19 красавiка 2024, Пятніца, 21:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дармаеды на дзяржабеспячэнні: чым займаюцца ідэолагі ў цырку?

70
Дармаеды на дзяржабеспячэнні: чым займаюцца ідэолагі ў цырку?

У Беларусі 10 тысяч ідэолагаў. Журналісты спыталі ў гэтых людзей, у чым іх галоўнае прызначэнне.

Ідэолагі працуюць усюды - яны ёсць у кожным калгасе, райвыканкаме або міністэрстве, паведамляе "Еўрарадыё".

Пасаду ідэолага знаходзім нават на "Белпошце"! Галоўнага ідэолага клічуць Мікалай Новікаў. Ідэолаг рэкамендуе "ўзяць любую брашуру аб арганізацыі ідэалагічнай работы на прадпрыемстве і там прачытаць". Але потым Мікалай Георгіевіч усё ж распавядае, у чым прызначэнне ідэолага на "Белпошце".

"Арганізацыя ды ідэалагічнае забеспячэнне, і кантроль, і аказанне дапамогі ў развязанні сацыяльных пытанняў. І арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўна-аздараўленчых, і праца ў інтэрнаце, і ўзаемадзеянне з прафсаюзам, чырвоным крыжам, і рада ветэранаў, "Белая русь", і БРСМ. То бок, гэта комплекс - задзейнічаць усе гэтыя структуры і рычагі для арганізацыі работы з людзьмі на месцах. Калі не будуць створаныя ўмовы, людзі будуць незадаволеныя", - доўга і незразумела пералічвае Мікалай Новікаў.

Масавік-зацейник, фізрук і кашталян у інтэрнаце - гэта і ёсць ідэалогія?

Але, да прыкладу, у інструкцыі да пасады ні слова аб арганізацыі святаў!

Дарэчы, на сайце Мінпрацы ў агульным банку вакансій журналісты знаходзяць 18 вакансій для ідэолагаў. Прапануюць заробак ад 2,5 да 5 мільёнаў рублёў.

Уладкавацца ідэолагам можна, да прыкладу, у калгас "Серп і молат" у Чавускім раёне на Магілёўшчыне. Заробак абяцаюць не ніжэйшы за 4 мільёны. Патрабаванні - аўто і досвед працы.

"Чым займаецца ідэолаг? Ідэалагічнай працай - пра гэта можна пачытаць у інтэрнэце. Цалкам весці ўсе пытанні: п'янства, алкагалізм, як трэба правільна працаваць. Павінен быць намеснікам старшыні калгасу. Але яго ў нас ніколі не было, таму калі з'явіцца, мы раздрукуем інструкцыю і самі будзем ведаць, што ён павінен рабіць", - распавядаюць у гаспадарцы.

А вось спіртагарэлачны завод "Аквадзіў". Намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Гірс, ён жа намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы і сельгаспытаннях, цяпер у адпачынку. Але ў прыёмнай прадпрыемства пералічваюць абавязкі:

- Ідэолаг займаецца ідэалагічнай працай.

- А якой?

- Вось, людзі звяртаюцца - ён разглядае іх пытанні. Спонсарская дапамога - ён вызначае, каму вылучыць. Арганізацыя культурна-спартыўных мерапрыемстваў.

Зноў не ідэолаг, а культмасавы сектар на прадпрыемстве? Хай бы так і называлі!

Падпіскай на газеты, арганізацыяй святаў, культурных і спартовых мерапрыемстваў займаецца галоўны ідэолаг гомельскага дзяржаўнага цырка Аляксандр Хайкоў. Ёсць нават у цырку такая пасада!

"Падпіска на газеты, і ветэраны ў мяне ёсць - адна ветэран - ёй дапамогу трэба аказаць своечасова. І прапаганда нашага жыцця - самага найлепшага ў свеце. Людзям трэба данесці, так, ёсць хібы нейкія, але агулам мы жывем нармальна. Трэба праводзіць тлумачальную працу. Наш лад жыцця трэба прапагандаваць. Вы глядзіце, колькі наш прэзідэнт кіруе, вы ідзяце па вуліцы свабодна і нічога не баіцеся. Таму што прэзідэнт прыціснуў усякую шушару. Вось такія справы", - кажа ён.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках