23 красавiка 2024, aўторак, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідары хрысціянскіх канфесій Беларусі правялі супольнае набажэнства ў Менску

6

У менскай каталіцкай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 23 студзеня адбылося экуменічнае набажэнства.

Супольная служба скончыла тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які штогод адзначае Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце, паведамляе krynica.info.

У набажэнстве ўзялі ўдзел арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Менскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Аляксандр Шымбалёў, пастар гарадзенскай абшчыны святога Яна Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў, намеснік старшыні Саюза Евангельскіх Хрысціян - Баптыстаў біскуп Аляксандр Лотараў, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаёк, біскуп-памочнік Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Кожны з прысутных выказаўся за наладжванне сувязей, якія ў перспектыве павінны прывесці да сапраўднага адзінства.

Адкрываючы набажэнства, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што прычына, з якой у храме сабраліся прадстаўнікі розных канфесій, відавочная: «Мы ўсе верым у адно і тое ж Евангелле».

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў важнасць атрымання спадчыны Божай у жыцці кожнага хрысціяніна. «Евангелле прыходзіць у наша жыццё і зменьвае яго. Калі ўсе хрысціяне будуць ісці з такім пасылам па жыцці, то ўсе будуць у адным і будуць ісці адзін за адным», - адзначыў ён. А архімандрыт Сяргей Гаёк заклікаў да штодзённага разважання над Божым Словам, адзначаючы важнасць Бібліі.

Выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў падкрэсліў, што прызначэнне хрысціянаў у тым, каб распавядаць пра Хрыста, і каб Евангелле з'явілася ў іншых людзей не толькі на кніжных паліцах, але і ў душы.

Кульмінацыяй экуменічнага набажэнства было запальванне свечак ад адзінага зніча.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках