28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Не губляйце аптымізму (Відэа)

2

4 жніўня ў розных краінах праходзіць Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Ён прымеркаваны да гадавіны арышту былога палітвязня праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Правядзенне гэтага дня было ініцыяванае ў 2012 годзе кааліцыяй няўрадавых арганізацый розных краін для дэманстрацыі салідарнасці з грамадзянскімі сіламі Беларусі і надання маральнай падтрымкі праваабаронцам і грамадзянскім актывістам, якія працягваюць сваю працу ў краіне, піша ПЦ «Вясна».

«Вельмі шмат для ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку і для мяне значыла салідарнасць і нашых калегаў, і малазнаёмых людзей, якія падтрымлівалі нас сваімі лістамі або з дапамогай правядзення грамадскіх акцый, пікетаў, сустрэч з пасольствамі і гэтак далей…», - адзначае Алесь Бяляцкі у інтэрв'ю ініцыятарам Дня, кажучы пра важнасць яго правядзення.

Заклікаючы міжнародную грамадскасць да далейшай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронца кажа, што сітуацыя, у якой сёння працуюць актывісты няўрадавых арганізацый у краіне, застаецца вельмі складанай. Ён падкрэслівае, што многія арганізацыі не маюць рэгістрацыі - такая праца пераследуецца паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Асаблівую надзею Алесь Бяляцкі сёння ускладае на моладзевыя ініцыятывы. «Моладзевыя, часта нефармальныя, ініцыятывы, якія працуюць у кірунку культуры, экалогіі, праваабароны - гэта новыя тэндэнцыі, якія з'явіліся за той час, пакуль я сядзеў у турме. І я вельмі спадзяюся, што гэтыя ініцыятывы будуць развівацца, умацоўваць і актывізаваць беларускую грамадзянскую супольнасць», - кажа ён.

Выказваючы падзяку за салідарнасць, Алесь Бяляцкі заклікае заснавальнікаў даты 4 жніўня і ўсіх прыхільнікаў не губляць аптымізму.

Нагадаем, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і за сваю праваабарончую дзейнасць правёў у зняволенні амаль тры гады. Увесь гэты час краіны Еўрапейскага Звязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення вязня сумлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках