28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім школьнікам рэкамендуюць чытаць даклад Пуціна

33
Беларускім школьнікам рэкамендуюць чытаць даклад Пуціна

10 студзеня ў школах Беларусі прайшоў першы этап рэспубліканскага конкурсу айчыннай гісторыі.

Згодна з афіцыйнай фармулёўкай гэты конкурс прысвечаны «70-годдзю Перамогі СССР над фашысцкай Германіяй». Праводзіцца ён беларускім грамадскім аб'яднаннем «Грамадства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Здавалася б, ну конкурс і конкурс, што ў ім такога. Аднак, пэўныя моманты выклікаюць здзіўленне. Так, напрыклад, пры падрыхтоўцы школьнікам «рэкамендуюць» пачытаць даклад Пуціна на Валдайскім форуме ў Сочы, піша «Наша Нiва».

А адно з пытанняў гучыць так: «Чаму кіруючыя колы дзяржаў былых саюзнікаў СССР у разгроме фашызму, а таксама Германіі, цяпер таемна і відавочна заахвочваюць адраджэнне і дзейнасць у іншых краінах неанацысцкіх, прафашысцкіх і нацыяналістычных рухаў і арганізацый?»

Пры гэтым арганізатары конкурсу не хаваюць, што маюць на ўвазе «Амерыку, якая праводзіць аранжавыя рэвалюцыі».

«У дакладзе Пуціна раскрытая сутнасць сённяшняй заходняй геапалітыкі. І Пуцін выразна растлумачыў, чаму нацызм сёння рэаніміруецца. У такіх краінах, як Украіна, Захад сёння робіць стаўку на прафашысцкія і ўльтранацыяналістычныя сілы», - нібы з экрана тэлеканала «Россия» распавёў Мікалай Папоў, сябра «Таварыства памяці» і кіраўнік конкурсу.

А на пытанне, чаму ў конкурсе наяўнасць былых саюзнікаў, якія «падтрымліваюць фашызм», падаецца як аксіёма, Папоў адказаў так: «Гэта факт сённяшняй геапалітыкі! Таму мы і сцвярджаем гэта! - Ад наіўнасці пытання ён нават засмяяўся. - Злучаныя Штаты безумоўна падтрымліваюць адраджэнне неанацысцкіх арганізацый. З якой мэтай? Рабіць аранжавыя рэвалюцыі! Навошта? Гэта трэба Абаму спытаць, навошта ён іх робіць!»

Рыхтавалі пытанні да конкурсу ў «Таварыстве памяці», сказаў Папоў. Але з Мінадукацыі ўсё ўзгаднялі. Пытанняў не ўзнікла. Цікава, што сярод мэтаў конкурсу паказваюцца «ўмацаванне нацыянальнай традыцыі ўзаемадапамогі і сяброўства з іншымі народамі».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках