23 красавiка 2024, aўторак, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: У Беларусі адна дзяржаўная мова - руская

51
Вінцук Вячорка: У Беларусі адна дзяржаўная мова - руская

Беларуская мова ў краіне выконвае толькі дэкаратыўную ролю.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка.

- Спадар Вінцук, ці можна гаварыць пра ўсплёск цікавасці да беларускай мовы - з улікам таго, што цягам мінулага году адны за аднымі пачалі працаваць некалькі курсаў беларускай мовы, якія збіраюць сотні студэнтаў не толькі ў Менску, але і ў Гомелі, Баранавічах, Магілёве, іншых гарадах?

— Відавочна, што падрасло новае пакаленне, якое гадавалася ў антыбеларускай ці, прынамсі, абеларускай атмасферы, створанай гэтым рэжымам. Гэтая атмасфера пазбаўленая ўсіх беларускіх каштоўнасцяў, беларускай гістарычнай памяці і таксама рэальнай сферы ўжывання беларускай мовы. Аднак высветлілася, што ў сучасным свеце без надзейнага духоўнага апірышча вельмі цяжка захаваць хоць нейкія каштоўнасці. Менавіта таму гарадзкія маладыя людзі звярнуліся да беларускай мовы і іншых праяваў беларушчыны. Тыя курсы беларускай мовы, якія, дарэчы, існуюць ужо вельмі даўно, раптам імгненна памножыліся і абраслі новымі масавымі жанрамі, як, напрыклад, моўныя шоў. Значыць, ёсць на гэта попыт. Але тут вельмі важна, каб гэты попыт не застаўся мінучай модай, а ператварыўся ў нешта інстытуцыянальнае, а гэта значыць, што людзі павінны загаварыць па-беларуску ў рэальным штодзённым жыцці — дома, у грамадзкім транспарце, у навучальных установах, на працы.

- Сёння ў Ліцэі БДУ і ў Акадэміі кіравання ладзяцца «Святы вышыванкі і роднай мовы». Дык выходзіць, што тое, што пачыналася ў дэмакратычных моладзевых асяродках, падхопліваецца дзяржаўнымі ўстановамі?

- Трэба разумець, што гэтыя ініцыятывы паходзяць усё ж не ад адміністрацыі гэтых навучальных установаў, а ад навучэнцаў. А тое, што такія ініцыятывы ажыццяўляюцца, азначае, што ўлады разгубленыя - тое, што было б дакладна забароненае пару гадоў таму, цяпер не забараняюць. Высветлілася, што настойлівае ламанне і вынішчэнне нацыянальных каштоўнасцяў, гвалтоўны паварот маладога пакалення ў бок «саўка», а тым самым — у бок «русского мира», не спрацоўвае і ніякага выніку не дае. І маладыя шукаюць сапраўдныя каштоўнасці. Так што я б сказаў, што гэтыя імпрэзы ладзяцца не дзякуючы ўладзе, а насуперак ёй і ўсяму вектару ейных ідэалагічных паводзінаў. Проста ўлада здае некаторыя пазіцыі.

- Які стан беларускай мовы ў сферы адукацыі? На дзяржаўным узроўні гучаць заклікі пераводзіць прадметы на беларускую мову, але на лакальным - беларускія сем’і не могуць дамагчыся для сваіх дзяцей школьнага навучання на роднай мове.

У нас фармальна 53% уважаюць роднаю беларускую мову, і толькі 1% можа атрымліваць на ёй вышэйшую адукацыю

— Аляксандар Лукашэнка і прызначаныя ім міністры могуць заяўляць усё што заўгодна. Глядзець трэба не ў рот, а на рукі — на тое, што рэальна робіцца. А рэальна як не было інстытуцыянальнай магчымасці вучыць дзяцей і вучыцца студэнтам па-беларуску, так яе і няма. Сёння менш за 1% студэнтаў вучацца па-беларуску, і гэта студэнты філфакаў, дзе не выпадае выкладаць па-расейску беларускую літаратуру. Вядома, ёсць выкладчыкі, якія, нягледзячы ні на што, чытаюць свае курсы па-беларуску на нефілялягічных спецыяльнасцях. Але агулам, што да ВНУ, карціна вельмі змрочная. У нас фармальна 53% уважаюць роднай беларускую мову, і толькі 1% можа атрымліваць на ёй вышэйшую адукацыю. Гэта нечуваная каланізатарская дыскрымінацыя. Што да школаў, то ў двухмільённым Менску, дзе ёсць блізу 250 школ, толькі 5 сярэдніх навучальных устаноў паводле статутаў маюць беларускую мову навучання, дый з гэтага яшчэ не вынікае, што ў іх сценах пануе беларуская мова.

Вось загаварылі пра выкладанне гісторыі і геаграфіі па-беларуску. Тут проста анекдатычная сітуацыя. Ну, сказаў новы міністар адукацыі, што, маўляў, разгледзім магчымасць вяртання да іх выкладання па-беларуску. Але ўжо забыліся, што 6–7 гадоў таму «Геаграфія Беларусі» і «Гісторыя Беларусі» выкладаліся па-беларуску ва ўсіх навучальных установах, а Лукашэнка і ягоня памагатыя скасавалі гэтую абсалютна нармальную завядзёнку. Я маю на ўвазе, што яны прыдушылі беларушчыну нават тут, цяпер намякнулі, што гэта можа вярнуцца, - і некаторыя людзі адразу пачалі рабіць з гэтага глабальныя высновы. Ніякага глабальнага павароту з боку ўлады не адбылося. Але вельмі значна, што адбываецца паварот з боку грамадзтва, што актывізуюцца бацькі, што яны гарызантальна структуруюцца і спрабуюць нечага дамагчыся супольна.

Ніякага глабальнага павароту з боку ўлады не адбылося. Але вельмі значна, што адбываецца паварот з боку грамадзтва

- Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што бацькі актывізуюцца?

- Летась Таварыства беларускай школы правяло агульнанацыянальны бацькоўскі сход. Актыўныя бацькі з розных гарадоў з’ехаліся ў Менск, дзе падзяліліся сваім досведам — пераможным і сумным — і накіравалі ў Міністэрства адукацыі свае прапановы, каб у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі былі закладзеныя інстытуцыянальныя гарантыі стварэння беларускамоўных садкоў, школаў і групаў у вышэйшых навучальных установах. Да таго ж садкі і школы павінны быць у пешай даступнасці. У кожнага чалавека павінна быць права выбару, на якой мове вучыць сваё дзіця.

— Як на сітуацыю ўплываюць заявы кіраўніка дзяржавы пра важнасць беларускай мовы? Ці яны робяцца толькі на фоне пагрозы з Расеі ў святле палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне?

— Аляксандар Лукашэнка падчас сваіх шматгадзінных бэнэфісаў кожнаму пасьпявае нешта нагаварыць. Кожны ў ягоных прамовах можа знайсці тое, што захоча. Хтосьці чуе, што Беларусь — гэта не частка «рускага міру», а хтосьці, што беларусы — гэта рускія са знакам якасці. Так і з заявамі пра беларускую мову. Пакуль няма інстытуцыянальных пастаноў, усё гэта пустая гаварыльня, якая ніяк не ўплывае на паводзіны канкрэтных чыноўнікаў у сітуацыях канкрэтных пастаноў, якія патрабуюць бюджэтнага фінансавання. Скажам, стварэнне беларускай школы ці адкрыццё беларускамоўных падрыхтоўчых курсаў да паступлення ў ВНУ. Таксама трэба мець на ўвазе, што заявы Лукашэнкі нібыта нацыянальна арыентаванага кшталту маюць адрасатам Уладзімера Пуціна, з якога такім чынам трэба займець сведчанні падтрымкі і лаяльнасці, лепш за ўсё выражаныя ў зніжаных коштаў на энэрганосьбіты.

- Які рэальны статус мае беларуская мова ў Беларусі? Усё ж нельга казаць, што яе няма наагул - напрыклад, указальнікі на дарогах і абвесткі ў транспарце застаюцца на беларускай мове.

- Што да шыльдаў з геаграфічнымі назвамі, то, дзякуй Богу, ва установе, адказнай за іх, у Дзяржаўным камітэце зямельных рэсурсаў, заўсёды добра і моцна быў чуваць голас беларускіх мовазнаўцаў. Гэта тая сфера, якая нават у савецкі час дапускала выкарыстанне беларускай мовы. Што да іншых сфераў, то сітуацыя зусім іншая. Не так даўно мне давялося праходзіць мытны кантроль у менскім аэрапорце, і я папрасіў там мытную дэкларацыю па-беларуску. На што дзяўчына-мытніца мне сказала: «У нас два государственных языка, поэтому у нас декларации по-русски». Гэтая жалезная логіка і юрыдычная бездакорнасць, на жаль, пануе ў нас татальна і сведчыць пра тое, што няма ў нас дзвюх дзяржаўных моваў, а ёсць толькі адна — расейская. Калі б былі дзве, то тады б у любой сітуацыі ў грамадзянаў быў бы выбар, тады любы чыноўнік пераключаўся б на беларускую мову, пачуўшы такую ад грамадзянаў, якія звяртаюцца да яго. Таму беларуская мова выконвае толькі дэкаратыўную ролю.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках