29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ля берагоў Мальты знойдзены найстаражытнейшы карабель Міжземнамор'я

8
Ля берагоў Мальты знойдзены найстаражытнейшы карабель Міжземнамор'я

Узрост знаходкі - больш за тры тысячы гадоў.

У свеце археолагаў важная падзея. Прыкладна за паўтары кіламэтры ад мальтыйскай выспы Гоза на глыбіні 120 мэтраў выяўленыя абломкі старажытнага карабля. Фінікійскае гандлёвае судна датуецца прыкладна 700 годам да нашай эры і ўважаецца за самы стары са знойдзеных у Міжземным моры, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Пра важнасць знаходкі, якая дапаможа гісторыкам больш даведацца аб старажытнай Фінікіі, кажа хоць бы той факт, што мальтыйскія, французскія і амэрыканскія археолагі некалькі месяцаў трымалі навіну пра яе ў таямніцы.

«Было нялёгка трымаць адкрыццё ў таямніцы, - падзяліўся з журналістамі мальтыйскі археолаг Цімаці Гамбін, кіраўнік экспедыцыі. - Хацелася крычаць пра сэнсацыю на кожным рагу».

Фінікійцы вядомыя ў Бібліі як хананэі. Гэта народ сэміцкага паходжання, які жыў на міжземнаморскім узбярэжжы Сірыі і Лібана ў 16 - 3 стагоддзях да н.э. Яны ўважаліся за вельмі дасведчаных і ўмелых мараплаўцаў і гандляроў. Фінікійскія галеры развозілі па ўсім Міжземнамор'і самыя разнастайныя тавары.

Парэшткі судна былі знойдзеныя пры дапамозе лакатара. Навукоўцы даследавалі пляцоўку пры дапамозе падводных лодак і падводных апаратаў з дыстанцыйным кіраваннем і зрабілі да 8 тысяч здымкаў. На дне мора ляжаць блізу паўсотні амфар і 20 камянёў з лавы для таўчэння збожжа. Астатні груз і сама галера збольшага занесеныя за стагоддзі глеем і пяском.

Археолагі мяркуюць, што ў труме засталіся не менш як трыста амфар. Раскопкі судна з’яўляюцца цяжкай задачай, бо яно знаходзіцца на вялікай глыбіні. Узрост знаходкі археолагі вызначылі праз форму амфар ды іншыя дэталі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках