25 кастрычнiка 2021, панядзелак, 9:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У сетках з'явілася фота шыкоўнага палаца Пуціна

38

У інтэрнэце з'явіўся ўнікальны фотаздымак маёнтка ў італійскім стылі на беразе Чорнага мора, які называюць «палацам Пуціна».

Здымак у сваім Facebook размясціў паплечнік расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, супрацоўнік Фонду барацьбы з карупцыяй Георгій Албураў.

«Паглядзіце на фатаграфію палаца Пуціна пад Геленджыком (цяпер на афшор запісаны), яе нідзе раней не публікавалі», - пракаментаваў ён здымак.

Як нагадвае Обозреватель, упершыню аб шыкоўным палацы стала вядома ў канцы 2010 года. Партнёр пецярбургскіх сяброў Уладзіміра Пуціна Сяргей Калеснікаў напісаў адкрыты ліст прэзідэнту Дзмітрыю Мядзведзеву аб тым, што на беразе Чорнага мора ў вёсцы Праскавееўка ля курортнага горада Геленджыка ў Краснадарскім краі Расеі з 2005 года будуецца комплекс для Пуціна коштам у мільярд даляраў, і на гэта будаўніцтва трацяцца у тым ліку бюджэтныя грошы. Фармальным уладальнікам комплексу Калеснікаў назваў даўняга сябра Пуціна Мікалая Шамалава. Вясной 2011 года рэзідэнцыя была прададзеная кіпрскай кампаніі, бенефіцыярам якой з'яўляецца бізнэсовец Аляксандр Панамарэнка - дзелавы партнёр Аркадзя Ратэнберга, таксама сябра Уладзіміра Пуціна.

У расследаванні Reuters гаворыцца, што асабняк пабудаваны ў стылі неакласіцызму, з садам правільнай формы.

У комплекс плошчай 87 га і з каштарысам 700-800 млн даляраў уваходзіць палац плошчай 2 тыс. кв. метраў, які вытрымоўвае землятрус у 9 балаў, а таксама бунгала, тэатр, амфітэатр, спарткомплекс, чайны дамок і 3 верталётныя пляцоўкі. Да мора і пляжу вядзе 90-метровая ліфтавая шахта, ад якой адыходзіць ледзь меншай даўжыні тунэль ад ліфта да мора, які выконвае таксама функцыю «элементаў грамадзянскай абароны» (бункера). Акрамя таго, на тэрыторыі размешчаны 3-павярховы вінзавод з шато і вінаграднікамі.

Комплекс праектаваў і будаваў італійскі архітэктар, цесна звязаны з расейскай наменклатурай і нафтавым бізнэсам.

Адзначаецца, што яшчэ ў 2005 годзе Пуцін вылучыў на «рэанімацыю» медыцынскіх устаноў у рамках праграмы «Здароўе» адзін мільярд даляраў - было запланаванае будаўніцтва сучасных кардыялагічных і траўматалагічных цэнтраў. Прынамсі, 49 млн даляраў з гэтых грошай пасля «адмывання» пайшло менавіта на будаўніцтва «палаца Пуціна».

Экалагічная вахта Паўночнага Каўказу на аснове здымкаў з космасу ўстанавіла, што для будаўніцтва «лецішча Пуціна» каля Геленджыка было высечана больш за 45 гектараў лесу.