28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вось і ўвесь піяр

96

У Менску прайшлі перамовы Лукашэнкі і Парашэнкі.

26 жніўня ў беларускай сталіцы праходзіць сустрэча ў фармаце Украіна - ЕЗ - «Еўразійская тройка» для абмеркавання пытанняў, звязаных з выкананнем Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ, энэргетычнай бяспекі і стабілізацыі сітуацыі ў Данбасе. У Менск ужо прыбылі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах Кэтрын Эштан, прэзідэнт Казахастана Нурсултан Назарбаеў, камісар ЕЗ у гандлі Карэл дэ Гюхт, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Прыблізна а 15:00 пачалася агульная сустрэча прадстаўнікоў Беларусі, Расеі, Казахстана, Украіны і ЕЗ. Яна праходзіць у рэзідэнцыі Лукашэнкі, вядомай як «Палац незалежнасці».

«На наш погляд, было б мэтазгодна не толькі захаваць, але і значна нарасціць узаемадзеянне. Аднак узнікае пытанне, ці можна ўсяго гэтага дамагчыся, калі рэальна запрацуе пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ», - сказаў Пуцін на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза з прэзідэнтам Украіны ў прысутнасці прадстаўнікоў Еўракамісіі.

Прэзідэнт Расеі нагадаў, што, як неаднаразова паказвала расейская старана, прыняцце Кіевам у поўнай меры ўсіх патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў пагадненні, негатыўна адаб'ецца на гандлёва-інвестыцыйным супрацоўніцтве ў Еўразійскім рэгіёне.

«Прыняцце Кіевам у поўным аб'ёме патрабаванняў аб тарыфнай лібералізацыі, у пераходзе на тэхнічныя і санітарна-ветэрынарныя нормы ЕЗ непазбежна адмоўна адаб'ецца на аб'ёмах і дынаміцы гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў Еўразійскім рэгіёне», - заявіў прэзідэнт РФ.

Далей перамовы падоўжыліся за зачыненымі дзвярыма.

Удзельнікі сустрэчы раней правялі двухбаковыя перамовы.

Сустрэча Лукашэнкі і Парашэнкі

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка спадзяецца, што ў выніку перамоваў у Менску ў фармаце МС-ЕЗ-Украіна «ўсталюецца мір на ўкраінскай зямлі». Пра гэта ён заявіў, сустракаючыся сёння з Лукашэнкам у Менску, піша «Інтэрфакс».

«Я спадзяюся, што вынікам сустрэчы будзе мір ва Украіне», - заявіў ён у аўторак у Менску.

«Калі нам сёння з вамі і нашымі калегамі ўдасца дасягнуць пагаднення, якое прынясе мір, гэта будзе знакавай падзеяй, і ў нашых двухбаковых стасунках таксама», - сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны таксама выказаў меркаванне, што запланаваная ў Менску сустрэча будзе не адзінай - за ёй будуць і іншыя.

Парашэнка адзначыў, што адной з мэтаў сустрэчы ў беларускай сталіцы з'яўляецца развязанне пытання гандлёва-эканамічных і энэргетычных стасункаў Украіны з МС.

Лукашэнка заявіў, што гэта Украіна пасля падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ ініцыявала правядзенне перамоваў з лідарамі мытнай «тройкі».

«Гэта была вашая прапанова сабрацца, без усялякага навалу абмеркаваць, не з бухты-барахты прыняць пастанову, пасля падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ, разабрацца ў сітуацыі, якая на той момант складалася ва Украіне», - заявіў ён.

«Вось і ўвесь піяр. Гэта была прапанова прэзідэнта Украіны (правесці сустрэчу з лідарамі краін МС). Я быў выканаўцам», - падкрэсліў Лукашэнка. «Я ўсё зрабіў, каб давесці да маіх калегаў (па Мытнаму саюзу) вашу пункт гледжання», - працягнуў ён.

Пры гэтым правадыр асобна адзначыў: «Калі б не вашая воля, у апошнія дні мы часта з вамі гаварылі па тэлефоне, то не было б і сустрэчы». «Гэта сведчыць аб тым, што Украіна вельмі зацікаўленая ў тым, каб на гэтай зямлі, у цэнтры Еўропы, была нармальная абстаноўка», - сказаў Лукашэнка.

Фота: Reuters/Grigory Dukor

Сустрэча Назарбаева і Парашэнкі

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у Менску ў аўторак правёў сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Ён выступіў за прамы дыялог паміж Парашэнкам і Пуціным з мэтай урэгулявання сітуацыі ў Данбасе, піша «Інтэрфакс».

«Я мяркую, што галоўнае - каб вы прама, адзін на адзін, паразмаўлялі з Пуціным. І для Расеі і для Украіны, па-мойму, настае момант ісціны. Бо далей гэта кровапраліцце працягвацца не можа», - сказаў прэзідэнт Казахстана падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны ў аўторак у Менску.

Ён дадаў, што стораны павінны шукаць кампраміс для хутчэйшага дасягнення міру. Таксама Назарбаеў заявіў пра гатоўнасць яго краіны аказаць гуманітарную дапамогу ўсходнім рэгіёнам Украіны. «Калі гэта (канфлікт) будзе працягвацца, то гэта можа перайсці ў глабальнае супрацьстаянне», - сказаў ён.

У сваю чаргу Парашэнка станоўча ацаніў магчымасць сустрэчы з Назарбаевым у Менску, адзначыўшы, што Казахстан заўсёды быў і застаецца сябрам Украіны.

Фота: Reuters/Mykola Lazarenko

Сустрэча Эштан і Парашэнкі

Прэзідэнт Украіны правёў перамовы з вярхоўнай прадстаўніцай ЕЗ у замежных справах Кэтрын Эштан. Сустрэча прайшла ў амбасадзе Украіны ў Менску.

Парашэнка запэўніў, што Украіна ў верасні ратыфікуе Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ і адразу ж накіруе ў Брусэль ратыфікацыйныя граматы.

«Украіна ў верасні ратыфікуе Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ і адразу ж накіруе ў Брусэль адпаведныя ратыфікацыйныя граматы», - працытаваў словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-сакратар Святаслаў Цэголка пасля завяршэння сустрэчы ў аўторак у Менску, піша forbes.ua.

Парашэнка адзначыў, што прызначэнне датэрміновых парламенцкіх выбараў не стане перашкодай для ратыфікацыі ў парламенце Пагаднення аб асацыяцыі.

«Наша інтэграцыя ў ЕЗ - гэта наш цывілізацыйны выбар, які ніякім чынам не накіраваны супраць іншых нашых суседзяў. Наадварот - гэта станоўча паўплывае на ўзаемаадносіны з усімі суседзямі, у першую чаргу - у эканамічнай сферы», - сказаў прэзідэнт Украіны.

Паводле інфармацыі, большасць часу стораны надалі будучым перамовам у фармаце «Украіна-ЕЗ-Еўразійская тройка».

Парашэнка падкрэсліў, што ключавой мэтай будучых перамоваў з'яўляецца імплементацыя яго мірнага плана і ўсталяванне міру на ўсходзе Украіны.

Гаворачы аб сітуацыі ў Данбасе, Парашэнка праінфармаваў Эштан аб тым, што ва ўкраінскай стараны ёсць доказ удзелу расейскіх вайскоўцаў у дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

Фота: Reuters/Mykola Lazarenko

Удзельнікі перамоваў прыбылі ў Менск

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка блізу 11.40 прыбыў у Менск на перамовы. Ён пачне свой візіт у Менск з сустрэчы з вярхоўнай прадстаўніцай ЕЗ у замежных справах Кэтрын Эштан. Месцам сустрэчы выбраная амбасада Украіны ў Менску.

Пасля гэтага запланаваны двухбаковыя перамовы з Лукашэнкам, а таксама шматбаковая сустрэча прэзідэнтаў Украіны, Расеі, Беларусі і Казахстана пры ўдзеле Эштан, паведамляе БелТА.

Пакуль невядома, ці адбудзецца ў рамках візіту двухбаковая сустрэча кіраўніка ўкраінскай дзяржавы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Фота: БелТА

Праз паўгадзіны пасля Пятра Парашэнкі ў Менск прыбыла вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежнай палітыцы Кэтрын Эштан, разам з ёй прыляцеў камісар ЕЗ у гандлі Карэл дэ Гюхт.

Фота: Reuters/Vasily Fedosenko

У Менск для ўдзелу ў саміце Мытны саюз - Украіны - ЕЗ таксама прыбыў прэзідэнт Казахастана Нурсултан Назарбаеў.

У аэрапорце казахстанскага лідара сустракаў віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы.

Фота: Reuters/Vasily Fedosenko

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прыбыў у Менск з гадзінным спазненнем. У аэрапорце яго сустракаў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Фота: Reuters/Vasily Fedosenko

Экспэрты не вераць у выніковасць перамоў

Экс-міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка не чакае ад сённяшняй сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і Расеі Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў сталіцы Беларусі ніякага прасоўвання на шляху да міру.

Пра гэта дыпламат заявіў у каментары «Аглядальніку».

«Калі шчыра, то вялікіх дасягненняў ад перамоваў у Менску я не чакаю. Па адной простай прычыне: мы маем справу з краінай, якая не паважае ніякія дамоўленасці, якая грэбуе міжнародным правам, якая парушае гэтае міжнароднае права. Таму кошт нават уяўных дамоўленасцей роўны нулю. Гэта засведчылі і перамовы, і дакументы, якія былі падпісаныя ў Жэневе, потым у Берліне, не кажучы ўжо пра дзясяткі дамоваў, якія набылі сілу закона для той жа РФ пасля ратыфікацыі іх Дзярждумай і гэтак далей. Гэта значыць, краіна, якая растаптала міжнароднае права, не можа быць сур'ёзным партнёрам для перамоваў. Таму вялікіх чаканняў у мяне няма», - адзначыў дыпламат.

Кіеўскі палітолаг Дзмітрый Панамарчук мяркуе, што сустрэча ў Менску не абяцае істотнага прагрэсу хоць бы таму, што пройдзе «нават не на нейтральнай тэрыторыі».

«Менск - гэта тэрыторыя дзяржавы, саюзнай з Расеяй, краінай, якая фактычна знаходзіцца з намі ў стане вайны», - заявіў «Коммерсанту» экспэрт.

Заўважыўшы, што Пётр Парашэнка на саміце будзе ў відавочнай меншасці, ён дадаў: «За каманду Уладзіміра Пуціна гуляюць не толькі лідары Беларусі і Казахстана, але і дыстанцыйна Ангела Мэркель».

Напісаць каментар 96

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках