20 красавiка 2024, Субота, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя пераходзіць з расейскага на ізраільскі газ

8
Турцыя пераходзіць з расейскага на ізраільскі газ
ФОТА: UBR.UA

Турцыя актывізавала перамовы ў аднаўленні стасункаў з Ізраілем, каб наладзіць пастаўкі газу і знізіць залежнасць ад Расеі.

Анкара таксама падтрымлівае аб'яднанне Кіпра, каб закупляць газ і там, піша РБК.

Нармалізацыя стасункаў з Ізраілем дазволіць Турцыі імпартаваць газ з гэтай краіны, каб знізіць залежнасць ад расейскіх паставак, распавялі Bloomberg дзве дасведчаныя крыніцы ў турэцкім ўрадзе. З іх словаў, пасля інцыдэнту з расейскім бамбавіком, які ў лістападзе збілі турэцкія знішчальнікі, канфідэнцыйныя кантакты паміж Анкарой і Ерусалімам сталі больш інтэнсіўнымі.

Турцыя таксама вядзе перамовы з грэцкай і турэцкай абшчынамі Кіпра ва ўзнаўленні адзінай дзяржавы. У перспектыве закупкі газу плануюцца і ў Ізраілі, і на Кіпры, што дазволіць Турцыі дыверсіфікаваць пастаўкі і наблізіць ператварэнне краіны ў энэргетычны вузел паміж Усходам і Захадам, заявіла агенцтву адна з крыніц.

Адзін з суразмоўцаў Bloomberg сказаў, што прымірэнне з Ізраілем, магчыма, рушыць услед за ўгодай у аб'яднанні Кіпра, прызначанай на вясну 2016 года. Другая крыніца адзначыла, што кампраміс з Ерусалімам можа быць дасягнуты «дзіўна хутка» ў найбліжэйшыя месяцы.

Расея ўвяла разнастайныя гандлёвыя санкцыі супраць Турцыі за збіты самалёт. Была таксама прыпыненая рэалізацыя праекта газаправода «Турэцкая плынь» і будаўніцтва АЭС, якое вялося пры ўдзеле «Расатама».

Дыпламатычныя стасункі Ізраіля і Турцыі былі замарожаныя ў 2010 годзе, калі ізраільскі спецназ высадзіўся на турэцкае судна з актывістамі, якія спрабавалі прарваць блакаду сектара Газа. У выніку інцыдэнту былі забітыя некалькі турэцкіх грамадзян. Турцыя адклікала свайго амбасадара ў Ізраілі, выслала ізраільскага амбасадара і скасавала супольныя вайсковыя вучэнні. Анкара таксама запатрабавала выплаты кампенсацый сем'ям загінулых і зняцця марской блакады Газы, што ў Ерусаліме ўважаюць за непрымальнае.

Крыніца Bloomberg у турэцкай энэргетычнай галіне, якая ведае пра перамовы, распавяла, што Ізраіль асцярожна ставіцца да перспектыў прымірэння, а Турцыя са свайго боку гатовая пагадзіцца з блакадай Газы ў абмен на выплату кампенсацыі ахвярам інцыдэнту.

Ананімная крыніца агенцтва ва ўрадзе Ізраіля сказала, што прэм'ер-міністр Беньямін Нетаньяху шукае альтэрнатывы газаправоду ў Турцыю і ў студзені правядзе перамовы з кіраўніцтвам Кіпра і Грэцыі, бо Афіны таксама выказалі зацікаўленасць у тым, што паліўная магістраль у Еўропу праходзіла праз яе воды.

Турцыя імпартуе прыкладна 98% прыроднага газу, з якіх на Расею прыпадае 56%. Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган раней казаў, што Анкара знойдзе замену расейскім нафце і газу ў Катары і Азербайджане.

У пачатку снежня Турцыя і Азербайджан дамовіліся паскорыць будаўніцтва Трансанаталійскага газаправода (TANAP), каб увесці яго ў строй датэрмінова. Пуск TANAP, які з'яўляецца часткай Паўднёвага газавага калідора, быў першапачаткова запланаваны на 2018 год. Ён будзе праходзіць праз Турцыю ад мяжы з Грузіяй да мяжы з Балгарыяй і Грэцыяй. У перспектыве праз TANAP будзе таксама ісці газ з Туркменіі і з Блізкага Усходу.

24 лістапада Расея страціла ў Сірыі бамбавік Су-24: самалёт быў збіты турэцкім знішчальнікам. Турэцкія ўлады сцвярджаюць, што самалёт уварваўся ў іх паветраную прастору і не рэагаваў на папярэджанні. Расея заяўляе, што самалёт не перасякаў мяжу і не атрымліваў ніякіх папярэджанняў ад Турцыі. Абодвум пілотам Су-24 удалося катапультавацца, аднак аднаго з іх абстралялі з зямлі, калі ён спускаўся на парашуце. У выніку пілот загінуў.

Пасля інцыдэнту з Су-24 прэс-сакратар расейскага прэзідэнта заявіў, што расейская авіяцыя, якая дзейнічае ў Сірыі, будзе выконваць заданні пад прыкрыццём расейскіх СПА.

Міністр абароны таксама заяўляў, што Расея перакіне на сірыйскую авіябазу найноўшы зенітна-ракетны комплекс С-400, здольны збіваць усякія лятальныя апараты, а таксама крылатыя і балістычныя ракеты сярэдняй і малой далёкасці на вышынях да 35 кіламетраў.

28 лістапада прэзідэнт Расеі падпісаў указ аб увядзенні санкцый у дачыненні да Турцыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках