20 красавiка 2024, Субота, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паводле ўзроўню забруджвання паветра Менска падобнае да кітайскага прамысловага цэнтру

30

Цяпер у краіне амаль 70% забруджанага паветра стварае аўтамабільны транспарт.

У сераду, 9 снежня, на кліматычнай канферэнцыі ў Парыжы прынялі чарнавік ўсеагульнага кліматычнага пагаднення, перадае "Еўрарадыё".

Фота з сайта EURORADIO.FM

Паводле яго кожныя пяць гадоў будуць узгадняцца сумы ўнёскаў у фонд дапамогі эканамічна слабым краінам. З 2020-га ён будзе выдаткоўваць 100 млрд даляраў бедным краінам на барацьбу з наступствамі змяненняў клімату.

У папярэдняй версіі пагаднення таксама прапісана, што квоты па выкідах у атмасферу будуць пераглядацца раз на пяць гадоў.

Колькі выкідаў у атмасферу паступае з беларускіх гарадоў і наколькі мы падобныя ў гэтым да іншых індустрыяльных цэнтраў планеты?

Напрыклад, утрыманне мелкадысперсных часціц РМ10 у Менску вельмі нізкае. 9 снежня яно было роўна 7-29 мкг/м³. Для параўнання, у паветры кітайскага горада Чунцын раніцай 10 снежня гэты паказчык дасягаў 612 мкг/м³, у Шанхаі - 61, у Анкары - 75, у Лондане - 33, у Маскве - 27, амаль як у Менску.

Сярэдняе ўтрыманне аксідаў вугляроду ў беларускіх гарадах таксама не перасягае 1 мг/м³. Гэта прыблізна ўзровень выкідаў Лондана і Мадрыда. У Маскве і Парыжы сёння ён падымаўся да 2 мг/м³. У некаторых раёнах Варшавы - да 7 мг/м³.

Сталіца выкідвае ў паветра трохі і дыяксіду серы. Учора сярэдні паказчык быў роўны - 3,6 мг/м³. Гэта, як у Мадрыдзе. А вось у Гародні, Наваполацку і Магілёве ўтрыманне гэтага элемента было вышэйшае за - 40-80 мг/м³. А гэта ўжо ўзровень прамысловых гарадоў Кітая і Турцыі.

Смог у кітайскіх гарадах
ФОТА: VARLAMOV.RU/ІЛЬЯ ВАРЛАМАЎ

Кіраўнік аналітычнага аддзела маніторынгу паветра Белгідрамета Багдана Казярук кажа, што ў параўнанні з азіяцкімі прамысловымі цэнтрамі, населеныя пункты Беларусі - суцэльны запаведнік. Але і мы маем праблемныя раёны, асабліва ў прамысловых гарадах, у Гомелі назіраецца перавышэнне ўзроўню аксіду вугляроду, дыяксіду азоту - у некаторых раёнах Магілёва і Менска, мелкадысперснага пылу - у некаторых раёнах Менска, Гомеля і Магілёва. А пры падвышаных тэмпературах амаль ва ўсіх гарадах падвышаецца ўзровень фармальдэгіду.

"Гэты год зруйнаваў нашу аптымістычную тэндэнцыю, згодна з якой назіралася зніжэнне ўзроўню забруджанасці. Цяперашні год быў настолькі неардынарным праз дэфіцыт ападкаў, што сітуацыя змянілася ў горшы бок", - кажа начальнік аналітычнага аддзела.

Цяпер у краіне амаль 70% забруджанага паветра стварае аўтамабільны транспарт. У Менску - больш за 80%. Прамысловыя прадпрыемствы - гэта толькі пятая частка ўсіх выкідаў.

Чысціня паветра шмат у чым залежыць ад варункаў надвор'я, тлумачыць Багдана Казярук. Апошнія два тыдні былі ападкі і моцныя вятры. Гэта моцна ачысціла паветра. Таму цяпер паказчыкі меншыя, чым звычайна.

***

Мелкадысперсныя часціцы РМ10 - гэта парушынкі, попел і іншыя часціцы памерам да 10 мкм. Высокае ўтрыманне іх у паветры спрыяе развіццю захворванняў дыхальнай сістэмы

Аксід вугляроду (СА) - газ, які выдзяляецца пры гарэнні. Мае атрутныя ўласцівасці, вялікая канцэнтрацыя яго ў паветры можа выклікаць галавакружэнне і страту прытомнасці, а больш высокія канцэнтрацыі - кому і смерць.

Дыяксід серы (SO2) - газ, які выдзяляецца пры гарэнні серы і сульфідаў. Вельмі таксічны. Пры ўдыханні выклікае катар, кашаль, ахрыпласць. Больш высокая канцэнтрацыя выклікае ўдушша, ваніты, магчымы востры ацёк лёгкіх.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках