29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Глеб Лабадзенка: Хопіць казаць, што мы сялянская нацыя

36

Беларусы - нацыя рыцараў, воінаў і слаўных перамог.

Увечары 8 верасня ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі вядомага гісторыка Анатоля Грыцкевіча "Сцягі Оршы", прысвечаная 500-годдзю Аршанскай бітвы паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, піша БелаПАН.

У сваім гістарычным нарысе Анатоль Грыцкевіч разглядае бітву пад Оршай з беларускацэнтрычных пазіцый - гэта першая праца такога роду. Дарэчы, далёкі продак прафесара, баярын Юхно Грыцкевіч, як сведчаць дакументы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, быў удзельнікам тых незабыўных падзей і "вяртаўся з Аршанскай бітвы пераможцам".

Аўтар мастацкага афармлення "Сцягоў Оршы" - Зміцер Герасімовіч, у кнізе 50 ілюстрацый. Гэта выданне адкрывае серыю "Слаўныя перамогі", галоўны рэдактар якой - пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Кніга выйшла ў свет дзякуючы менскаму выдаўцу Аляксею Вараксіну.

"Думаю, што гэта выданне павінна быць у бібліятэцы кожнага, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, - сказаў Уладзімір Арлоў. - Толькі адзін займальны факт аб гэтай кнізе...Мы ведаем пра такую ўнікальную крыніцу ведаў пра Аршанскую бітву, як аднайменная карціна, створаная ў пачатку XVI стагоддзя мастаком з кола знакамітага Лукаса Кронаха-старэйшага. Мы з маім сааўтарам па "Краіне Беларусі" і "Вялікаму Княству Літоўскаму" Змітром Герасімовічам, які быў мастацкім рэдактарам гэтай кнігі, разбілі карціну "Бітва пад Оршай" на 25 квадратаў, узбуйнілі іх. і цяпер кожны мае магчымасць разглядаць гэтую карціну, бачыць нашу лёгкую і цяжкую кавалерыю, артылерыю, гетмана Астрожскага, розныя этапы бітвы. Разглядаю гэта як вельмі значнае дасягненне кнігі.

А яшчэ наша кніга - своеасаблівы адказ на кнігу расейскага гісторыка Лобіна, які ставіць пад сумнеў значэнне Аршанскай перамогі і славы нашых продкаў".

Прэзентацыя была прымеркаваная не толькі да гадавіны бітвы, але і да адкрыцця другога сезона курсаў "Мова наноў" у галерэі "Ў".

У інтэрв'ю вядучы курсаў, журналіст Глеб Лабадзенка распавёў: "Новы сезон "беларускай мовы наноў" адрозніваецца тым, што ні адна тэма не будзе паўтарацца. Людзі, якія хадзілі папярэднія дваццаць заняткаў, могуць працягваць наведваць нашы курсы. Мы рады, што пачатак курсаў супаў з такой знамянальнай датай, як 500-годдзе Аршанскай бітвы, і ўдвая прыемна, што кніга Анатоля Грыцкевіча будзе сёння прэзентаваная Уладзімірам Арловым. Гэта першая прэзентацыя кнігі "Сцягі Оршы".

Вядома, Аршанская бітва - гэта тая тэма, якая заслугоўвае больш шырокага распаўсюджвання і папулярызацыі, бо хопіць ужо казаць, што мы - сялянская нацыя. Мы - нацыя рыцараў, воінаў і слаўных перамог. І адна з самых слаўных - гэтая менавіта Аршанская бітва".

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках