24 красавiка 2024, Серада, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбары» ў Бабруйску вачыма назіральнікаў: прымус да галасавання, завышэнне прыходу

3
«Выбары» ў Бабруйску вачыма назіральнікаў: прымус да галасавання, завышэнне прыходу

Незалежнымі назіральнікамі былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні.

Практычна на ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях працоўных прымушалі ісці галасаваць датэрмінова. Для гэтага на ААТ «Белшына», напрыклад, іх нават адпусцілі са змены раней, а рабочыя пасля павінны былі паведаміць начальству нумар участка (тлумачылі, што будуць туды тэлефанаваць, каб праверыць, ці галасавалі). І сапраўды, на некаторых участках чальцы камісій рабілі выпіскі са спісаў выдачы бюлетэняў ва ўласныя сшыткі, а для чаго, назіральнікам не тлумачылі, піша сайт ПЦ «Вясна».

Навучэнцы каледжаў, якія пражываюць у інтэрнатах, таксама прагаласавалі датэрмінова, іх прыводзілі на ўчасткі цэлымі групамі. А жыхароў сямейных інтэрнатаў наогул шантажавалі: «Не пойдзеце на ўчастак, вылеціце адсюль!»

Назіральнікі і журналісты таксама адчулі своеасаблівае стаўленне да сябе з боку чальцоў выбарчых камісій. Абласнога каардынатара кампаніі «Права выбару» спачатку зарэгістравалі на ўчастку №28, а пасля выдалілі з яго, праз нібыта недакладна складзенае накіраванне. А журналістцы «Бобруйского курьера» Александрыне Глаголевай на ўчастку №20 паведамілі, што яна можа знаходзіцца тут працяглы час толькі ў якасці назіральніцы. У выніку яна так і зрабіла, і зафіксавала на гэтым участку вялікія прыпіскі.

Некаторыя назіральнікі казалі аб хамскіх паводзінах чальцоў камісіі, адзначалі, што да іх ставіліся як да ворагаў. У большасці выпадкаў яны былі ветлівыя, але рабілі па-свойму. На ўчастку №43, напрыклад, старшыня камісіі не збіраўся апячатваць памяшканне, дзе захоўвалася скрыня для галасавання, але ўсё ж зрабіў гэта «для назіральніка».

У асноўны дзень галасавання сябры выбарчых камісій паводзілі сябе больш нервова, выганялі назіральнікаў з участкаў (на ўчастку №2 адразу двух) шапталіся, перакідваліся цыдулкамі і нават стваралі барыкады з крэслаў, каб назіральнікі не ўбачылі, чым яны там займаюцца.

Каб падстрахавацца, чальцы камісій агучвалі завышаныя лічбы ахвотных прагаласаваць па месцы жыхарства: калі незалежныя назіральнікі ішлі з імі па дамах, з заяўленых сотняў галасавалі дзясяткі. Але нават у «выносным» галасаванні назіральнікі фіксавалі прыпіскі.

Назіральнікі адзначаюць, што на ўчастках, на якіх быў арганізаваны празрысты падлік галасоў, было дазволена азнаёміцца з бюлетэнямі і выніковымі пратаколамі, прыход, у асноўным, быў невялікім. І наадварот, там, дзе назіральнікаў трымалі за 15 метраў ад стала, на якім вёўся «падлік», не вывешваліся выніковыя пратаколы - агучваўся высокі прыход.

Незалежныя назіральнікі напісалі дзясяткі скаргаў, якія падалі ў ТВК, пракуратуру і ЦВК. Большасць з іх тычылася прыпісак, лічбы якіх вагаліся ад 100 да 700 «дадатковых выбаршчыкаў» і неналежнага захоўвання скрыні для галасавання.

Падчас падачы скаргаў у ТВК некаторых назіральнікаў запалохвалі мясцовыя чыноўнікі. Ім намякалі, што могуць страціць працу праз сваю дзейнасць. Запалохванні практыкавалі і некаторыя сябры выбарчых камісій. Яны настойліва распытвалі назіральнікаў аб іх дзейнасці і прыватным жыцці, а таксама паказальна гучна тэлефанавалі і давалі справаздачу наконт іх у выканкаме.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках