24 красавiка 2024, Серада, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі аблвыканкам пра бежанцаў з Украіны: Работы выстарчыць усім

6
Гомельскі аблвыканкам пра бежанцаў з Украіны: Работы выстарчыць усім

Бежанцаў з Украіны адпраўляюць у сельскую мясцовасць.

Жыхарка Гомеля распавяла рэдакцыі сайта charter97.org аб тым, што яна нядаўна звярталася ў рэгіянальны цэнтр занятасці насельніцтва, дзе высветлілася, што на чарзе на працаўладкаванне стаіць вельмі шмат бежанцаў з Украіны.

«На гомельскай біржы працы такі наплыў бежанцаў, што негалосна ўлады наважылі даваць у першую чаргу працу ім, каб дапамагчы ў цяжкай сітуацыі і даць ім магчымасць зарабіць хоць бы на хлеб. Кажуць, што дзяржпрадпрыемствы неахвотна бяруць на працу бежанцаў, таму што яны могуць у кожны момант з'ехаць назад, калі ў іх усё скончыцца. Затое іпэшнікі бяруць іх з задавальненнем: я хацела ўладкавацца да аднаго з іх на працу на рынак, дык ён мне наўпрост сказаў: я, маўляў, лепш вазьму на працу ўкраінцаў - яны цяпер гатовыя працаваць за шэлег! А дзяржава ў асноўным адпраўляе іх падымаць нашыя вёскі, у пустыя аграгарадкі - там ім і жыллё даюць як раз», - кажа чытачка.

У Гомельскім аблвыканкаме пацвярджаюць наплыў бежанцаў, але запэўніваюць, што ўсё пад кантролем, а чуткі аб прыярытэце ў працаўладкаванні для ўкраінцаў зняпраўджваюць. Вядома, большасць працоўных месцаў - у сельскай мясцовасці. Пра гэта рэдакцыі сайта charter97.org распавёў першы намеснік старшыні камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Гомельскага аблвыканкама Леанід Мальчук.

«Вакансіі для ўсіх ёсць. Вядома, усе хочуць быць эканамістамі, бухгалтарамі, але больш за ўсё вакансій менавіта рабочых, таму мы іх і прапануем. Усім, у тым ліку і бежанцам. Ім даецца інфармацыя аб наяўнасці сельскагаспадарчых вакансій, менш - у прамысловасці. На вёсцы выдаецца жыллё. На сайце Аблвыканкама ўсе гэтыя вакансіі ёсць. Усе, хто звяртаюцца - усім прапануем вакансіі. Каму не падабаецца - яны шукаюць нешта лепшае, але нікому нідзе не адмовілі. Натуральна, больш за ўсё ўцекачоў едуць працаваць у вёску, бо там у нас на сёння 345 вакансій з выдачай як індывідуальнага, так і маласямейнага і малакватэрнага тыпу жылля для рабочых», - кажа ён.

У адказ на чуткі гомельцаў аб тым, што Беларусь нават будзе выплачваць украінцам стыпендыі і пенсіі, чыноўнік адказвае, што гэта немагчыма.

«Ні пенсій, ні стыпендый уцекачам выплачваць ніхто не будзе. Згодна з беларускім заканадаўствам, яны - замежныя грамадзяне. Каб атрымаць у Беларусі пенсіі, трэба спачатку атрымаць грамадзянства рэспублікі Беларусь, затым прывезці сюды даведку з мясцовага пенсійнага фонду аб атрыманні пенсіі на 6 месяцаў наперад - і толькі тады пытанне аб пенсійным забеспячэнні будзе разгледжанае», - кажа Мальчук.

Нагадаем, згодна з апошняй інфармацыі ад амбасадара Беларусі ва Украіне, у Беларусь з'ехала амаль 26 тысяч украінцаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках