29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стыхійны пратэст у Менску: на пенсіянераў нацкавалі АМАП

27

Даведаўшыся аб магчымым пікеце жыхароў дома, улады даслалі АМАП і спецтэхніку. У выніку пенсіянеры мітынгавалі на лесвіцы.

Жыхары дома №109 на праспекце Незалежнасці патрабуюць для свайго дома капітальнага рамонту. Улады згодныя - пры ўмове, што надбудуюць тры дадатковыя паверхі, паведамляе «Радыё Свабода».

Сёння з раніцы ў пад'ездзе трохпавярховага дома на галоўным праспекце беларускай сталіцы прайшоў пікет з удзелам 20 жыхароў, якія стаялі на лесвіцы, трымаючы расцяжку «Дому 63 гады. Патрабуем капітальнага рамонту. Капітальнага рамонту без надбудовы».

Журналісты пагутарылі з Віктарам Янчурэвіч, кіраўніком грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва», якая дапамагае менчукам абараняць свае інтарэсы, кансультуе ў пытаннях звароту ў органы кіравання.

- Чым выкліканы пікет?

- Жыхары шмат гадоў змагаюцца з мясцовай адміністрацыяй, якая адмаўляецца праводзіць капітальны рамонт дому без надбудовы новых паверхаў. Гэта трохпавярховы дом, і ўлады хочуць надбудаваць яшчэ тры. Жыхары выступаюць супраць, абышлі ўсе магчымыя інстанцыі, і, не знайшоўшы паразумення, цяпер гатовыя да больш значных дзеянняў, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадскасці.

- Чаму жыхары дома супраць мансардных паверхаў?

- Па-першае, шмат гадоў жыхары плацілі адлічэнні на капітальны рамонт дома. Паводле закону, рамонт павінен быць праведзены без надбудовы дадатковых паверхаў. Адміністрацыя ўважае рамонт без надбудовы за эканамічна немэтазгодны, бо дом малы, і рамонт пацягне за сабой шмат выдаткаў. Па-другое, надбудову паверхаў хочуць рабіць без адсялення жыхароў. Гэта значыць, што будуць зносіць дах, умацоўваць сцены. Жыць там у гэты час будзе не камфортна, брудна і проста небяспечна.

- Чаму пікет прайшоў у пад'ездзе, а не на вуліцы?

- Жыхары, вядома, планавалі выйсці на вуліцу, каб зрабіць публічны зварот да СМІ. Але пра гэта даведаліся мясцовыя ўлады і накіравалі ў дом міліцыянтаў, супрацоўнікаў у цывільным, АМАП, які дзяжурыў у пераходзе метро побач з домам, а таксама супрацоўнікаў ЖЭСа з вышкай, каб тыя тэрмінова знялі расцяжку, калі яна будзе вывешаная з даху. У выніку жыхары дома наважылі не рызыкаваць і правесці пікет у пад'ездзе.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках