28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам прадаюць падробленую тэхніку з дакументамі «Эвросети»

22
Беларусам прадаюць падробленую тэхніку з дакументамі «Эвросети»

Выпадкі зафіксаваныя ў Менску і Пінску.

У адказ на ўчарашнюю публікацыю відэа аб ашуканцах ля будаўнічага гіпермаркета «Мацярык», якія запэўнівалі, што іх тэхніка набытая ў краме «Евросеть», у рэдакцыю сайта charter97.org прыйшло адразу некалькі паведамленняў. Усе яны пацвярджаюць факт нелегальных дзеянняў расейскіх махляроў у розных гарадах Беларусі.

Наш чытач Аляксей паведамляе аб тым, што ён стаў сведкам продажу падробленых перфаратараў маркі «Bosch» там жа, на паркоўцы гіпермаркета «Мацярык».

«Спачатку прадавец казаў што гэта арыгінал. Кошт быў 2 мільёны рублёў, гэта значыць амаль рынкавы. Але арыгінальны перфаратар гэтай маркі ёсць у мяне самога. Я сказаў пра гэта прадаўцу, але ён адказаў што на рынку цяпер усюды падробкі.

Дарэчы, такія ж самыя перфаратары шырока прэзентаваныя на беларускім інтэрнэт аўкцыёне Ау.бай. Там прадаўцы сцвярджаюць што зборка інструмента праведзена ў Славеніі. Кошт гэтых перфаратараў на аўкцыёне ў 2 разы ніжэйшы за рынкавы кошт арыгінала. Паколькі перфаратар з'яўляецца электраінструментам, то ён падлягае абавязковай сертыфікацыі на прадмет бяспекі. Пра наяўнасць сертыфікатаў на кітайскія падробкі гаворкі быць не можа. Так што гэтыя вырабы патэнцыйна небяспечныя для спажыўцоў», - мяркуе чытач.

Іншы чытач з Пінска распавядае, як ён заўважыў выпадкі продажу тэхнікі з рук у сваім горадзе яшчэ з зімы.

«Мне асабіста прапаноўвалі «дарагія» тэлефоны і планшэты, на выгляд каўказцы. Ведаю некаторых людзей, якія куплялі і потым плакалі, што пад выглядам добрай тэхнікі купілі незразумела што. Адзін час ведаю гастралёры жылі ў гатэлі СДЮШОР на вуліцы Партызанскай, бо ён самы танны ў горадзе. Яны перамяшчаюцца на аўтамабілях з расейскай рэгістрацыяй, - распавядае ён.

Мянчук Андрэй стаў адной з ахвяр лахатрону ў сталічным мікрараёне Паўднёвы Захад.

«Я набыў планшэт каля Маскоўскага рынка за 1.300.000 рублёў. Калі зразумеў, што гэта падробка, было ўжо позна. Дакументы падробленыя, нібыта выдадзеныя крамай тэхнікі «Еврость» у Расеі», - жаліцца ён.

У сацсетках таксама ідзе актыўнае абмеркаванне гэтых аферыстаў. Так, Віталь Дудкін кажа, што такія ж «камерсанты» ёсць каля чыгуначнага вакзалу ў Менску, а іншыя людзі пацвярджаюць, што іх сапраўды можна рэгулярна заўважыць ля «Мацерыка». Таксама ёсць меркаванне, што гэтыя людзі - цыганы, а не каўказцы.

«Калі шчыра, дасталі. Еду з працы, заязджаю ў Чыжоўку ў гіпермаркет. Тут жа падбягае хлопец цыганскай знешнасці і спрабуе ўлезці ў аўтамабіль са сваім гнілым гаджэтам. Мне цікава, у кожным гіпермаркеце ёсць процьма ахоўнікаў - і нікому няма справы, што на іх тэрыторыі працуюць махляры. Ці ўсе купленыя гэтымі прайдзісветамі?», - здзіўляецца Ігар Таркан у «Фэйсбуку».

Калі вы сталі сведкам такіх махінацый, дасылайце інфармацыю на наш электронны адрас charter97@gmail.com або паведамленнем праз сацсеткі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках