24 красавiка 2024, Серада, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам замарозілі заробкі

38
Беларусам замарозілі заробкі

Экспэрты прагназуюць узмацненне адтоку кадраў.

Некалькі беларускіх прадпрыемстваў паведамілі аб праблемах з выплатай заробкаў.

Дзесьці затрымліваюць, дзесьці няма чым плаціць, піша «Независимая газета».

Экспэрты мяркуюць, што праблемы сталі следствам нядаўняй забароны ўрада падвышаць заробкі работнікам без росту прадукцыйнасці працы. Яны прагназуюць далейшае пагаршэнне сітуацыі на рынку працы.

Аб несвоечасовай выдачы заробку цягам ужо амаль года заявілі ўчора работнікі вядомай будаўнічай кампаніі «Забудова». Яны сцвярджаюць, што грошы кіраўніцтва ім пералічвае невялікімі сумамі цягам месяца, а агульны ўзровень аплаты працы не мяняўся цягам года, нягледзячы на тое што афіцыйны ўзровень інфляцыі вылічваецца двухзначнымі лічбамі. Журналістам у адміністрацыі гэтага прадпрыемства патлумачылі складанасці з выплатай фінансавымі праблемамі.

Аб праблемах на адным не менш вядомым прадпрыемстве паведаміла нават дзяржаўная газета адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия». Гаворка ідзе пра трыкатажную фабрыку «Палессе». Страты некалі вядомага сваёй прадукцыяй прадпрыемства павялічыліся ўдвая за мінулы год і за першае паўгоддзе гэтага - падвоіліся яшчэ раз. Фабрыка закрэдытаваная, склады затавараныя, прадукцыя не прадаецца, заробак плаціць няма чым, а новае кіраўніцтва пачало са скарачэнняў.

Экспэрты кажуць пра тое, што ў аснове праблем гэтых ды іншых такіх прадпрыемстваў эканамічная палітыка, арыентаваная на рост валавой вытворчасці. Яны неаднаразова папярэджвалі ўлады, што прадпрыемствы, прадукцыя якіх не знаходзіць збыту, трэба закрываць, перапрафіляваць, рэфармаваць. Урад жа пад ціскам прэзідэнта патрабауе выканання валавых паказнікаў, нарошчвання вытворчасці і падвышэння заробку, ігнаруючы сігналы рынку.

Нядаўні дакумент урада, які забараняе падвышаць заробак без сінхроннага падвышэння прадукцыйнасці працы, на думку мясцовых назіральнікаў, сведчыць аб тым, што ўлада ўсвядоміла згубнасць ранейшай палітыкі і гатовая да некаторых зменаў. Праўда, экспэрты не ўпэўненыя ў здольнасці цяперашніх уладаў да сістэмных рэформ, а кропкавыя спантанныя меры, аналагічныя забароны падвышаць заробак, эфекту не дадуць. Як паведамлялася, урад Беларусі абнародаваў адпаведны дакумент 1 жніўня. Там разлічваюць, што яго нормы «будуць спрыяць зніжэнню складскіх запасаў і росту даходаў арганізацый».

Эканамічныя аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што забарона на неабгрунтаванае і не забяспечанае фінансава падвышэнне заробку запозненая і ў цяперашняй сітуацыі адкрытых межаў у рамках Мытнага саюза будзе мець негатыўныя наступствы. Раней СМІ пісалі пра праблему ўцечкі мазгоў і працоўных рук. У першую чаргу беларусы адпраўляюцца працаваць у Расею. Больш мабільная моладзь з'язджае ў Еўропу ці ЗША. Палякам паводле паходжання шукаць працу ў суседняй Польшчы дае магчымасць атрыманне карты паляка. Экспэрты прагназуюць, што ва ўмовах замарожвання заробкаў для большасці прадпрыемстваў гэтая тэндэнцыя застанецца актуальнай: тыя, хто можа прадаць сваю працу даражэй, пакінуць краіну, а жыццёвы ўзровень тых, хто не можа гэтага зрабіць з розных прычын, будзе падаць на фоне імклівага росту коштаў.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках