Дзень беларускай вайсковай славы
13- 8.09.2015, 7:48
- 20,509
Перамога пад Воршай забяспечыла захаванне незалежнасці Вялікага княства Літоўскага.
Гадавіну бітвы, якая мела лёсавызначальнае значэнне для будучыні Усходняй Еўропы, адзначаюць у нашай краіне як Дзень беларускай вайсковай славы.

Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі яго войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30000 літоўскае войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска. Князь, стараста брацлаўскі і вінніцкі, ваявода троцкі да таго часу правёў больш за пяцьдзесят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў.
Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юрый Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі - слуцкі князь Юрый Алелькавіч, Іван Сапега.
Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы па першым геапалітычным падзеле Усходняй Еўропы, якія будавалі маскоўскі цар і імператар Святой Рымскай імперыі. Паводле іх Вялікае княства Літоўскае павінна было спыніць сваё існаванне ў якасці незалежнай дзяржавы, а яго землі - адысці да Масквы.
У бітве пад Воршай наша краіна адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскага княства. Бітва сарвала вялікі хаўрус Святой Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе нямецкі імператар адмовіўся ад хаўрусу з Масквой, а ўступіў у хаўрус з вялікім князем Літоўскім і польскім каралём.
Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 у Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 жаўнераў запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі ўціскаліся з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.