18 чэрвеня 2019, aўторак, 13:04
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Нобэль Святланы Алексіевіч - гэта ўзнагарода для Беларусі

Андрэй Саннікаў

У брытанскай газэце «Гардыян» выйшаў артыкул лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава, прысвечаная Нобэлевай прэміі.

Сайт charter97.org падае яго пераклад:

Нобэлева прэмія ў літаратуры пісьменніцы, якая сумленна і з болем піша пра чалавечыя пакуты, - гэта прызнанне надзвычай важнае для постcавецкага свету творчасці.

Швэдская акадэмія не магла б выбраць найлепшага часу для прысуджэння Нобэлевай прэміі ў літаратуры беларускай пісьменніцы, не знайшла б і найлепшай кандыдатуры, чым Святлана Алексіевіч. Беларусь, якой ужо 21 год кіруе дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, перажывае сёння найцяжэйшы перыяд сваёй гісторыі.

У нядзелю ў нашай краіне так званыя «выбары». Самаздаволены дыктатар не сумняваецца, што яго «пераабяруць», аднак раптам у цэнтры сусветнай увагі апынаецца чалавек, які гучна, зразумела і сумленна кажа пра тое, што адбываецца ў гэтай частцы свету.

Кнігі Алексіевіч - не лёгкае чытво. З самых першых сваіх твораў яна пранікае ўглыб чалавека і кажа нязручную і супярэчлівую праўду. Яна піша пра жанчын на вайне («У вайны не жаночае аблічча»), кажа пра трагічныя наступствы савецкага ўварвання ў Афганістан («Цынкавыя хлопчыкі»). У «Чарнобыльскай малітве» пра катастрофу 1986 года, яна кажа, што радыеактыўна забруджанае жыццё можа забіць. Жыццё здольнае забіваць. Для мяне чарнобыльская малітва - пра гэта.

Ейная апошняя кніга, «Час сэканд-хэнд», - гэта некралог «чырвонаму чалавеку». Можа і дачасны. Алексіевіч паказвае страхотную выяву тых, хто прыйшоў пасля «homo soveticus». Хоць кніга была напісаная да расейскай агрэсіі ва Украіне, у ёй можна знайсці адказы, чаму гэта адбылося.

Але Алексіевіч не павучае. Яна сумленная рэпарцёрка нашага жыцця і нашых паводзін у крытычных сітуацыях. Мяне заўсёды здзіўляла, як ёй выпадае авалодваць шквалам эмоцый у сваіх кнігах і цвёрда, адважна ісці сваёй дарогай. Яна не проста выслухоўвае людзей, яна ўбірае іхнія пакуты для таго каб, паказваючы іх нам, пры гэтым горача бараніць гуманізм.

Вакол ейнага імя, кніг, безумоўна, будуць спрэчкі - яна занадта яскравая постаць, каб не выклікаць супярэчлівых меркаванняў, і яна не баіцца цяжкіх пытанняў. У Расеі яе паспрабуюць аб'явіць сваёй, адначасова абвінавачваючы камітэт Нобэля ў палітычнай староннасці і русафобіі, бо Алексіевіч надоечы зрабіла некалькі моцных заяў, якія асуджаюць расейскую агрэсію ва Украіне. У Беларусі Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць прэмію ў сваіх мэтах, не успамінаючы пра гады забыцця, на якія яго рэжым асудзіў Алексіевіч у ейнай роднай краіне.

Гэты Нобэль - найважнейшая падзея не толькі для самой Алексіевіч, для аўтараў дакументальнай прозы, якую яна піша, для постсавецкіх дзяржаў і жанчын гэтых краін. Гэта найважнейшая падзея для Беларусі.

Мы доўга гэтага чакалі, спадзеючыся, што Нобэлеў камітэт адзначыць Васіля Быкава за ягоную праўду пра вайну, ці Рыгора Барадуліна, які ў сваіх астатніх вершах сапраўды гутарыў з Богам. Узнагарода Алексіевіч - гэта і ўшанаванне Алеся Адамовіча, вялікага беларускага мысляра, чые традыцыі яна шануе і развівае.

Калі стала вядомае імя лаўрэаткі, мне шмат хто тэлефанаваў: з Беларусі, Еўропы, ЗША. Людзі радаваліся за Алексіевіч, за нашу краіну і за тое, што Беларусь дае свету нешта сапраўды важнае.