29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар Дунаеў: Акадэмічныя каштоўнасці прыносяцца ў ахвяру геапалітычным інтарэсам

Прафесар Дунаеў: Акадэмічныя каштоўнасці прыносяцца ў ахвяру геапалітычным інтарэсам
Уладзімір Дунаеў

14-15 траўня ў Ерэване пройдзе саміт міністраў адукацыі краін ЕЗ, на якім разгледзіцца пытанне ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс.

Пра тое, наколькі адпавядае сістэма вышэйшай адукацыі і акадэмічных каштоўнасцяў у Беларусі еўрапейскіх стандартам сайт сharter97.org пагутарыў з экспэртам Грамадскага Балонскага камітэта, экс-прарэктарам ЕГУ, прафесарам філасофіі Уладзімірам Дунаевым.

- Вы ўжо казалі ў СМІ пра тое, што пытанне прыняцця Беларусі ў Балонскі працэс будзе мець, хутчэй за ўсё, фармальны характар, бо станоўчая пастанова ўжо падрыхтаваная рабочай групай. Гэта значыць, нам не варта чакаць на саміце міністраў «гарачай дыскусіі» аб беларускім пытанні?

- Безумоўна, бо гэта звычайная практыка, калі пастанова рыхтуецца ў рабочай групе. Гэта было і мінулым разам у 2012 годзе, калі Беларусі адмовілі, дакладней, перанеслі дату ўступлення. Рабочая група разглядае пытанне і дае рэкамендацыі, якія саміт, адпаведна, выконвае. Акрамя таго, у фармаце саміту не прадугледжана паўнавартасных дыскусій паводле рэгламенту. Звычайна ўсё ўжо падрыхтавана загадзя.

- А сама працэдура прыняцця пастановы мае характар галасавання або кансэнсусу? Гэта значыць, ці магчымы варыянт, што хто-небудзь з еўрапейскіх міністраў заблакуе гэтую пастанову?

- Усё прымаецца кансэнсусам. Але менавіта таму і патрэбна такая папярэдняя практыка ў працоўнай групе, каб не было ніякіх «сюрпрызаў». У склад рабочай групы ўваходзілі прадстаўнікі практычна ўсіх краін, прадстаўленых на саміце, і я думаю, што «сюрпрызаў» не будзе.

- Гэта значыць, кансэнсус ужо дасягнуты на ўзроўні рабочай групы?

- Цалкам дакладна! Усё ўзгадняецца ўжо на гэтай стадыі. Хоць, вядома, усё можа быць, але гэта малаімаверна.

- А Грамадскі Балонскі камітэт і беларускія праваабарончыя арганізацыі - яны нейкім чынам супрацоўнічалі з рабочай групай, маглі паўплываць на яе пастанову?

- Вядома. Грамадскі Балонскі камітэт чарговым разам падрыхтаваў альтэрнатыўны план, у якім выклаў бачанне таго, наколькі Беларусь гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс. Мы гэта рабілі ў 2011 годзе, і тады паводле нашага дакладу ў 2012 годзе была прынятая пастанова адкласці разгляд заяўкі Беларусі да 2015 года. Гэтым раз мы таксама падрыхтавалі такі даклад, далі свае рэкамендацыі. Нашая прапанова была - прымаць Беларусь умоўна. Гэта значыць абумовіць уступленне Беларусі ў Балонскі працэс нейкай «дарожнай картай», якая дазволіла б пераадолець тыя перашкоды, якія заміналі і раней, і далей перашкаджаюць. Пры гэтым мы выкарыстоўвалі і ацэнкі праваабарончых арганізацый. Мы таксама далі свае рэкамендацыі аб тым, што павінна быць уключана ў «дарожную карту», якія павінны адбыцца змены ў заканадаўстве. І, нават да прэзентацыі гэтага дакладу, мы падалі мемарандум, у якім пазначылі нашае разуменне сітуацыі.

- Якія з'явы ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі перашкаджаюць, на вашую думку, прыняццю нашай краіны ў Балонскі працэс?

- Перашкодай застаюцца тыя ж хібы нашай сістэмы адукацыі, якія сталі прычынай пераносу заяўкі Беларусі ў 2012 годзе. Гэта недастатковая аўтаномія ВНУ, адсутнасць паўнавартаснай акадэмічнай свабоды і слабы ўдзел студэнтаў у кіраванні адукацыяй і сваімі ўстановамі. Гэтыя праблемы застаюцца дагэтуль неразвязанымі. Нашыя рэкамендацыі рабочай групы тычыліся таго, што трэба зрабіць, каб узровень аўтаноміі ВНУ ў Беларусі - а ён вымяраецца трыццаццю індыкатарамі - павялічыўся настолькі, каб Беларусь з еўрапейскіх аўтсайдэраў наблізілася да лідараў, як гэта здолела зрабіць Эстонія. І галоўным у гэтым пытанні з'яўляецца вяртанне да выбарнасці рэктараў, як гэта было да 1997 года. Сёння рэктары - гэта проста шрубкі ў бюракратычным механізме ўладнай вертыкалі. Яны не падпарадкоўваюцца акадэмічнай супольнасці - сваім калегам, выкладчыкам, студэнтам. І гэта, найперш, цягне характэрную для Беларусі палітычную інструменталізацыю вышэйшай адукацыі, выкарыстанне яе для неакадэмічных мэт. Акадэмічная свабода - гэта другая ўмова ўступлення ў Балонскі працэс. Галоўнае ў акадэмічнай свабодзе - гэта тое, каб выкладчык не баяўся за сказанае і напісанае слова. У нас, натуральна, гэтага няма. І ў першую чаргу гэта звязана з заганнай кантрактнай сістэмай. А што да студэнцкага ўдзелу - хоць тут нейкія невялікія крокі зробленыя ўладай, але пакуль яшчэ казаць аб паўнавартасным працэсе рана. Патрэбны рэальны ўдзел студэнтаў у органах студэнцкага самакіравання і ў органах нацыянальнага ўзроўню, якім мог бы, напрыклад, стаць Нацыянальная рада студэнтаў.

- Праваабарончыя арганізацыі рэгулярна публікуюць факты парушэння правоў студэнтаў: адлічэнні паводле палітычных матываў, прымус да датэрміновага галасавання на выбарах... Гэтыя факты вядомыя працоўнай групе аб прыняцці Беларусі ў Балонскі працэс?

- Вядома, усё гэта адлюстравана ў нашым дакладзе. Маштабы рэпрэсіяў супраць студэнтаў апошнім часам сталі больш сціплымі, але ёсць цалкам беспрэцэдэнтныя факты рэпрэсій у дачыненні да выкладчыкаў. Гэты сумна вядомы «гарадзенскі кэйс», так званы «спіс Шапіры». Гэта цяпер самы абуральны факт.

- Нават такія факты не змогуць паўплываць на вынікі саміту?

- Баюся, што не. Мне здаецца, што геапалітычныя інтарэсы прымушаюць ахвяраваць акадэмічнымі каштоўнасцямі. На ўсе нашыя заўвагі ў працоўнай групе нам адказвалі, што, калі Беларусь стане сябрам Еўрапейскай сістэмы вышэйшай адукацыі, то, магчыма, штосьці ў нас выправіцца. Ёсць, вядома, вялікія сумневы ў гэтым.

- Вы не думаеце, што безумоўнае прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс, наадварот, закансервуе існую ў нас сістэму адукацыі ды каштоўнасцяў? Бо навошта старацца, калі ўжо прынялі...

- Гэта не зусім безумоўны прыём. Адмова ад прыёму ў 2012 годзе - гэта і была спроба падштурхнуць Беларусь да рэформаў. Але, праўда, рэформы гэтыя вельмі сціплыя і тычацца толькі структуры адукацыі, але, зусім не, не каштоўнасцяў. Нашая пазіцыя - трэба абумовіць уступленне Беларусі нейкімі міжнароднымі абавязаннямі беларускага ўрада аб імплементацыі еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцяў. У існай у нас выродлівай сістэме каштоўнасцяў, вышэйшая адукацыя накіраваная не на фармаванне вольнай акадэмічнай супольнасці, а на выпрацоўванне лаяльнасці да ўлады. І гэты канфлікт каштоўнасцяў перашкаджае нам сур'ёзна прасунуцца ў кірунку паляпшэння якасці адукацыі.

- Вы згадалі пра магчымыя «геапалітычныя» матывы прыняцця пастановы аб Беларусі на будучым саміце. Якія менавіта інтарэсы геапалітыкі могуць ляжаць у падмурку пастановы аб прыняцці Беларусі?

- Ёсць такая мара - пра Еўропу «ад Лісабона да Уладзівастока». Сёння гэтая думка трохі аціхла на фоне падзей, якія расколваюць еўразійскі кантынент. Але, аднак, Балонскі працэс - гэта адзіны паспяховы на сённяшні дзень пан-еўрапейскі праект. Напэўна, у інтарэсах захавання надзеі на цэласнасць Еўропы, да Балонскага працэсу ставяцца з такім геапалітычным падыходам.

- А ў найбліжэйшай будучыні такі маральна-прававы рэлятывізм дзеля геапалітычных інтарэсаў, ці не прычыніцца, на вашую думку, да абясцэньвання ідэі агульнаеўрапейскай акадэмічнай прасторы?

- Напраўду, рызыкі тут ёсць, і гэты нагода для сур'ёзных дыскусій. І яны ідуць. Адсутнасць сур'ёзнага прававога механізму ўплыву на краіны, якія хочуць далучыцца да Балонскага працэсу, шмат кім разглядаецца як сур'ёзная хіба. Але, з іншага боку, гэта добраахвотнае аб'яднанне. Што тут зробіш? Мы б хацелі больш прынцыповага ставіцца да акадэмічных каштоўнасцяў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках