29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Некаторыя школы Горадні скасавалі заняткі польскай мовы

5
Некаторыя школы Горадні скасавалі заняткі польскай мовы

Адміністрацыя школ тлумачыць гэта тым, што заняткі насілі факультатыўны характар і групы набіраліся па колькасці ахвотных.

Аб скасаванні заняткаў па польскай мове ў школах Кастрычніцкага раёна горада Горадні сайту charter97.org паведаміў чытач.

«У школах Кастрычніцкага раёна горада Горадні забаранілі выкладанне польскай мовы, нягледзячы на жаданне бацькоў і іх дзяцей! Вучні школ не змаглі прадоўжыць яе вывучэнне, а настаўнікі засталіся без працы», - піша чытач.

Карэспандэнт charter97.org праверыў гэтую інфармацыю ў намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце гімназій №1, №3 і №4, размешчаных як раз у Кастрычніцкім раёне горада Горадні.

Завуч па вучэбнай рабоце гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага Толкач Людміла Янаўна інфармацыю не пацвердзіла. «У гімназіі №1 факультатыўныя заняткі па польскай мове ў гэтым годзе будуць. Нашы дзеці жадаюць вывучаць польскую мову. На сёння я яшчэ не магу назваць канкрэтную колькасць дзяцей, гэтая інфармацыя пакуль у настаўнікаў. Але ў нас звычайна шмат такіх груп. Польскую мову выкладаюць два настаўнікі і яны забяспечаныя нагрузкай - 40 гадзін на тыдзень. Ёсць групы і сярод малодшых, і сярод старэйшых школьнікаў», - паведаміла Людміла Янаўна.

Яе калега з гімназіі №3 Пятровіч Анжэла Іванаўна, наадварот, пацвердзіла скасаванне факультатываў па польскай мове. «Так, заняткі скасавалі. Гадзіны на польскую мову не вылучаюцца. Раней у нас былі факультатывы, цяпер у нас гадзіны не вылучаюцца, польскай мовы ў нас у школе няма. На падставе чаго прынятая такая пастанова, я сказаць не магу, бо не ведаю, але заняткаў па польскай мове ў нас на сёння няма. Раней, так, былі 2 групы факультатыўнага вывучэння польскай. У гэтым годзе памянялася профільнае навучанне, гадзін вельмі шмат - таму польскай мовы ў нас няма», - паведаміла завуч па вучэбнай рабоце.

Скасаванае вывучэнне польскай мовы і ў гімназіі №4 горада Горадні. Праўда, там адміністрацыя назвала некалькі іншыя прычыны. «Справа ў тым, што польская мова не была навучальным прадметам. Гэта факультатыў. Ён можа быць у кожнай школе толькі тады, калі ёсць заявы ад бацькоў. Калі заяў няма, мы па ўласнай ініцыятыве не можам арганізаваць групы. Другой прычынай можа быць адсутнасць патрэбных спецыялістаў.

У нас на сёння няма заяў на польскую мову. Летась такія групы былі сярод вучняў пачатковай школы. Можа быць, гэтыя дзеці не паступілі ў гэтым годзе ў гімназію, можа, нагрузка ў іх вырасла. Факультатыў даецца толькі тады, калі, згодна з тыпавым вучэбным планам, гэта дазваляе агульная нагрузка. У нас, паводле плану, нагрузка на вучня ў 5-м класе - 27 гадзін вучэбных прадметаў плюс абавязковы факультатыў па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Усяго 28 гадзін. А максімальна дапушчальная нагрузка на вучня ў 5-м класе як раз і складае 28 гадзін. Гэта значыць, больш факультатываў па вучэбным плане ў іх быць не можа», - паведаміла намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце Сеўрукова Ларыса Мікалаеўна.

Нагадаем, што ў траўні гэтага года ўправа адукацыі Ленінскага раёна горада Горадні заявіла пра намер стварыць два расейскамоўныя класы ў школе №36 з польскай мовай навучання. Пры гэтым гарадскія ўлады забаранілі пікеты незадаволеных такім «новаўвядзеннем» бацькоў і вучняў школы.

Палітыка дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ва ўшчамленні правоў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі дазволіла лідару непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліцы Борыс у свой час заявіць пра тое, што «ўлады рыхтуюць ліквідацыю польскіх школ».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках