19 красавiка 2024, Пятніца, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Назіральнікі з Берасця: Фактычна падліку галасоў не было

2
Назіральнікі з Берасця: Фактычна падліку галасоў не было
ФОТА: БЕЛТА

Галоўная прэтэнзія, якая не дазваляе ўважаць «выбары» за адкрытыя і празрыстыя, тычыцца працэдуры падліку галасоў.

Яшчэ падчас пачатку датэрміновага галасавання многія з назіральнікаў звярталіся да выбарчых камісій з прапановамі забяспечыць магчымасць адкрытага падліку галасоў, каб гэтую працэдуру маглі бачыць назіральнікі. Аднак станоўчай рэакцыі ад прадстаўнікоў выбаркамаў не было. Напрыклад, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №2 у Берасці Алена Шабуня разважыла за немэтазгоднае разглядаць такую прапанову на пасяджэнні выбаркама, спаслаўшыся на тое, што на такіх пасяджэннях нібыта разглядаюцца толькі скаргі на пастанову камісіі, піша сайт ПЦ «Вясна».

У выніку, як адзначыла назіральніца Святлана Алясюк, у Берасці было пададзена тры заявы ў пракуратуру, якія тычацца менавіта закрытай працэдуры падліку галасоў. У сваіх скаргах назіральнікі падаюць прыклады, калі месцы для назірання знаходзіліся за 5 і больш метраў ад стала, дзе адбываўся падлік выбарчых бюлетэняў.

Незалежны назіральнік Ірына Сіняпкіна таксама звярнула ўвагу на тое, што на выбарчым участку №18 у Берасці камісія прыняла пастанову лічыць сапсаваныя бюлетэні (дзе было некалькі пазнак насупраць прозвішчаў кандыдатаў) сапраўднымі. Больш за тое, такія бюлетэні палічылі на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Назіральнік заўважае, што нават візуальна было відаць, што стосы бюлетэняў за дзейнага прэзідэнта прыблізна ўдвая большыя за стос бюлетэняў у падтрымку Таццяны Караткевіч, аднак у выніковых пратаколах адзначалася перавага паміж гэтымі кандыдатамі больш чым у 10 разоў.

Уладзімір Ясковіч, які быў назіральнікам на выбарчым участку №35 Маскоўскага раёна Берасця, паведаміў, што падчас датэрміновага галасавання сябры камісіі і назіральнікі фактычна знаходзіліся ў розных памяшканнях. «Месцы для назіральнікаў былі даслоўна ў школьным калідоры, а ўчастковай камісіі - у адным з навучальных пакояў, таму сачыць за ходам датэрміновага галасавання даводзілася толькі праз адчыненыя дзверы, - кажа Ясковіч. - Зразумела, што цалкам мець уяўленне, як праходзяць выбары, у такіх умовах немагчыма, але на патрабаванні забяспечыць належныя ўмовы для назіральнікаў нам адказвалі, што ў гэтай школе №10 няма іншых памяшканняў, каб галасаванне не перашкаджала навучальнаму працэсу». Толькі ў асноўны дзень выбараў, калі заняткаў у школе не было, назіральнікі і члены камісіі працавалі ў адным памяшканні.

Аб парушэннях выбарчага заканадаўства на ўчастку №67 у Берасці распавяла назіральнік ад прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк. Паводле ейных слоў, прыход выбаршчыкаў, які зафіксавалі назіральнікі, на некалькі сотняў чалавек адрозніваўся з выніковымі звесткамі выбарчай камісіі. Акрамя таго, участковы выбаркам адхіліў прапанову адкрытага падліку галасоў.

«Фактычна падліку галасоў не было: скрыні перакулілі, усе бюлетэні раскідалі па стосах, а затым старшыня камісіі напісаў на паперы, што яму нашапталі сябры камісіі, і сышоў да сакратара. Было бачна, што ў выніковым пратаколе былі запісаныя лічбы, якія камісія атрымала ад кагосьці зверху», - заўважае Міхнюк, якая таксама склала скаргу паводле згаданых фактах.

Пра вельмі сур'ёзныя парушэнні выбарчага заканадаўства, якія з'явіліся падставай для звароту ў гарадскую пракуратуру, распавёў берасцейскі актывіст Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк, які быў назіральнікам на выбарчым участку №60 Маскоўскага раёна Берасця. 9 кастрычніцкай Турчаняк атрымаў бюлетэнь для галасавання і пакінуў яго сабе, а ў выбарчую скрыню кінуў звычайны аркуш паперы. Са слоў Турчаняка, тое ж зрабілі яшчэ тры асобы, якія перадалі назіральніку выдадзеныя ім бюлетэні. У выніку Дзяніс Турчаняк меў чатыры выбарчыя бюлетэні, атрыманыя і не выкарыстаных падчас датэрміновага галасавання.

У асноўны дзень выбараў Турчаняк знаходзіўся на ўчастку №60 у якасці назіральніка. Ён заўважыў, што пячатка на скрыні для датэрміновага галасавання мела іншыя прыкметы ў параўнанні з тым, як гэта было ў першы дзень галасавання. Назіральнік зрабіў выснову, што згаданая ўрна была незаконным шляхам адкрыта (а потым зноў апячатаная), і паведаміў аб гэтым старшыні ўчастковай камісіі Галіне Ківель.

На выбарчым участку №60 у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 365 чалавек, якім была выдадзена адпаведная колькасць бюлетэняў. Падчас падліку галасоў высветлілася, што ў згаданай скрыні знаходзіліся 364 бюлетэні і не было аркушаў паперы, якія трапілі ў выбарчую скрыню замест бюлетэняў. Дзяніс Турчаняк мяркуе, што «лісты паперы былі прыбраныя са скрыні нявысветленай асобай і замененыя на фальшывыя бюлетэні».

Аналагічны «экспэрымент» на ўчастку №53 Маскоўскага раёна Берасця зладзіў і назіральнік Сяргей Вакуленка. Паводле ягоных слоў, там таксама замест двух бюлетэняў у скрыню для датэрміновага галасавання былі кінутыя лісты паперы, якіх ніхто не знайшоў падчас падліку галасоў.

Акрамя заўваг, якія тычацца працэдуры падліку галасоў, назіральнікі звяртаюць увагу, што падчас датэрміновага галасавання фактычна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, каб прымусіць галасаваць не ў асноўны дзень выбараў (асабліва гэта было прыкметна на выбарчых участках, дзе галасуюць студэнты). Шмат пытанняў выклікала і працэдура галасавання на месцы жыхарства выбаршчыкаў, якая ў некаторых выпадках істотна паўплывала на вынікі выбараў на канкрэтным участку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках