19 красавiка 2024, Пятніца, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Вайтовіч: Крызіс у беларускай навуцы будзе толькі нарастаць

6
Аляксандр Вайтовіч: Крызіс у беларускай навуцы будзе толькі нарастаць
ФОТА З САЙТА EUROBELARUS.INFO

За апошнія 20 гадоў у беларускай навуцы пазітыўных трансфармацый не адбываецца.

У апошнюю нядзелю студзеня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень навукі. Чаму стан нашай навукі стала пагаршаецца і ці ёсць імавернасць, што найбліжэйшым часам стагнацыя перарасце ў развіццё? З гэтымі пытаннямі «ЕўраБеларусь» звярнулася да экс-прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук, акадэміка Аляксандра Вайтовіча:

- Я з гэтай нагоды прытрымліваюся песімістычнага пункту гледжання, бо ніякіх прыкмет таго, што сітуацыя ў беларускай навуцы будзе паляпшацца, не існуе. Няма павелічэння фінансавання навукі, працэнт навукаёмістасці ВУП у нас па-ранейшаму вельмі нізкі, у межах 0,7-0,8%, аснашчэнне абсталяваннем у навуцы вельмі дрэннае. Але галоўнае - няма праграмы, у адпаведнасці з якой можна было б нешта паляпшаць у навукова-тэхнічнай сферы. Фактычна адсутнічае навуковая палітыка дзяржавы, добра абмеркаваная, вывераная, прадуманая. Усё гэта мне дае падставу скептычна ставіцца да таго, што нешта да лепшага найбліжэйшым часам у беларускай навуцы зменіцца.

- Ці можна меркаваць, што беларуская навука з'яўляецца закладніцай беларускай эканомікі?

- Так. І апошнім часам эканоміка Беларусі перажывае жорсткі крызіс. І ў гэтай сітуацыі зразумела, што не будзе ўжыта ніякіх захадаў, каб падтрымаць навуку адмыслова. Але з іншага боку, у краіне таксама адсутнічае і зразумелая эканамічная палітыка. Няма праграмы развіцця эканомікі. Як мы дзейнічалі 20 гадоў у адным кірунку, так і дзейнічаем дагэтуль і нічога не хочам мяняць. Раздаюцца толькі заклікі захаваць усе так, як было. Але жыццё ідзе наперад. І захоўваць усё як было 20 гадоў таму - наогул нікуды не годна.

- Як вы мяркуеце, ці можа існаваць праграма развіцця навукі без праграмы развіцця эканомікі?

- Гэта павінна быць супольная праграма. Таму што навука - галіна, якая ў вялікай ступені фінансуецца з бюджэту. А з другога боку, навука і эканоміка павінны ісці ў нагу з навукова-тэхнічным прагрэсам, з інавацыямі. Але ў нашай эканоміцы нічога новага, істотнага за 20 гадоў не створанае. Як было машынабудаванне асноўнай галіной беларускай прамысловасці, так і застаецца. Як была адным з асноўных кірункаў перапрацоўка цяжкай расейскай нафты, так і застаецца. Як была стаўка на нашы нетры, прынамсі, калійныя ўгнаенні, так і застаецца. І нічога новага за 20 гадоў не створана. А калі мы паглядзім на іншыя краіны, то за гэты час яны стварылі найноўшыя галіны. Вось паглядзіце, усе цяпер карыстаюцца кампутарамі і ноўтбукамі з экранамі на вадкіх крышталях. Іх стварыла Паўднёвая Карэя. Я вас запэўніваю, што іх магла б стварыць Беларусь. Але ў нас адсутнічала адпаведная дзяржаўная палітыка.

- Атрымліваецца, што абвешчаны на ўрачыстасцях, якія прайшлі ў НАН Беларусі ў пятніцу з нагоды Дня беларускай навукі дэвіз: «Навука - эканоміцы ведаў», не больш чым лозунг?

- Так. Агучванне лозунгаў ды іншых добрых намераў, яно павінна заканчвацца праграмай дзеянняў. А мы спыняемся толькі на гучных заявах. І ўсё. І так 20 гадоў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках