19 красавiка 2024, Пятніца, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь крытычна важная для стратэгіі свабоды

21
Беларусь крытычна важная для стратэгіі свабоды

Партнёрамі Захаду і Украіны сёння з'яўляюцца не дыктатар, а змагары за свабоду.

Мне падабаецца чытаць Пола Гобла. Ён добра піша і выдатна ведае наш рэгіён. Беларусь ён згадвае рэдка, але ў сваім нядаўнім тэксце ён акурат піша пра маю краіну: «Пара пераасэнсаваць падыход Захаду да Беларусі».

Калі я бачу гэткія загалоўкі, я ведаю дакладна, аб чым будзе артыкул. Я нават магу пералічыць клішэ, якія будуць выкарыстаныя аўтарам для аргумэнтацыі сваёй пазіцыі. Часам яны больш мудрагелістыя, як у Пола, часам - занадта відавочныя, але, у канчатковым выніку, іх мэтай з'яўляецца легітымацыя рэжыму Лукашэнкі на Захадзе. Гэта менавіта тое, што трэба дыктатару - быць прынятым Захадам разам з яго бязлітасным рэжымам, які ён будуе ўжо дваццаць гадоў, выкарыстоўваючы, сярод іншага, расплывістую пазіцыю Захаду.

Лукашэнка зразумеў, што ён можа выжыць, застаючыся нелегітымным, ладзячы «знікненні» сваіх спаборнікаў, кідаючы іх у турмы, фальсіфікуючы выбары самым абуральным чынам, знішчаючы свабодныя СМІ, пераследуючы журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, выкарыстоўваючы непрыстойную лаянку для характарыстыкі еўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў і не звяртаючы ніякай увагі ні на адно міжнароднае пагадненне, нават на тыя, якія ён падпісваў асабіста, як Стамбульская дэкларацыя АБСЕ 1999 года. Ён зразумеў, што такім чынам можна не толькі выжываць, але і што Захад неўнікнёна стоміцца ад сваіх жа прынцыпаў і вернецца да палітыкі прымірэння. Гэта здарыцца, нават калі выкінуць усіх заходніх паслоў з іхных рэзідэнцый, як у 1998 годзе, або сфальсіфікаваць ўсе выбары і рэферэндумы, пачынаючы з 1995 года.

Было сапраўды брыдка назіраць, як хутка Захад пачаў шукаць шляхі, каб супакоіць дыктатара, пасля самага жорсткага здушэння пратэсту ў Беларусі 19 снежня 2010 года, якое працягваецца дагэтуль. Тады было ясна, што Лукашэнка пацярпеў паразу на выбарах, і Захад меў магчымасць паставіць пытанне аб легітымнасці ягонага знаходжання ва ўладзе. Захад вагаўся, а затым адступіў ад палітыкі ціску на рэжым. Лукашэнка спалохаўся ў дзень выбараў і ўжыў гвалт супраць мірнай дэманстрацыі. Затым ён спалохаўся, што рэакцыя Захаду будзе адрознівацца ад той, якой яна была раней. Захад сапраўды пачаў паводзіць сябе больш жорстка ў дачыненні да Беларусі адразу пасля разгону, але потым, крок за крокам, ён вярнуўся да сваёй больш зручнай паставы выказвання «сур'ёзнай заклапочанасці» і ўжывання значна меншага ціску.

Цяпер усё яшчэ горш. Цяпер існуе тэндэнцыя прасоўвання так званай «незалежнасці» Лукашэнкі на Захадзе як супраціўніка палітыкі Крамля, які падтрымлівае барацьбу ўкраінцаў за свабоду - хоць бы таму, што яго нібыта турбуе, што Беларусь можа стацца аб'ектам наступнай спробы Расеі захапіць і далучыць да сябе.

Абсурднасць гэтых разваг з'яўляецца відавочнай. Тыран Лукашэнка мае доўгі і добра вядомы паслужны спіс здушэння правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі. Ён робіць усё, каб захаваць свой рэжым, які паслужыў напраўду узорам для крамлёўскага рэжыму і для валадарання Януковіча, які быў скінуты ўкраінцамі. Ставіцца да яго як да якога-небудзь хаўрусніка ў барацьбе за дэмакратыю проста неймаверна, нават з пункту гледжання геапалітыкі.

Лукашэнка вельмі добра ведае, як карыстацца словамі, каб падманваць Захад зноў і зноў. Цяпер ён выкарыстоўвае словы, каб прадэманстраваць нейкую розніцу з расейскай пазіцыяй у дачыненні да Украіны, але гэта толькі словы, а ўчынкі ягоныя даводзяць адваротнае. Ён кажа аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, але ягонаядэлегацыя галасуе ў ААН супраць гэтай тэрытарыяльнай цэласнасці. Ён удзельнічае ў шматлікіх вайсковых падрыхтоўках разам з Расеяй і 2 ліпеня паабяцаў Пуціну змагацца разам з расейцамі. Расейскія войскі пад расейскім сцягам зладзілі вайсковы парад у Менску.

Лукашэнка абараняе свой рэжым, а не Беларусь і яе незалежнасць. Менавіта ён зрабіў краіну цалкам залежнай ад Расеі і яе кіраўнікоў, і ён падпарадкуецца ўсякаму загаду Крамля, каб выжыць. Яму патрэбныя грошы, каб заставацца ва ўладзе. Асноўныя грошы зазвычай паступаюць з Расеі, але сёння галоўны фундатар дыктатара знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы праз вайну і санкцый. Такім чынам, грошы на падтрымку рэжыму Лукашэнкі шукаюць на Захадзе - і гэта цалкам адпавядае расейскім інтарэсам. Гэта адзінае тлумачэнне слоўнага жанглявання Лукашэнкі.

Пол Гобл у сваім артыкуле закранае вельмі слушныя і вельмі важныя пытанні, і на іх трэба адказваць рэальнымі стратэгіямі ў дачыненні да ўсіх дыктатараў і аўтакратаў на постсавецкай прасторы. Дагэтуль Захад абмяжоўваўся палітыкай рэагавання. Прыйшоў час для стратэгічнага мыслення, каб захаваць каштоўнасці Еўропы. Не павінна быць ніякай розніцы ў тым, як ставіцца да дыктатараў, не павінна быць шкалы вымярэння грубых парушэнняў правоў чалавека для вызначэння рэакцыі на гэтыя парушэнні. Прыйшоў час прынцыпаў.

Дэбаты з нагоды Беларусі і пра тое, ці з'яўляюцца санкцыі ў дачыненні да дыктатара дзейснымі, адбываюцца ў Еўропе рэгулярна. Дзесьці дзесяць гадоў таму на канферэнцыі я спрабаваў папярэдзіць еўрапейскіх экспэртаў і палітыкаў пра тое, што без знаходжання механізму для барацьбы з Лукашэнкам ЕЗ давядзецца мець справу з жорсткай гвалтоўнай агрэсіяй з боку гэтага рэгіёну былога Савецкага Саюза.

Прамінула дзесяць гадоў. Дыктатура ў Менску выжыла, і ў рэгіёне віруе вайна. Уварванне Крамля ва Украіну - насуперак усім нормам і прынцыпам міжнароднага права - павінна знізіць парог талерантнасці Захаду да аўтарытарных правадыроў і дыктатараў. Напад Пуціна на Украіну, на мой погляд, не было адказам на жаданне Кіева ўкласці Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ. Гэта была рэакцыя на падзенне рэжыму Януковіча, што было ўспрынятае як сур'ёзная пагроза для «інтэрнацыяналу дыктатараў», які Крэмль стварае цягам гадоў, абапіраючыся на мадэль рэжыму ў Беларусі. Гэта напад на Еўропу, на тыя вартасці, якія адмаўляюць і Лукашэнка, і Пуцін.

Беларусь крытычна важная для стратэгіі свабоды, для абароны свабоды ва Украіне і для свабоды ўсяго рэгіёна. І ў гэтай стратэгіі партнёрамі з'яўляюцца не дыктатар, а змагары за свабоду, дэмакратычныя рухі, грамадзянская супольнасць і свабодныя СМІ.

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «The Interpreter»

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках