Павел Севярынец: Прыйшоў час аб'яднання беларусаў
6- 16.10.2015, 11:52
- 17,405
Асновай для такога адзінства павінны стаць агульныя духоўныя каштоўнасці, імкненне да праўды і справядлівасці.
Пра гэта сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», былы палітвязень Павал Севярынец.
- Як вы ацэньваеце вынікі кампаніі пад назвай «прэзідэнцкія выбары», якая завяршылася ў Беларусі?
- Па-першае: адбылося маштабнае крымінальнае злачынства - фальсіфікацыя выбараў. У ім удзельнічалі па ўсёй Беларусі тысячы чалавек. Гэта трэба дакладна разумець. Калі не будзе такога разумення, застануцца ілжывыя ілюзіі: маўляў, у нас назіраецца пэўны прагрэс. «Выбары» - гэта цяжкае злачынства, якое кідае цень на ўвесь народ. Фактычна, 11 кастрычніка стала днём нацыянальнай ганьбы.
- Тое, што ўлада пойдзе на маштабныя фальсіфікацыі, многім было зразумела яшчэ на этапе рэгістрацыі «кандыдатаў». Цікава ваша меркаванне - што цяпер павінны рабіць дэмакратычныя сілы ў Беларусі?
- Што з гэтым рабіць? Як веруючы чалавек, я мяркую, што любое зло і любое злачынства пераадольваецца толькі пакаяннем і тым, што чалавек выпраўляецца: рабіць дабро замест зла.
Цяпер трэба ўсім, хто не ўдзельнічаў у выбарчым фальшу, намагаць на сваім, даносіць да людзей праўду, давесці да канца ўсе працэсы, звязаныя з абскарджаннем фальсіфікацый, давесці да ўсіх міжнародных структур тое, што адбылося ў Беларусі.
Тым, хто можа арганізоўваць людзей і дапамагаць ім у самаарганізацыі, трэба як мага хутчэй пачынаць аб'яднанне і пашырэнне грамадзянскай супольнасці. Кожны можа зрабіць штосьці ў сваёй сферы. Анатоль Лябедзька можа тое-сёе зрабіць сярод прадпрымальнікаў - хай робіць гэта. Мікалай Статкевіч сярод людзей, якіх натхніла яго мужнасць і яго вызваленне з турмы - хай робіць. Хрысціянскія дэмакраты - таксама хай робяць сярод людзей, якія на іх разлічваюць.
Вельмі паказальна, што акцыя 11 кастрычніка скончылася малітвай і выкананнем «Магутны Божа» - гэта значыць, што цяпер гаворка ідзе пра вельмі важныя, духоўныя асновы для аб'яднання беларусаў. Асновай адзінства і самаарганізацыі павінна быць імкненне да праўды, у першую чаргу. Толькі на волі, на праўдзе, на справядлівасці, на сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцях мы пабудуем новую дзяржаву.
Без гэтага не будзе ніякай сапраўднай дзяржаўнасці. Нельга думаць, што нашы праблемы развяжа нейкая асобна ўзятая палітычная кампанія - так не бывае.