28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: «Лукашэнка - не прэзідэнт, ён - зіц-старшыня часткі Расеі»

41
Раман Бяссмертны: «Лукашэнка - не прэзідэнт, ён - зіц-старшыня часткі Расеі»

Украіна не ускладае спадзяванняў на перамовы ў Менску.

Пра гэта заявіў «Радыё Свабода» Раман Бяссмертны, былы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі (2010-2011), камэндант Майдана падчас Аранжавай рэвалюцыі, віцэ-прэм'ер урада Юліі Цімашэнкі, старшыня палітычнай партыі «Трэцяя ўкраінская рэспубліка».

- Як можна ацаніць ролю Аляксандра Лукашэнкі ў сустрэчы, якая адбудзецца 26 жніўня ў Менску? Некаторыя палітолагі кажуць аб асабістым трыюмфе Лукашэнкі. Ці згодныя Вы з гэтым?

- Перакажыце палітолагам, якія кажуць, што гэта трыюмф Лукашэнкі, што гэта выключна заслуга Менска, якая палягае ў тым, што ён побач з Кіевам, і прэзідэнтам ёсць куды ехаць. Украінскі прэзідэнт не паедзе ў Расею, на тэрыторыю варожай дзяржавы. А Пуцін не з'явіцца ў Кіеве, бо калі яго тут убачаць, то прытаўкуць разам з памочнікамі. Вось таму сустрэча праходзіць у Менску, і роля Лукашэнкі ў гэтым працэсе - роля статыста, які воляю выпадку захапіў уладу ў Беларусі. Калі каму і дзякаваць, то гэта Еўрапейскаму Звязу і ЗША, якія робяць усё, каб прывесці да розуму Пуціна і ягоную маскоўскую хеўру.

- Чаго можна чакаць ад сустрэчы?

- Адразу можна сказаць, што ўкраінская старана ніякіх спадзяванняў на гэтую сустрэчу не ўскладае. Мы чакаем вельмі сціплага выніку. Прэзідэнт Украіны робіць усё магчымае і немагчымае, каб знайсці мірныя спосабы суняць расейскую агрэсію. Таму ён на дакор сабе, страчваючы свой рэйтынг, едзе на гэтую сустрэчу. Хоць украінскае грамадства сёння адназначна разумее, што Пуцін з ягонай хеўрай - гэта ворагі Украіны і што знайсці мірны спосаб сунімаць дыктатарскія ды імпэрскія апетыты Масквы наўрад выпадзе. Але прэзідэнт робіць усё магчымае, каб знайсці мірныя спосабы.

- Андрэй Саннікаў мяркуе, што фармальная сустрэча з агрэсарам - прызнанне агрэсіі з боку Пятра Парашэнкі, і кажа, што магчымым вынікам можа быць закулісная дамоўленасць аб федэралізацыі Украіны. Што можаце сказаць на гэта?

- Тое, што прэзідэнт робіць гэта на шкоду сабе, гэта праўда. Таму спадар Саннікаў тут абсалютна мае рацыю. Гэтая сустрэча ў вачах украінцаў прынясе яму толькі шкоду. Ва Украіне сёння выдатна разумеюць, што хуткіх спосабаў развязання праблемы няма. Сітуацыя на ўсходзе Украіны абвастраецца. Вайна набывае ўсё больш і больш жорсткі характар. Таму частка ўкраінскіх спэцыялістаў разглядае спробы ўпрошвання Пуціна проста як марнаванне часу. Гаворка ідзе не пра расейска-ўкраінскую вайну. Гаворка ідзе пра вайну Пуціна супраць усяго дэмакратычнага свету. Таму, калі хто думае, што, захапіўшы Украіну ці частку Украіны, Пуцін спыніцца, то ён памыляецца. Мы ж чулі ўжо пра «Клайпедскую народную рэспубліку», пра вучэнні на берагох Балтыкі. Вядома, што Пуцін дамагаецца геапалітычнай гегемоніі. І тут казаць пра тое, што Украіна - разменная манета, - гэта займацца самападманам. А размовы пра федэралізацыю або канфедэрацыю для ўкраінцаў гучаць як прапановы знішчыць краіну, таму, вядома, Парашэнка на гэта не пойдзе.

- А Беларусь? Нас Пуцін ужо ўважае за сваю тэрыторыю? Ці варта чакаць зялёных чалавечкаў?

- Ніхто ўжо не разглядае Беларусь як незалежную дзяржаву, а Лукашэнку - як прэзідэнта. Ён - зіц-старшыня часткі Расейскай Федэрацыі. Выбачайце, але нічога іншага я сказаць не магу. Для мяне ўжо некалькі гадоў няма такой краіны, як Беларусь, хоць я люблю і паважаю беларускі народ. Дзеянні Лукашэнкі знішчылі дзяржаву, падважыўшы спачатку яе гуманітарныя механізмы, а затым і эканамічныя. А незаконна сеўшы ў прэзідэнцкае крэсла, ён закончыў працэс знішчэння беларускай дзяржавы.

- Чаму ўкраінская ўлада так сціпла рэагуе на агрэсію? Ёсць жа сведчанні, што на ўсходзе ваююць расейскія вайскоўцы...

- Я таксама задаю гэтае пытанне ўкраінскаму прэзідэнту. Чаму дагэтуль не абвешчанае ваеннае становішча і дакладна не вызначаны вораг? Відавочна, прэзідэнт і ягоныя дарадцы мяркуюць, што яшчэ застаюцца нейкія спадзяванні на спыненне гэтага канфлікту. Я мяркую, што ўжо подаўна Украіна ў стане вайны з Расейскай Федэрацыяй. Расея выступае як агрэсар, рэгулярныя часткі расейскіх жаўнераў бяруць удзел у акупацыі ўкраінскай тэрыторыі. Я валодаю дастатковай колькасцю фактаў, каб такое казаць.

Фота: ukrafoto.com

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках