29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаго чакаць беларускім укладчыкам бліжэйшым часам?

9
Чаго чакаць беларускім укладчыкам бліжэйшым часам?

Экспэрты мяркуюць, што паўзучая дэвальвацыя працягнецца, а ўлады паспрабуюць утрымаць уклады грамадзян у банках.

Шмат якія беларусы працягваюць гульню з дзяржавай у дэпазітную рулетку. Сітуацыя з катастрафічным скарачэннем золатавалютных рэзэрваў (толькі за чэрвень ЗВР краіны без уліку брыдж-крэдыту ВТБ скараціліся на 967 млн даляраў) і няпэўнымі пэрспэктывамі атрымання крэдыту ад расейскага ўрада чарговым разам падводзіць банкавую сістэму Беларусі да моманту, калі ўкладчыкі з асцярогай глядзяць на пэрспэктывы захавання ўласнага ашчадку ў банках праз магчымую дэвальвацыю за адзін раз або замарожванне ўкладаў.

Нацбанк Беларусі пакуль не апублікаваў статыстычныя звесткі аб шырокай грашовай масе за чэрвень і дынаміцы ўкладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце, аднак у траўні ўклады насельніцтва ў беларускіх рублях скараціліся на 2,7%, тэрміновыя дэпазіты насельніцтва знізіліся на 0,5%.

Нягледзячы на абяцанні ўрада аб валютнай стабільнасці, насельніцтва далей скупляе валюту.

Рэдакцыя charter97.org звярнулася да экспэртаў з просьбай парэкамендаваць беларускім укладчыкам, як паводзіцца ў такой сітуацыі.

На думку экс-кіраўніка Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча, "рублёвыя ўклады будуць абясцэньвацца, бо ў нас працягваецца галопная інфляцыя".

"Яна сёння большая, чым у ваеннай Украіне, большая, чым у Расеі і Казахстане. У нас не развязаная праблема інфляцыі, праблема аджыўлення эканомікі і пераходу на больш дзейсную мадэль эканамічнага развіцця. Таму ў гэтым плане рубель і ўклады будуць абясцэньвацца, а паўзучая дэвальвацыя будзе працягвацца", - мяркуе былы кіраўнік Нацбанка.

Больш аптымістычна настроены фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб, які мяркуе, што "да канца года, а, можа быць, і да прэзідэнцкіх выбараў наступнага года ўлады прыкладуць усе намаганні да таго, каб ніякіх порсткіх рухаў на фінансавым рынку не адбывалася" .

"Дэвальвацыя будзе працягвацца бягучымі плыўнымі тэмпамі, і ў гэтай сітуацыі з улікам цяперашніх адсоткавых ставак на рублёвых дэпазітах за рублёвыя ўклады можна быць больш ці менш спакойным", - уважае Вадзім Іосуб.

З ім згодны і Станіслаў Багданкевіч: "Я мяркую, што разавай прыкметнай дэвальвацыі бліжэйшым годам не варта чакаць".

Не падзяляе аптымізму калегаў кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

"Папаўненне золатавалютных рэзэрваў сапраўды адбылося, прычым у меншай суме, чым гэты крэдыт. І сёлета істотнага папаўнення ЗВР пакуль не чакаецца. Бо калі ўвосень і прыйдзе дзяржаўны крэдыт ад Расеі, то з яго давядзецца аддаваць гэтыя кароткатэрміновыя крэдыты. Да таго ж аплаты не толькі дзяржавы, але і прадпрыемстваў, і камэрцыйных банкаў сёлета большыя, чым летась прыкладна на 2 мільярды даляраў", - кажа экспэрт.

"Таму золатавалютных рэзэрваў, якія ёсць, можа выстарчыць да восені, а потым складаецца вельмі няўстойлівая і вострая сітуацыя з вяртаннем пазык. Калі, вядома, не будзе прыватызацыі вялікіх аб'ектаў і значных паступленняў. Але гэта малаймаверна. Таму няўстойлівасць сістэмы ды імавернасць чарговай дэвальвацыі ўвосень будзе высокай", - папярэджвае Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках