёння ў парадным шэрагу плячо ў плячо стаяць вайскоўцы двух брацкіх народаў», - сказаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках