19 красавiка 2024, Пятніца, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатарскую Беларусь прынялі ў Балонскі працэс

10
Дыктатарскую Беларусь прынялі ў Балонскі працэс

Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА).

Пра гэта было абвешчана 14 траўня ў Ерэване на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форуме Балонскай палітыкі. Падчас дыскусіі аб уступленні Беларусі некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі выказалі занепакоенасць. Міністры адукацыі Нарвегіі, Швецыі, Нідэрландаў і Ісландыі заявілі аб неабходнасці выканання Беларуссю ўмоў дарожнай карты ў далучэнні да Балонскага працэсу, піша БелаПАН.

Прадстаўніца Швецыі, між іншым, падкрэсліла, што адчувае сваю адказнасць за пашырэнне студэнцкіх і акадэмічных свабодаў у Беларусі, таму, на яе думку, «вельмі важна, каб краіна трымалася гэтай дарожнай карты».

А міністр адукацыі Ісландыі заявіў: «Дарожная карта - гэта не прапанова, а патрабаванне, якое павінна быць выкананае. Важна, каб усе яе ўмовы былі выкананыя як мінімум. Мы павінны вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, ці выконваюцца там акадэмічныя свабоды, прынцыпы мабільнасці і агулам правы чалавека».

Заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу і далучэнне да ЕПВА Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала ў 2014 годзе. У пачатку красавіка гэтага стала вядома, што беларускае пытанне ўключана ў парадак дня, і кіраўнік Мінадукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на канферэнцыю ў Ерэван.

Беларусь ўступіла ў Балонскі працэс з другой спробы. Першую заяўку меркавалася разгледзець яшчэ ў красавіку 2012 года на саміце міністраў адукацыі ЕПВА. Аднак пры падрыхтоўцы саміту Балонская рабочая група наважыла зняць заяўку Беларусі з парадку дня ў сувязі з невыкананнем краінай такіх прынцыпаў Балонскага працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Кіраўніцтва Мінадукацыі Беларусі, са свайго боку, неаднаразова заяўляла, што гэтыя прэтэнзіі «ляжаць не ў сферы адукацыі, а ў іншай сферы», і што Беларусь даўно гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс. Пры гэтым міністр адукацыі не сумняваўся ў тым, што чарговая спроба далучэння будзе паспяховай. «Мне здаецца, я нават упэўнены, што сёлета ў нас усё атрымаецца. І мы спакойна, без мітусні станем сябрамі Балонскага працэсу», - заявіў Міхаіл Жураўкоў незадоўга да паездкі ў сталіцу Арменіі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках