24 красавiка 2024, Серада, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марылуіза Бек: Лукашэнка правёў выбары без выбару

8
Марылуіза Бек: Лукашэнка правёў выбары без выбару
Марылуіза Бек

«Выбарамі без выбару» назвала выбарчую кампанію ў Беларусі дэпутат бундэстага Марылуіза Бек.

Яе каментар апублікаваны прэс-службай парламенцкай фракцыі «зялёных», паведамляе БелаПАН.

«На 21-м годзе свайго аўтарытарнага праўлення Аляксандр Лукашэнка зноў правёў выбары без выбару», - заявіла дэпутат бундэстага Марылуіза Бек, якая наведала Менск у якасці назіральніцы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

З яe слоў, у выбарчых камісіях было яшчэ менш прадстаўнікоў апазіцыі, чым на папярэдніх выбарах, а магчымасць датэрміновага галасавання цягам некалькіх дзён адкрыла шлях да маніпуляцый. Акрамя таго, практычна немагчыма было сачыць за працэдурай падліку галасоў.

Пры гэтым, падкрэслівае дэпутат нямецкага парламента, нягледзячы на цяжкі эканамічны крызіс, Лукашэнка не мог чакаць сур'ёзнага супраціву. «На гэты раз не было неабходнасці ў рэпрэсіях супраць палітычных апанентаў, бо апазіцыя яшчэ не прыйшла ў сябе ад брутальнай хвалі рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Яе лідары яшчэ незадоўга да выбараў былі ў турме альбо за мяжой. Акрамя таго, насельніцтва асцерагаецца, што на дэмакратычныя памкненні Крэмль адрэагуе гэтак жа, як на Еўрамайдан ва Украіне. Людзі замкнуліся ў сабе», - заявіла Бек.

З яе слоў, пры разглядзе пытання аб карэкціроўцы палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі пасля вызвалення апошніх палітвязняў нельга забываць, што сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека застаецца дрэннай. «Цяперашні паварот Лукашэнкі да Захаду не з'яўляецца сігналам дэмакратычных пераменаў. У немалой ступені гэта ўплыў цяжкага палітычнага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася краіна пасля 21 года стагнацыі. Падтрымка краіны і яе незалежнасці павінна адбывацца адначасова з падключэннем грамадзянскай супольнасці і пашырэннем дэмакратычных свабодаў», - падкрэсліла Марылуіза Бек.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках