29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы памятаем

25
Мы памятаем

Сёння ў Менску пройдзе пікет памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Яны былі выкрадзеныя 16 гадоў таму. Вінаватыя ў злачынстве дагэтуль не пакараныя.

Увечары 16 верасня 1999 г. палітык Віктар Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, і ягоны сябар прадпрымальнік Анатоль Красоўскі прыехалі ў лазню, размешчаную ў Менску на вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму, піша БелаПАН.

Крымінальную справу паводле факта знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці дадзеных аб паходжанні плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных паводле справы довадаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.

Юрыст РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Гары Паганяйла мяркуе, што ўлады не зацікаўленыя ў расследаванні гэтай справы. «Не сакрэт, што гэта было не проста знікненне, Ганчар і Красоўскі былі забітыя, - кажа ён. - Непрыняццем належных мер да расследавання гэтай справы ўлады дэманструюць сваю датычнасць да іх знікнення».

На думку юрыста БХК, рэальнае расследаванне гэтай справы можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існай улады.

Сёння вечарам каля ГУМа актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), у якой быў Віктар Ганчар, плануюць правесці пікет памяці «16 гадоў без Ганчара і Красоўскага». «Заяўка на пікет не падавалася. Пікет пройдзе ў адпаведнасці з артыкуламі 35 Канстытуцыі і 45 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь», - паведаміла прэс-служба АГП.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках