24 красавiка 2024, Серада, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Макаеў: Нацыянальны сцяг падыму яшчэ не адзін раз

2
Алесь Макаеў: Нацыянальны сцяг падыму яшчэ не адзін раз

Адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху выйшаў з турмы пасля 15 дзён арышту за нацыянальны сцяг.

Грамадскі актывіст Алесь Макаеў распавёў рэдакцыі сайта charter97.org падрабязнасці свайго арышту і расказаў, што ведаў, на што ідзе, падымаючы бел-чырвона-белы сцяг.

- Якімі былі ўмовы вашага ўтрымання на Акрэсціна?

- У камерах было вельмі горача, але магло быць і горш. У камеры было два чалавекі, на чацвёртым паверсе быў рамонт, таму камера, у якой я знаходзіўся, была пасля рамонту, больш новая і чыстая, менш было непрыемнага паху.

- З кім вы сядзелі?

- Кантынгент быў нармальны, але аднойчы да мяне ў камеру закінулі хлопца з белай гарачкай, так нават міліцыянты на праверку заходзіць баяліся. Ён трохі буяніў, ламаў усё вакол...

- Мы чулі, што вас сустракала шмат людзей.

- Так, вельмі прыемна было, што сустракаць прыйшло 40 чалавек, так нечакана, я нават трохі разгубіўся. Было б выдатна, калі б усіх актывістаў сустракалі так масава, бо салідарнасць - гэта вялікая справа.

- Які лёс сцяга, праз які вас затрымалі? Вам яго вярнулі?

- Калі я падымаў сцяг, я ведаў, што затрымаюць, бо ў Беларусі за бел-чырвона-белы сцяг і збіваюць, і распачынаюць крымінальныя справы. Але сядзеў я нібыта за нецэнзурную лаянку, за тое, што перашкаджаў мінакам і за тое, што супраціўляўся міліцыі пры затрыманні. Чаго на справе, натуральна, не было. Сцяг у дакументах нават не фігураваў: міліцыянты ўнеслі яго ў вопіс рэчаў падчас затрымання, а потым гэты радок замазалі карэктарам, як быццам сцяга і не было зусім. Сцяг так і не вярнулі. Як бы хацелі гэтым паказаць, што сцяг гэты ў нас не забаронены і за яго не арыштоўваюць. А тады было нашае сапраўднае свята, Дзень Незалежнасці! Цэлая плеяда людзей ахвяравала сабой за нашу незалежнасць, і менавіта гэтая дата мяне натхніла, каб падняць наш сцяг.

- Паднімеце бел-чырвона-белы сцяг зноў?

- Вядома. Калі такое адбываецца, трэба змагацца. Сцяг трэба трымаць з годнасцю.

Нагадаем, учора ўвечары грамадскі актывіст Алесь Макаеў выйшаў на свабоду пасля 15-дзённага арышту. Ён быў затрыманы 27 ліпеня непадалёк ад Чырвонага касцёла ў Менску пасля малітвы за палітвязняў. У гонар Дня Незалежнасці Беларусі ён прынёс з сабой беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, за які яго і затрымалі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках