24 красавiка 2024, Серада, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Барыс Нямцоў марыў убачыць свабодную Беларусь

4
Deutsche Welle: Барыс Нямцоў марыў убачыць свабодную Беларусь

Беларускія дэмакраты смуткуюць аб гібелі Барыса Нямцова.

Ім будзе не ставаць падтрымкі сябра, якім быў для іх забіты расейскі палітык, паведамляе Deutsche Welle.

1 сакавіка, у дзень, калі ў розных гарадах Расеі праходзілі акцыі ў памяць пра забітага апазіцыянера Барыса Нямцова, Беларусь прадаўжала жыць сваім жыццём. Прадпрымальнікі страйкавалі супраць немагчымасці выконваць тэхрэгламенты ЕАЭС, Менск высвятляў стасункі з Кыргызстанам праз адмову выдаваць сям'ю былога прэзідэнта Бакіева, а афіцыйныя СМІ заяўлялі аб дыпламатычным прарыве Беларусі на заходнім фронце. Да расейскай амбасады ў беларускай сталіцы з кветкамі і партрэтамі забітага прыйшлі два дзесяткі чалавек.

Але для беларускай дэмакратычнай грамадскасці паведамленне аб забойстве расейскага палітыка стала сапраўдным шокам. Брутальная расправа з непрымірымым і паслядоўным крытыкам кіравання Пуціна вельмі падобная да знішчэння апанентаў рэжыму Лукашэнкі - без перспектывы расследавання, якім стала ў Беларусі знікненне апазіцыйных палітыкаў і смерць некалькіх незалежных журналістаў.

Персона нон грата

Для афіцыйнага Менска расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў быў персонай непажаданай. У кастрычніку 2002 года яму на 5 гадоў быў забаронены ўезд у Беларусь. Тады, адразу па прылёце з Масквы на сустрэчу з беларускай апазіцыяй, Нямцова адправілі назад у Расею паводле абвінавачвання ў незаконным правозе грошай і літаратуры, якая была "накіраваная на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў дзяржаве Беларусь". Пасля выбараў 2010 года Лукашэнка, які разагнаў мірны мітынг, зноў абвінаваціць палітыка ў падбухторванні беларускай моладзі да беспарадкаў.

Але галоўнай прычынай непрыязнасці Менска было тое, што Нямцоў не асабліва трымаўся ветлівасці, даючы непахвальныя характарыстыкі расейскай і беларускай уладзе. Ён казаў пра несумленныя выбары ў Расеі і Беларусі, патрабаваў вызвалення палітвязняў і папярэджваў, што Крэмль хоча выкарыстоўваць тэрыторыю суседняй краіны як плацдарм для размяшчэння тактычных узбраенняў.

"Расея ідзе шляхам лукашызму", "Пуцін - вучань Лукашэнкі, і з некаторым спазненнем робіць усе паскудствы ў дачыненні да сваіх грамадзян, якія робіць Лукашэнка да грамадзян Беларусі". Гэтыя заявы Нямцова не маглі не раздражняць кіраўнікоў абедзвюх краін, галоўнай мэтай якіх з'яўляецца ўтрыманне ўлады любымі сродкамі - уяўным пагрозамі з боку Захаду, і распальваннем агрэсіі ў грамадстве, і дзяленнем на "сваіх" і "чужых", і шальмаванне крытыкаў улады.

На тое, што рэжымы Пуціна і Лукашэнкі сапраўды падобныя, паказвае асаблівы цынізм прапагандыстаў, якія разважаюць, што застрэлены ў Маскве палітык не ўяўляў небяспекі для Крамля. Прыкладна так жа пра адсутнасць пагрозы з боку зніклых без вестак беларускіх палітыкаў разважаў і кіраўнік у Менску.

Салідарнасць з Беларуссю

Але, нягледзячы на нелюбоў менскага кіраўніцтва, сувязі Барыса Нямцова з прыхільнікамі дэмакратыі ў Беларусі былі цеснымі. Апазіцыянер падтрымліваў беларускіх апанентаў нязменнага больш за 20 гадоў Аляксандра Лукашэнкі і выступаў за салідарнасць дэмакратычных сіл абедзвюх краін. Але меркаваў пры гэтым, што Беларусі лепш трымацца далей ад пуцінскай Расеі. Асаблівую небяспеку ён бачыў у тым, што беларускае кіраўніцтва завяло эканоміку краіны ў поўную залежнасць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў, што пагражае стратай незалежнасці.

Нямцоў неаднаразова сустракаўся з многімі беларускімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Беларусі, сябраваў з лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолем Лябедзькам, беларускімі журналістамі Паўлам Шараметам і Святланай Калінкінай, якім у свой час дапамагаў выдаць кнігу "Звычайны прэзідэнт" пра Аляксандра Лукашэнку.

Год таму, у красавіку, палітык прыязджаў у Менск для падпісання заявы аб супрацоўніцтве беларускай Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і Рэспубліканскай партыі Расеі - Партыі народнай свабоды (РПР-Парнас), сустаршынём якой ён быў з 2012 года. Барыс Нямцоў марыў, што калі-небудзь ён прыедзе ў незалежную Беларусь, дэмакратычная будучыня якой, была для яго такім жа клопатам, як і змены ў Расеі. Не спраўдзілася. Беларусы страцілі сапраўднага сябра і бескампраміснага прыхільніка пераменаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках