29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Рыжкоў: Сустрэча ў Менску правалілася

6
Уладзімір Рыжкоў: Сустрэча ў Менску правалілася

Урэгуляваць канфлікт у Данбасе з дапамогай перамоваў пакуль немагчыма.

Пра гэта Уладзімір Рыжкоў распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Як вы ацэньваеце вынікі менскай сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і Украіны і тое, што пасля саміту сітуацыя ва Украіне толькі абвастрылася?

- На жаль, менская сустрэча, на якую ўсе нармальныя людзі ўскладалі вялікія надзеі, правалілася - прынамсі, у частцы ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. І звязана гэта, відавочна, з тым, што Кіеў і Масква зусім па-рознаму бачаць будучыню Украіны.

Мяркуючы па ўсім, Уладзімір Пуцін, які ўвесь час паўтарае, што неабходныя перамовы паміж «ДНР», «ЛНР» і Кіевам, імкнецца сфармаваць на паўднёвым усходзе Украіны дэ-факта незалежны анклаў - нешта накшталт Прыднястроўя, арыентаваны на Маскву. Кіеў, зразумела, з гэтым катэгарычна не можа пагадзіцца, бо гэта працяг распаду Украіны, які пачаўся з далучэння Крыму да Расеі.

Пазіцыі апынуліся цалкам несумяшчальныя, таму вайна і працягнулася. І кожная краіна імкнецца здабыць ваенную перамогу, каб прымусіць іншы бок да дамоўленасцей на сваіх умовах. Таму пакуль там працягваецца ваеннае супрацьстаянне, пазіцыі Кіева і Масквы застаюцца ранейшымі.

- Ёсць вельмі шмат пацверджанняў таго, што ва Украіне ваююць прафесійныя расейскія вайскоўцы. Пуцін і Крэмль, напэўна, гэтага ніколі не прызнаюць. Хоць і прыходзяць труны з пскоўскімі дэсантнікамі...Зразумела, што ёсць расейскія найміты, але ва Украіне ваююць і рэгулярныя расейскія войскі?

- Нават Пуцін гэта прызнае. Але ў такой дзіўнай форме, тыпу «Так, там ёсць нашы вайскоўцы, але яны патрапілі туды па памылцы». А «прэм'ер-міністр ДНР» Захарчанка пайшоў яшчэ далей. Ён сказаў, што ёсць раейскія кадравыя вайскоўцы, але яны быццам бы знаходзяцца ў адпачынках і ваююць там па закліку сэрца. Але калі яны ў адпачынках і па закліку сэрца, незразумела, чаму яны суправаджаюць машыны з бронетэхнікай. Пра што і казалі палонныя дэсантнікі з Пскова, яны ж распавялі, як усё было: іх паднялі па трывозе, пагрузілі ў эшалоны, сказалі, што трэба суправаджаць калону, і потым яны апынуліся ва Украіне.

Тут адно з другім не вяжацца. І ў нас у Расеі ўсё гэта цяпер выклікае вялікія пытанні і занепакоенасць, бо для выкарыстання ўзброеных сілаў за межамі краіны, згодна з Канстытуцыяй, павінна быць пастанова Савета Федэрацыі. Калі расейскія вайскоўцы знаходзяцца ва Украіне без пастановы Савета Федэрацыі, то гэта канстытуцыйнае злачынства. І паўстае пытанне пра расследаванне і адказнасць тых службовых асобаў, якія аддавалі адпаведныя загады. І на якой падставе яны аддавалі гэтыя загады.

- А якое ваша бачанне развязання гэтага канфлікту, які так далёка зайшоў?

- Я не бачу пакуль ніякага выхаду. Паўтаруся, што пакуль Кіеў імкнецца вярнуць кантроль над Данецкам і Луганскам і пакуль Масква імкнецца перашкодзіць Кіеву, вайна будзе працягвацца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках