18 красавiка 2024, Чацвер, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ пра блакаванне сайтаў БелаПАН: Гэта спроба пакараць журналістаў

3
БАЖ пра блакаванне сайтаў БелаПАН: Гэта спроба пакараць журналістаў

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) занепакоенае хакерскай атакай на незалежныя онлайн-медыя.

Пра гэта сказана ў заяве БАЖ у сувязі з DDоS-атакай на сайты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, прынятай 5 кастрычніка.

«Агрэсіўныя дзеянні супраць гэтых сайтаў пачаліся пасля публікацыі крытычных артыкулаў аб прымусовым прыходзе студэнтаў на палітычную акцыю з рэлігійнай афарбоўкай «Малітва за Беларусь», - адзначаецца ў заяве. - Папярэдні досвед (блакіроўка шэрагу незалежных сайтаў у канцы снежня 2014 года пасля асвятлення крызісу на валютным і спажывецкім рынку) дазваляе разглядаць гэта як спробу пакараць за выкананне прафесійных абавязкаў».

БАЖ звяртае ўвагу на тое, што «грубае ўмяшальніцтва ў працу незалежных медыя адбываецца падчас электаральнай кампаніі, калі патрэба людзей у рознабаковай незалежнай інфармацыі як ніколі высокая».

«Мы ўважаем гэта за чарговую праяву сістэмнай палітыкі кантролю над інфармацыяй у нашай краіне з мэтай маніпулявання грамадскай свядомасцю», - гаворыцца ў заяве. БАЖ далучаецца да патрабавання кампаніі БелаПАН забяспечыць бяспечнае абслугоўванне сайтаў і абарону ад усякіх замахаў на іх паўнавартасную працу.

«ГА «БАЖ» заклікае спыніць усякія атакі на незалежныя медыя, каб забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзян нашай краіны атрымліваць рознабаковую не падцэнзурную інфармацыю з розных крыніц», - падкрэсліваецца ў заяве.

З патрабаваннем спыніць блакаванне сайтаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН выступіў таксама аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». «Атака на незалежныя СМІ за тыдзень да дня галасавання падкрэслівае, што ў Беларусі не адбылося ніякіх станоўчых зменаў на шляху да дэмакратызацыі. Наадварот, умяшанне ў працу СМІ па-ранейшаму ўважаецца за норму», - падкрэсліваюць прадстаўнікі БХД.

Хрысціянскія дэмакраты заклікаюць міжнародныя структуры, у тым ліку АБСЕ, зафіксаваць факт блакавання сайтаў у кантэксце правядзення выбарчай кампаніі. Аргкамітэт БХД таксама заклікае ўлады «неадкладна ўжыць захады для забеспячэння доступу грамадзян Беларусі да рэсурсаў».

3 кастрычнік сервер кампаніі БелаПАН зазнаў масіраваны DDоS-напад, які прадаўжаецца дагэтуль.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках