28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стэп пад Пінскам: што чакае Беларусь, калі не спыніць дэградацыю зямель

15

Па дадзеных ААН, дэградацыя зямель Беларусі з'яўляецца актуальнай экалагічнай праблемай для краіны.

Асноўнымі чыннікамі і формамі выяўлення дэградацыі з'яўляюцца: водная і ветравая эрозія глеб, хімічнае заражэнне (у тым ліку і радыёнукліднае), пагаршэнне уласцівасцяў тарфяных глеб, дэградацыя зямель як вынік здабычы торфу, будаўнічых работ, тарфяных пажараў і асушэння балот, паведамляе «Белсат».

Паводле звестак НДІ глебазнаўства і аграноміі НАН Беларусі плошча ў той ці іншай ступені пашкоджаных глеб на сельскагаспадарчых землях складае больш за 4 млн га, з якіх блізу 2,5 млн га - ворныя, з іх толькі 550 тысяч га пашкоджана пры дапамозе водна-ветравой эрозіяй.

«Фактычна мы назіраем ператварэнне зямель у стэп. Калі зменіцца клімат на стэпавы - лес у стэпе не расце, а лес - гэта наша ўсё. Запусціцца цэлы каскад ланцуговых рэакцый змены клімату, і пачнуцца ўжо незваротныя наступствы», - спецыяліст арганізацыі «Зялёная сетка Беларусі» Ігар Куталоўскі распавёў «Белсату», чым небяспечнае ігнараванне дэградацыі зямель.

На першы погляд можа здацца, што праблемы сухмені і наступу пустэльні не надта актуальныя для нашай краіны. Нашым сельгасрабочым не так часта даводзіцца сутыкацца з працяглымі перыядамі сухога надвор'я, ды і тысяч людзей, што галадаюць наўпрост ад збяднення глеб, у нас, быццам, таксама няма. Аднак напраўду ўсё не так ужо і весела.

Чарнобыль і «Беларуськалій» - дзве катастрофы Беларусі

Нельга таксама абыходзіць бокам і радыёнукліднае заражэнне зямель, выкліканае аварыяй на ЧАЭС, якое, паводле звестак ААН, не мае аналагаў у свеце. На сённяшні дзень пашкоджана блізу 1,3 млн га сельскагаспадарчых зямель і 1,6 млн га лясных фондаў, што складае больш за 20% плошчы краіны. Таксама адзначаецца, што назіраецца гарызантальная міграцыя радыёнуклідаў, якая павялічвае плошчу забруджвання.

Найвялікшае прадпрыемства краіны «Беларуськалій» таксама ўносіць істотную лепту ў забруджванне навакольнага абшару. За час работы прадпрыемства з пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, якое штогод узнімае на паверхню да 30 млн тон пароды, назіраецца дэградацыя і спусташэнне зямель на плошчы 120-130 км2 каля тэрыконаў (штучныя насыпы з «пустых» парод).

Злачынная бяздзейнасць

Спецыяліст арганізацыі «Зялёная сетка Беларусі» Ігар Куталоўскі канстатуе, што з боку дзяржавы мэтанакіраваных і сістэмных дзеянняў ліквідацыі наступстваў або прадухілення дэградацыі зямель не праводзіцца.

- Некалькі гадоў таму грамадскасць пісала лісты ў Мінпрыроды з нагоды высечак ахоўных палос, Мінпрыроды нам казала, што так, мы разумеем, міністр нам казаў, што ён камусьці там нешта казаў. Але на нейкі высокі ўзровень гэта не было ўзнята, і ніякіх адэкватных дзеянняў не адбывалася. Як прыклад - Гомельская вобласць, дзе гэтай абсады высякалася больш за ўсё - больш за ўсё ад сушы цяпер і церпіць. І такіх прыкладаў вельмі шмат. У нас жа штогод сухая расліннасць мэтанакіравана выпальваецца на палетках, а дзяржава ніякіх дзеянняў, ніякай мэтанакіраванай інфармацыйнай кампаніі не праводзіць - дзе-небудзь што-небудзь МНС або Мінпрыроды нешта скажа.

- Вы кажаце, няма інстытутаў і арганізацый, якія маглі б гэтым заняцца мэтанакіравана - а Інстытут глебазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук чым займаецца?

- Яны праблему вывучаюць, яны маюць даклады, даследаванні, аб тым, напрыклад, што на Палессі вельмі сур'ёзная сітуацыя, калі на паверхню выходзяць пяскі і цягнуць за сабой незваротныя наступствы. Але ўсё гэта ў выглядзе канстатацыі і не ўносіцца ў нейкія праграмы. Вельмі шмат сродкаў траціцца ў адваротны бок, выкошваюць узбочыны дарог. Ёсць жа меліярацыйныя сістэмы, дзе, калі прыйдзе суш, трэба замкнуць шлюзы, але ніхто гэтым чамусьці не займаецца. Такіх прыкладаў вялікае мноства. Ёсць балоты, якія натуральным шляхам аднавіліся, узбагаціліся нейкай біялагічнай разнастайнасцю, падсілкоўваюць вільгаццю найбліжэйшыя палі - але іх зноў раскарчоўваюць, высушваюць - і нічога не садзяць. І на такія дзеянні ва ўсёй краіне марнуюць мільярды. Дзяржкантролю, можа быць, варта паглядзець, ацаніць адэкватнасць гэтых дзеянняў, іх апраўданасць. Гэта ўсё вельмі сур'ёзна.

- «Беларуськалій» сапраўды шкодзіць навакольнаму асяроддзю?

- Так, вядома. Я ведаю, што самая вялікая праблема там - гэта засаленне. Солі выветрываюцца і разносяцца паўсюль. Ёсць такі панятак, які ўжо даўно распрацаваны - экалагічная аптымізацыя тэрыторыі, калі ствараецца сістэмы ахоўных лесапасадак, калі ўздоўж усіх вадацёкаў і вадаёмаў - ахоўныя лесапалосы, калі ёсць ахоўныя зоны, калі ўсё гэта збалансавана. Калі балоты не асушваць, а, калі ёсць эканамічны сэнс - ліквідуецца залішняе ўвільгатненне - а гэта зусім іншы падыход. А ў нас ідзе асушванне, у выніку чаго прырода церпіць.

Вы паглядзіце, у нас цяпер знікла такая з'ява, як мясцовыя навальніцы, калі з раніцы, напрыклад, сонейка засвяціла, а надвечар сабраліся хмары і пайшоў дождж - выпарылася мясцовая вільгаць і побач жа і выпала. Цяпер такая з'ява стала вельмі рэдкая - гэта кажа пра тое, што мы парушылі натуральныя працэсы. Наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі.

- Груба кажучы, калі праводзіць нейкія разумныя дзеянні - наступствы дзейнасці такога гіганта, як «Беларуськалій» можна нівеляваць?

- Вядома, але нічога для гэтага не робіцца ў прынцыпе. Ёсць жа вось гэтыя тэрыконы, якія стаяць, нічым не нахінутыя, хоць можна было б якой абсадай іх накрыць - тэхналогіі гэтыя вядомыя. Наогул, усякая сельгастэрыторыя павінна быць аптымізаваная з пункту гледжання аховы прыроды. Але, мяркуецца, што гэта пакуль не трэба, маўляў, лішнія выдаткі, няма грошай.

- Якая сітуацыя наконт забруджвання тэрыторый менавіта радыёнуклідамі?

- З пункту гледжання біяразнастайнасці, прырода наогул адпачывае ў тых месцах ад чалавека. У часы лясных пажараў можа быць міграцыя радыёнуклідаў, аднак як такіх уздзеянняў на найбліжэйшыя абшары гэта не чыніць. З пункту гледжання прыроды тое, што мы атрымалі нейкую такую рэзэрвацыю - гэта нават добра. Калі ж будзе палітыка паскарэння асваення гэтых тэрыторый, то пачнецца зноў узворванне, пажараў стане больш, пачнецца ветравая эрозія - і міграцыя радыёнуклідаў павялічыцца, і ў харчы іх стане трапляць яшчэ больш».

- Што будзе, калі сітуацыя ў стаўленні дзяржавы да прыроды не зменіцца - які Ваш прагноз?

- Вільготнасць паветра ў нас ужо ўдзень меншая за 50% нават пасля дажджу, а бывае і 30, і 20 - для раслін гэта вельмі дрэнна. Фактычна, мы назіраем ператварэнне зямель у стэп. Калі зменіцца клімат на стэпавы - лес у стэпе не расце, а лес - гэта наша ўсё. Запусціцца цэлы каскад ланцуговых рэакцый змены клімату, і пачнуцца ўжо незваротныя наступствы. У нас ужо ідуць сур'ёзныя змены - ельнікі ўжо высыхаюць, дубровы. Пасля дэградацыі зямель могуць наступіць такія працэсы, наступствы якіх ужо немагчыма будзе зліквідаваць.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках